Политика

Карбалевiч: «Лукашэнка сваіх дзіцячых прыхільнасьцяў не мяняе»

Беларуска-кубінскія адносіны — гэта ў чыстым выглядзе ідэалёгія, нават псыхалёгія, настальгія па савецкіх часах без аніякага дамешку прагматызму.  Пiша Валер Карбалевiч на Радыё Свабода.

Гэта першы замежны візыт Мігеля Марыё Дыяс-Канэля Бермудэса ў статусе прэзыдэнта Кубы. Такую пасаду вярнулі па выніках канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які адбыўся ў лютым бягучага году. Прычым — нечуваная рэч для дыктатарскага рэжыму — Канстытуцыя Кубы абмяжоўвае знаходжаньне на пасадзе кіраўніка дзяржавы двума тэрмінамі па пяць гадоў.

Прэзыдэнтам Мігеля Дыяс-Канэля выбраў парлямэнт. Дасюль амаль год ён займаў пасаду старшыні Дзяржаўнай Рады Кубы і фактычна быў кіраўніком дзяржавы. Але Дыяс-Канэль не паўнаўладны кіраўнік сваёй краіны. Ён дзеліць уладу зь Першым сакратаром ЦК Кампартыі Кубы Раулем Кастра.

Мігель Дыяс-Канэль не адмыслова прыляцеў у Менск. Ён ладзіць тур па эўрапейскіх краінах, які будзе ўключаць афіцыйныя візыты ў Ірляндыю, Беларусь і Расею. Кіраўнік Кубы возьме таксама ўдзел у XVIII саміце Руху недалучэньня, які адбудзецца ў Баку 25 і 26 кастрычніка.

Аб’ём гандлю паміж Беларусьсю і Кубай настолькі малы, што пра яго нават сьмешна ўзгадваць. У 2018 годзе ён склаў 16,8 млн даляраў, пры гэтым беларускі экспарт — 15,5 млн даляраў.

Прычына такога стану відавочная. Куба — вельмі бедная краіна, даведзеная камуністычным экспэрымэнтам і дыктатурай братоў Кастра да жахлівага стану. Ёй элемэнтарна няма чым плаціць за беларускую прадукцыю. Таму Беларусь мусіць выдзяляць Кубе крэдыт, каб тая за яго магла купіць беларускія тавары. Гэтым займаецца Банк разьвіцьця Беларусі. Цяпер ідуць перамовы наконт адкрыцьця тым жа банкам другой крэдытнай лініі для кубінскага боку, каб прадаць туды хоць некалькі трактароў і аўтамабіляў.

Таму беларуска-кубінскія адносіны — гэта не пра эканоміку, не пра гандаль. На гэтым кірунку аніякіх пэрспэктываў. Тут дзейнічаюць іншыя чыньнікі.

Прымаючы Мігеля Дыяс-Канэля, Аляксандар Лукашэнка адзначыў: «Я добра быў знаёмы зь Фідэлем Кастра. У мяне да гэтага часу прыемныя ўражаньні ад сустрэч зь ім, перамоваў. Я вельмі часта прыводжу гэтага чалавека ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў. Гэта быў вялікі чалавек...»

Пазнаёміліся яны ў 2000 годзе. Тады Лукашэнка прылятаў у Нью-Ёрк на «Саміт тысячагодзьдзя» ААН і па дарозе наведаў Кубу. Гэта быў час, калі замежная палітыка Беларусі грунтавалася на саюзе з краінамі-ізгоямі, якія былі пад заходнімі санкцыямі. Гэта Куба, Югаславія, Іран, Ірак, крыху пазьней — Вэнэсуэла.

Гэта быў такі трохі віртуальны саюз дыктатараў, якія праводзілі антыамэрыканскую, антызаходнюю палітыку. Той умоўны саюз даўно распаўся, аднак засталіся ідэалягічныя сымпатыі, палітычная роднасьць недэмакратычных рэжымаў.

Стаўленьне да Кубы было таксама ў значнай ступені абумоўлена ўспамінамі Лукашэнкі пра савецкія часы, калі мэдыі і афіцыйная прапаганда шмат апавядалі пра «Востраў Свабоды» і яго легендарнага «камандантэ». Для Лукашэнкі, як і ўсіх савецкіх людзей, вобраз Фідэля быў ахінуты гераічным арэолам. З таго часу прайшло шмат гадоў, зьмянілася эпоха, палымяны рэвалюцыянэр Фідэль даўно ператварыўся ў банальнага, хоць і экстравагантнага дыктатара, давёўшы насельніцтва сваёй краіны да жабрацтва. Ён памёр у 2016 годзе.

Але Лукашэнка сваіх дзіцячых прыхільнасьцяў не мяняе. Вось і цяпер ён паўтарае ўсе савецкія стэрэатыпы, ужывае тую ж стылістыку: «гераічная Куба»; «рэвалюцыйная, стойкая, мужная Куба»; «Куба заўсёды была і застаецца для нас прыкладам мужнасьці, стойкасьці і вернасьці сваім ідэалам». Хоць якім прыкладам можа быць краіна з картачнай сыстэмай, дзе народ вядзе паўгалоднае існаваньне?

Таму беларуска-кубінскія адносіны — гэта ў чыстым выглядзе ідэалёгія, нават псыхалёгія, настальгія па савецкіх часах без аніякага дамешку прагматызму. Рэдкая сытуацыя, калі цэлы замежнапалітычны кейс грунтуецца на сьветапоглядзе аўтарытарнага лідэра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(32)