Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Карбалевіч: Дэпутаты дакументу ў вочы ня бачылі, але нешта актыўна «абмяркоўвалі» і ўхвалялі

Скандал з адмовай Расеі кампэнсаваць страты за падатковы манэўр моцна паўплываў на фармат і працэдуру прыняцьця бюджэту на наступны год.

Асноўныя тэзісы

Сёлета бюджэт прымаецца з парушэньнем Бюджэтнага кодэксу па тэрмінах

Палата прадстаўнікоў паставілася да зацьвярджэньня бюджэту фармальна

Даходы бюджэту Беларусі моцна залежаць ад нафты. Давядзецца эканоміць

У іншых краінах дзяржаўны бюджэт на чарговы фінансавы год — ледзь не асноўны дакумэнт пасьля Канстытуцыі. І яго прыняцьце — галоўная падзея палітычнага жыцьця. У парлямэнце і вакол яго кіпяць бурлівыя жарсьці. Партыі, карпаратыўныя саюзы, лабісцкія групы спрабуюць адстаяць свае матэрыяльныя інтарэсы.

У Беларусі ўсё па-іншаму. Тут прыняцьце бюджэту — фармальная, тэхнічная працэдура, якая ажыцьцяўляецца насьпех, часта з парушэньнем рэглямэнту. Менавіта так адбылося і сёлета.

Хачу нагадаць, што згодна зь Бюджэтным кодэксам закон аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год павінен прымацца не пазьней за 1 сьнежня папярэдняга году. Сёньня ўжо 18 сьнежня, а праект бюджэту толькі абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні. Такое зацягваньне выклікана няпэўнасьцю з кампэнсацыяй за падатковы манэўр. Беларускія ўлады чакалі, колькі грошай дасьць Расея. Але не дачакаліся. Відаць, Лукашэнка ня надта спадзяецца на плянаваную сустрэчу з Пуціным 25 сьнежня, таму бюджэт прымаецца без уліку расейскай кампэнсацыі.

Толькі 17 сьнежня Лукашэнка з кіраўніцтвам ураду ўзгадніў канчатковы варыянт дзяржаўнага бюджэту. І ў той жа дзень пасьля абеду адбылося нулявое чытаньне гэтага дакумэнту ў Палаце прадстаўнікоў. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што дэпутаты абмяркоўвалі гэтае пытаньне, ня маючы перад вачыма самога праекту бюджэту. Уявіце: ніякага дакумэнту на руках няма, чальцы Палаты прадстаўнікоў яго ў вочы ня бачылі, але нешта актыўна «абмяркоўвалі» і ўхвалялі. Гэта сьмешна, але ў Беларусі з гэтага даўно ніхто не сьмяецца. Вось у аўторак 18 сьнежня праект бюджэту нарэшце зьявіўся, але дэпутаты проста ня мелі часу хаця б прагледзець гэты шматстаронкавы дакумэнт.

Каб бюджэт выйшаў прафіцытны, улады каторы год прымяняюць такі ход. Яны плянуюць даходы, прагназуючы заніжаны кошт нафты. Наступным годам закладаецца лічба 60 даляраў за барэль. Але гэтым разам улады могуць і пралічыцца. Бо сёньня нафта каштуе 58 даляраў.

Усё гэта паказвае, як моцна беларускі бюджэт залежыць ад нафты. Таму такія жарсьці вакол падатковага манэўру. Ці шмат траціць Беларусь? Называюцца розныя лічбы, ажно да 10 млрд даляраў да 2024 году. Але яны моцна залежаць ад усясьветных цэнаў на нафту, якія цяжка паддаюцца прагнозу.

Нават страты наступным годам ацэньваюцца па-рознаму. Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч адзначыў, што ў 2019 годзе Беларусь страціць ад расейскага падатковага манэўру 600 млн рублёў. Гэта прыкладна 300 млн даляраў. А Лукашэнка падчас абмеркаваньня бюджэту 17 сьнежня заявіў, што наступным годам «мы можам страціць каля 400–500 млн даляраў». Амаль у 1,5 раза больш.

Якое выйсьце? Што трэба рабіць, каб кампэнсаваць выпадзеньне 10 млрд даляраў? Здавалася б, першае, што ляжыць на паверхні, — гэта мяняць эканамічную сыстэму, пераходзіць ад рэнтнай да інавацыйнай мадэлі эканомікі.

Аднак адзінае, што прапанаваў Лукашэнка падчас нарады 17 сьнежня, гэта заклік да эканоміі. То бок — давайце зацягваць паясы.

Заико: «При наших показателях инфляции все цифры в бюджете плавают, как кошки в проруби перед Рождеством»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)