Карбалевіч: «Беларусь стала палігонам для вяртаньня старых тэхналёгій мінулых вякоў»

Трэба было здарыцца падзеям мінулага году, каб змыць з вобразу рэжыму ўсю вонкавую рэспэктабэльнасьць і агаліць існасьць.

— У вядомым фільме часоў гарбачоўскай перабудовы «Пакаяньне» аднаго з герояў, ахвяру сталінскіх рэпрэсій, абвінавацілі ў змове з мэтай пракапаць тунэль «ад Бамбэя да Лёндана», — адзначае палітолаг Валер Карбалевіч. — Гэтая кіношная мэтафара павінна была паказаць увесь абсурд тых часоў. Хоць тагачаснае жыцьцё давала шмат рэальных падобных прыкладаў. Калі, напрыклад, чалавека прызнавалі шпіёнам адразу некалькіх замежных выведак, іншы раз да дзясятка.

І мала хто думаў, што тыя часы прававога абсурду вернуцца ў сучаснай Беларусі. Пра кур’ёзныя абвінавачваньні апошніх месяцаў можна напісаць цэлую кнігу. Возьмем толькі апошнія выпадкі. Людзей судзілі за шкарпэткі не таго колеру, за «няправільную» песьню, за тое, што сабраліся ў саўну ў Жодзіне. Пэўна, нашы нашчадкі з такім жа зьдзіўленьнем будуць успамінаць пра сёньняшнюю беларускую кафкіянскую рэальнасьць, як мы пра 1937 год.

Яшчэ адна аналёгія с тымі часамі — гэта стаўленьне да палітвязьняў. Ім створаны значна горшыя, часта невыносныя ўмовы ўтрыманьня, чым зладзеям, бандытам, гвалтаўнікам. У сталінскім ГУЛАГу таксама крымінальнікі мелі значныя льготы ў параўнаньні з «палітычнымі». Больш за тое, была прапанавана цэлая канцэпцыя, што крымінальнікі — гэта «сацыяльна блізкія», бо яны рабоча-сялянскага паходжаньня, таму, адрозна ад «ворагаў народу», могуць «перакавацца».

І сёньняшняя рыторыка дзяржаўных мэдыя нагадвае рэзалюцыі мітынгаў 1937 году.

Для ўсіх стала нечаканасьцю, як краіна ў цэнтры Эўропы ў ХХІ стагодзьдзі можа хутка і раптоўна праваліцца ў амаль стогадовую даўніну. Трэба было здарыцца падзеям мінулага году, каб змыць з вобразу рэжыму ўсю вонкавую рэспэктабэльнасьць, агаліць існасьць.

Пазбаўленьне званьняў 86 былых вайскоўцаў — таксама важны сымбалічны знак, які адлюстроўвае эвалюцыю беларускай улады. Гэта ня толькі помста сілавікам у адстаўцы, але і папярэджаньне, запужваньне дзейных. Пры гэтым заўважце: рэжым прывязвае да сябе сілавікоў не дадатковымі стымуламі (для гэтага няма рэсурсаў), а толькі страхам пакараньня.

Гвалт як дадатковы чыньнік у дзейнасьці любой дзяржавы ў Беларусі зрабіўся ня проста асноўным, а фактычна адзіным інструмэнтам палітыкі, дзяржаўнага кіраваньня. Прычым улады гэтага не саромеюцца, не хаваюць, не апраўдваюцца, а робяць дэманстратыўна, напаказ, з задавальненьнем. Чысты гвалт, без усялякіх прымешкаў. Гэта тое, што, напрыклад, робяць з палітычнымі зьняволенымі.

У былыя эпохі пакараньне злачынцаў адбывалася на плошчах. Каб запужаць іншых, навучыць людзей жыць па правілах, законах. Дык вось, здаецца, у сёньняшняй Беларусі гвалт у нейкім сэнсе перастаў выконваць нейкую рацыянальную ролю (напрыклад, каб прадухіліць новыя пратэсты), а ператварыўся ў культ, рытуал, ён стаў ідэалягічным падмуркам, асноўным элемэнтам дзяржаўнай дактрыны, нейкай новай рэлігіяй. Хто сумняваецца — паглядзіце, як ацэньваюць апанэнтаў дзяржаўныя СМІ. Беларусь стала нейкім палігонам для вяртаньня старых тэхналёгій мінулых вякоў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:66)