Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Карбалевіч: «Колькасьць тых, хто не падтрымлівае ўладу і ня верыць у выбары, значна павялічылася»

8 высноваў на падставе назіраньня за мясцовымі «выбарамі».

Фото Сергея Балая

1. І ўражаньні актывістаў ад камунікацыі з насельніцтвам, і нізкая яўка даюць падставы для сьцьвярджэньня, што колькасьць людзей, якія не падтрымліваюць дзейную ўладу і ня вераць у тое, што выбары могуць нешта зьмяніць, значна павялічылася. Гэта цяжка даказаць з дапамогай нейкіх лічбаў, бо зь незалежнай сацыялёгіяй у краіне вялікія праблемы. Але ёсьць адчуваньне нейкага электрычнага поля, якое не вымяраецца нават сацыялягічнымі дасьледаваньнямі.

2. Галоўнай праблемай для ўладаў падчас гэтай выбарчай кампаніі было забесьпячэньне неабходнай яўкі выбарнікаў. Для палітычнага кіраўніцтва колькасьць людзей, якія прыйшлі галасаваць, зьяўляецца паказчыкам даверу грамадзтва да існага рэжыму. Напрыклад, калі яўка будзе ніжэйшай, чым раней, то гэта можна трактаваць як зьніжэньне падтрымкі ўлады. Таму для мясцовай вэртыкалі забесьпячэньне патрэбнай лічбы ўдзельнікаў галасаваньня было доказам палітычнай ляяльнасьці і эфэктыўнасьці.

Атрымліваць патрэбны вынік улады навучыліся. Створаная ў Беларусі выбарчая машына добра адладжаная, даведзеная да аўтаматызму, працуе бяз збояў і ў любы момант гатова забясьпечыць патрэбны вынік. Незалежныя назіральнікі могуць толькі канстатаваць непразрысты падлік галасоў. Пра маштаб фальсыфікацый падчас гэтай працэдуры можна толькі здагадвацца.

А вось зь яўкай узьнікла цяжкасьць. Насельніцтва ўпарта ня хоча ісьці галасаваць, бо ня бачыць у гэтым сэнсу. Ранейшыя мэханізмы мабілізацыі, як, напрыклад, прымус да датэрміновага галасаваньня, ужо не працуюць так эфэктыўна, як раней, асабліва ў буйных гарадах. Выбарчыя ўчасткі зьзялі сваёй пустатой.

А з другога боку, адзінае, што маглі дакладна пракантраляваць незалежныя назіральнікі, гэта якраз яўку. Людзей, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, лёгка палічыць.

У выніку разрыў паміж афіцыйнымі дадзенымі яўкі і высновамі назіральнікаў стаў вялікі, як ніколі раней. Што дало падставу кіраўніцтву незалежнага назіраньня назваць гэтыя мясцовыя выбары самымі бруднымі ў гісторыі.

3. У барацьбе за яўку і нэўтралізацыю незалежных назіральнікаў улады больш актыўна выкарыстоўваюць мэтады, якія раней прымяняліся эпізадычна. Так, мясцовая вэртыкаль стала актыўна фарміраваць свой корпус ляяльных назіральнікаў, своеасаблівых «цітушак». Іх функцыя палягае ў тым, каб перашкаджаць незалежнаму назіраньню, дэзавуяваць яго высновы. «Цітушак» павінна быць больш, чым сапраўдных назіральнікаў, каб задушыць апошніх масай і псыхалягічным ціскам. У некаторых гарадах падрыхтавалі нават спэцыяльныя блянкі, у якіх гэтыя так званыя «назіральнікі» ад улады сьцьвярджалі, што выбары праходзяць выдатна, ніякіх парушэньняў няма. То бок, відаць сыстэмная праца ўладаў. Як той казаў, гэтую б энэргію ды ў мірных мэтах.

4. На гэтых выбарах мы ўбачылі даволі новую для Беларусі зьяву — выбарчыя «карусэлі». Гэта калі групы людзей пераходзяць ад участка да ўчастка і там галасуюць, спрабуючы падвысіць яўку.

У сталіцы «карусэль» была арганізавана ў выглядзе спэцапэрацыі. Яе ўдзельнікі мелі ў сваім распараджэньні транспарт, у пашпарце ставіўся спэцыяльны код 000-179, на падставе якога ім давалі бюлетэні для галасаваньня.

Але гэтая апэрацыя пацярпела поўны правал. У Мінску «карусэльшчыкаў» сфатаграфавалі, высьветлілі прозьвішчы, на патрабаваньне лідэраў АГП іх нават адвезьлі ў міліцыю, хоць неўзабаве адпусьцілі. Апазыцыйны актывіст Дзяніс Краўчук правёў уласную спэцапэрацыю, прыкінуўся «карусэльшчыкам», прагаласаваў на трох участках, запісаў гэта на відэа і выклаў яго ў інтэрнэт. І тым самым паказаў, як можа адзін чалавек перайграць усю дзяржаўную машыну.

Станоўчы для ўладаў эфэкт ад «каруселі» невялікі. Бо нават калі «карусэльшчыкі» прыбавяць дзясятак галасоў, гэта ня робіць вялікай пагоды для дасягненьня патрэбнай яўкі.

А вось скандал атрымаўся маштабны. Менавіта «карусэль» апынулася ў цэнтры ўвагі незалежных мэдыя, сацыяльных сетак. На фоне пустэчы прыход на выбарчы ўчастак групы людзей заўсёды прыцягвае ўвагу назіральнікаў. Разгубленыя і нязграбныя камэнтары Лідзіі Ярмошынай паказваюць, што нэгатыўны для ўладаў эфэкт ад «карусэлі» значна перакрыў нейкі пазытыў. Думаю, на наступных выбарах улады адмовяцца ад гэтага мэтаду.

5. Напярэдадні выбараў было шмат прагнозаў экспэртаў, што ўлады працягнуць той экспэрымэнт лібэралізацыі выбараў, якія яны распачалі падчас парлямэнцкай кампаніі, калі прапусьцілі ў Палату прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую. Казалі, што, безумоўна, у Менскім гарсавеце ці абласных саветах апазыцыянэраў ня будзе, а вось у гарадзкіх ці раённых саветах дзесьці ў правінцыі прадстаўнікі апазыцыі зьявяцца ў невялікай колькасьці. Бо, маўляў, трэба ж прадэманстраваць Захаду прагрэс. Дый якая б, здавалася, небясьпека ад аднаго дэмакрата, напрыклад, дзе-небудзь у Ашмянах ці Жыткавічах.

Але ў рэальнасьці ўвесь набытак апазыцыі абмежаваўся прадстаўніком БХД Валерыем Білібухам, які трапіў у сельсавет у Бярозаўскім раёне.

Чаму ўлады махнулі рукой на Эўропу і ўключылі стоп-сыгнал? Думаю, усе пляны парушылі леташнія акцыі «дармаедаў». Яны моцна напужалі. І ўлады зразумелі, што апазыцыйны дэпутат у правінцыі можа стаць цэнтрам кансалідацыі незадаволеных падчас новых акцый.

У выніку ўся стратэгія, напрыклад, кампаніі «Гавары праўду», арыентаваная на паступовую інфільтрацыю іх прадстаўнікоў у органы ўлады, каб гэткім чынам зьмяніць рэжым знутры, падвісае.

6. Рэзка вылучаецца кантраст паміж афіцыйна абвешчанымі вынікамі выбараў і іх рэальнай хадой, паміж барабанным боем дзяржаўнай прапаганды і настроем насельніцтва. Хто паверыў у 77% яўкі? Маштаб разрыву амаль дасягнуў савецкіх часоў. Улады і грамадзтва ўсё больш пачынаюць жыць у паралельных рэальнасьцях, якія ўсё менш перасякаюцца.

7. Кантроль над выбарамі — гэта апошні рубеж, які Лукашэнка будзе абараняць да апошняга. Пад ціскам Захаду, грамадзтва ён можа здаць шмат якія рэдуты, напрыклад, адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Але свабодныя і дэмакратычныя выбары для яго амаль параўнальныя з адстаўкай.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў назіральнікі АБСЭ падрыхтавалі рэкамэндацыі ў зьмене выбарчага заканадаўства. Беларускія ўлады нібыта пагадзіліся імітаваць супрацоўніцтва з Эўропай. Была створаная адпаведная камісія на чале зь Лідзіяй Ярмошынай, падрыхтаваныя нейкія касмэтычныя папраўкі. У сакавіку 2017 г. павінна была прайсьці нарада ў Лукашэнкі па гэтым пытаньні. Аднак здарыліся акцыі недармаедаў, і лібэралізацыю адмянілі. Нарада так і не адбылася. Лукашэнка не захацеў уносіць нават касмэтычных зьменаў у выбарчы працэс.

8. Інстытут выбараў у Беларусі моцна дыскрэдытаваны. Вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія ўпэўнены, што выбарчы працэс — гэта не мэханізм зьмены ўлады, а проста рытуал, дэманстрацыя ляяльнасьці, новая нармальнасьць. І калі апазыцыя апэлюе да грамадзтва, заклікаючы яго падтрымаць патрабаваньне свабодных выбараў, вялікая частка насельніцтва проста не разумее, пра што гаворка. Гэта стварае вялікую праблему нават пры пераходзе да дэмакратыі.

Выгодно ли властям менять главу ЦИК? «У Ермошиной появилась вальяжность»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)