Карбалевіч: Лукашэнка сыдзе ў 2025 годзе? Баюся, ня з нашым шчасьцем
Усе прагнозы пра магчымае абмежаваньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і завяршэньне палітычнай карʼеры Аляксандра Лукашэнкі праз шэсьць гадоў вельмі няпэўныя, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Сьцісла
Вакол магчымых зьменаў Канстытуцыі ўзьнік вялікі ажыятаж у палітызаваным асяродзьдзі.
Экспэрты лічаць, што новы Асноўны Закон Лукашэнка рыхтуе дзеля свайго пераемніка.
Цяжка паверыць, што Лукашэнка добраахвотна калі-небудзь пакіне ўладу.
Навошта дзеля пераемніка абмяжоўваць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы?
Нельга выключаць верагоднасьць, што Лукашэнка можа памяняць Канстытуцыю дзеля сябе.
Развагі пра зьмену Канстытуцыі
15 сакавіка ў Беларусі лічыцца дзяржаўным сьвятам — Днём Канстытуцыі. Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня прыняцьця першага Асноўнага Закону незалежнай краіны. Аднак пакуль няма ніякіх прыкметаў, што юбілей — чвэрць стагодзьдзя — улады зьбіраюцца ўрачыста сьвяткаваць. Больш прыкметаў, што рыхтуецца ўрачыстае сьвяткаваньне 25-годзьдзя прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
Мяркуючы па ўсім, кіраўнік Беларусі зьбіраецца трэці раз памяняць тую Канстытуцыю, якая была прынятая 15 сакавіка 1994 году. Два тыдні таму, 1 сакавіка, падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка, адказваючы на пытаньне майго калегі Валянціна Жданко, сказаў:
— Сёньня я схільны да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць. Нам давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады, выканаўчую, заканадаўчую. Можа, нешта, але пасьля сурʼёзнага аналізу, трэба будзе распачаць па выбарчай сыстэме. Уводзіць ці ня ўводзіць прапарцыйную сыстэму або спыніцца на мажарытарнай.
Гэтыя развагі кіраўніка дзяржавы выклікалі шмат камэнтароў у экспэртнай супольнасьці. На гэтую тэму выказаліся Арцём Шрайбман, Пётра Рудкоўскі, Аляксандар Класкоўскі, Юры Дракахруст.
Калі плянуюцца зьмены
Лукашэнка патлумачыў, калі ён зьбіраецца уносіць гэтыя зьмены. Паводле ягоных развагаў, гэта павінна адбыцца пасьля бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў. Зьмены тычацца сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, а таму паводле дзейнай Канстытуцыі такія праўкі можна ўносіць толькі праз рэфэрэндум. З ранейшага досьведу вядома, што ўлады стараюцца правесьці рэфэрэндум адначасова з выбарамі. Калі так, то мясцовыя выбары ў краіне павінны прайсьці у 2022 годзе, парлямэнцкія — альбо у 2023 г. (калі бліжэйшыя адбудуцца гэтым годам), ці ў 2024 (калі выбары Палаты прадстаўнікоў пройдуць паводле заканадаўства ў 2020 г.).
Варта зьвярнуць увагу на такі нюанс. Лукашэнка разважае пра тое, што ён будзе рабіць пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Для яго яны проста бюракратычная працэдура, а не сапраўдны выбар народу.
Зьмены дзеля пераемніка?
Аднак больш цікавае пытаньне — навошта спатрэбіліся Лукашэнку зьмены ў Канстытуцыі? Большасьць экспэртаў прыходзіць да высновы, што новы Асноўны Закон дзейны кіраўнік рыхтуе дзеля свайго пераемніка, паўнамоцтвы якога будуць абмежаваныя. І гэта значыць, што у 2025 годзе ён сыходзіць. Да такіх прагнозаў падштурхоўвае і ягоная фраза падчас той жа «Вялікай размовы»: «Абяцаю, на той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць».
Здаецца, усё лягічна. Але... Ёсьць пэўныя сумневы, што падзеі будуць разгортвацца менавіта па такой схеме.
Ці можна ўявіць Лукашэнку без улады?
Па-першае, цяжка паверыць, што Лукашэнка добраахвотна калі-небудзь пакіне ўладу. Можа, цяпер ён так і мяркуе. Але калі настане час сыходзіць, то можа перадумаць. Бо для яго ўлада — гэта наркотык. Да таго ж няма гарантыі, што пасьля сыходу зь ім не паспрабуюць зьвесьці рахункі людзі, якіх ён пакрыўдзіў. А за 30 гадоў кіраваньня такіх людзей набярэцца цэлы полк, калі не дывізія. Любыя заканадаўчыя, нават, канстытуцыйныя гарантыі недатыкальнасьці ненадзейныя, іх як прынялі, так у любы момант могуць і адмяніць. Былы дыктатар Чылі Аўгуста Піначэт збудаваў шматузроўневую сыстэму абароны сваёй асобы, аднак ад турмы яго ўратавала толькі сьмерць.
Вось цяжка хворы прэзыдэнт Альжыру Абдэльазіз Бутэфліка адмовіўся балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін толькі пад ціскам масавых народных пратэстаў. Можна ўзгадаць, як абвясьцілі выбраным на новы тэрмін прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэса, які ў той час ужо ляжаў у коме. Здаецца, гэта больш падобна да беларускага выпадку.
Чаму пераемніку трэба абмяжоўваць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы?
Другое пытаньне, якое ўзьнікае ў зьвязку з гэтым: навошта трэба абмяжоўваць пераемніку прэзыдэнцкія паўнамоцтвы? Вось Юры Дракахруст піша, спрабуючы рэканструяваць лёгіку Лукашэнкі, што любы яго наступнік будзе слабейшы за дзейнага кіраўніка, і для яго шапка Манамаха акажацца занадта цяжкай, таму, каб прадухіліць «вайну ўсіх супраць усіх», паўнамоцтвы новага прэзыдэнта трэба абмежаваць.
Але каб палітык, слабейшы за Лукашэнку, мог утрымаць уладу, то якраз забіраць у яго паўнамоцтвы і нельга. Бо моцны палітык сам забярэ сабе ўладу нават і зь невялікімі паўнамоцтвамі. Як вядома, уладу не даюць, уладу бяруць. А вось для слабога якраз і патрэбныя прававыя, канстытуцыйныя падпоркі. Зь іншага боку, якраз вайна ўсіх супраць усіх у краіне зь няўстойлівымі дэмакратычнымі традыцыямі і пачынаецца ў сытуацыі падзелу ўладаў. Як гэта адбывалася ў Беларусі ў 1994–1996 гадах. Тады быў самы востры палітычны канфлікт у гісторыі краіны, калі тузаліся прэзыдэнт, Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд.
А раптам Лукашэнка плянуе канстытуцыйныя зьмены дзеля сябе?
Трэці момант. Паглядзім на рэтраспэкцыю гэтага пытаньня. У інтэрвію Лукашэнкі кітайскім СМІ ў студзені 2012 году ён заявіў: «Нам трэба зьвярнуць сурʼёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сыстэмы нашай краіны».
Прайшло чатыры з паловай гады. 7 кастрычніка 2016 году, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць карэктаваньня Канстытуцыі. У 2017-м, пачатку 2018 году з вуснаў высокіх чыноўнікаў, у прыватнасьці Лідзіі Ярмошынай ішлі намёкі наконт магчымых канстытуцыйных зьменаў, прычым чакаўся рэфэрэндум. Дарэчы, пра гэта казаў у інтэрвію Ўладзімер Макей. Сам Лукашэнка даручыў Канстытуцыйнаму суду заняцца гэтай справай.
Усе чакалі пасланьня, спадзеючыся, што кіраўнік дзяржавы ўнясе яснасьць у гэтае пытаньне. Але здарылася неспадзяванка.
Выступленьне Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе 24 красавіка 2018 году супала з разгарам масавых пратэстаў у Ерэване супраць намеру тамтэйшага аднаасобнага лідэра Сержа Саргсяна падоўжыць сваё знаходжаньне пры ўладзе, зьмяніўшы Канстытуцыю. І там прагучаў спантанны экспромт кіраўніка Беларусі, дзе ён перавярнуў сытуацыю дагары нагамі. З яго рэплікі вынікала, быццам гэта ня ён, а апазыцыя, палітычныя праціўнікі патрабуюць зьмены Канстытуцыі і правядзеньня рэфэрэндуму. Лукашэнка ўвязаў у адзін пакет адмаўленьне плянаў праводзіць рэфэрэндум з армянскімі падзеямі і заявіў: «Калі нехта разьлічвае, што мы прымем Канстытуцыю і гэтым самым створым падмурак для нашых майданаў і майданутых, гэтага ў краіне ня будзе, пакуль я прэзыдэнт».
І вось на гэты момант варта зьвярнуць асаблівую ўвагу. З палітычнымі пратэстамі апошнія 25 гадоў у Беларусі выступае толькі дэмакратычная апазыцыя. Але чаго б гэта беларускім дэмакратам пратэставаць супраць уразаньня паўнамоцтваў прэзыдэнта, стварэньня сыстэмы стрымліваньняў і проціваг у дзяржаўным кіраваньні (а менавіта такія зьмены анансаваў Лукашэнка)? Наадварот, якраз пра гэта яны і мараць. Дэмакратычная апазыцыя магла б пратэставаць толькі пры ўмове, калі б у новую Канстытуцыю былі ўключаныя палажэньні пра новыя мэханізмы ўзурпацыі ўлады дзейным кіраўніком. Як тое і адбылося у Армэніі. Дык, мусіць, якраз такія палажэньні і меркавалася ўносіць у Канстытуцыю? Напрыклад, пра падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 6–7 гадоў? А калі так, то ці сапраўды для пераемніка Лукашэнка рыхтуе новую Канстытуцыю?
Я б вельмі хацеў памыліцца. Але, баюся — ня з нашым шчасьцем.
Как мой дедушка по телевизору Лукашенко смотрел
Шрайбман: «Чувствовалось, что разговор президента тяготит. Оживлялся он всего пару раз»
Читайте еще
Избранное