Карбалевіч: Беларусь атрымала ад Эўразьвязу дыпляматычную пстрычку
Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю Беларусь атрымала ад Эўразьвязу дыпляматычную пстрычку, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
6 лістапада, напярэдадні афіцыйнага сьвяткаваньня ў Беларусі гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, амбасадары заходніх краін дэманстратыўна наведалі Курапаты. Жэст відавочны, паказваючы іх стаўленьне да дзіўнай прыхільнасьці кіраўніцтва Беларусі ідэалягічным сымбалям бальшавізму.
7 лістапада, пакуль міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прысутнічаў на раздачы бясплатных бургераў ад расейскага рэпэра Цімаці, беларуская дыпляматыя атрымала яшчэ адну поўху.
Брусэль нарэшце падтрымаў Вільню ў спрэчцы вакол Беларускай АЭС?
З Брусэлю прыйшла інфармацыя, яшчэ больш непрыемная для афіцыйнага Менску. Гаворка аб пакутніцкім дакумэнце «Прыярытэты партнэрства», які ўжо некалькі гадоў Беларусь і Эўразьвяз ня могуць падпісаць.
Яго блякуе Літва, якая патрабуе спыненьня будаўніцтва Астравецкай АЭС. У змаганьне з атамнай станцыяй Літва ўвесь час імкнулася ўцягнуць Эўразьвяз. Але дасюль фактычна беспасьпяхова. Брусэль усяляк ухіляўся, стаяў у баку і назіраў.
Больш таго, суседняя Латвія разглядае магчымасьць купляць электраэнэргію з гэтай станцыі. Праблема ўпіраецца толькі ў адсутнасьць інфраструктуры перадачы электрычнасьці напрост зь Беларусі на латвійскую тэрыторыю.
Калі б дакумэнт «Прыярытэты партнэрства» ці ўвогуле адносіны зь Беларусьсю былі важнымі для ЭЗ, то ў Брусэля, ці ва ўплывовых краін Эўразьвязу знайшліся б рычагі, каб націснуць на Літву і зьняць яе пярэчаньне. Бо наўпроставай сувязі паміж гэтай дамовай і АЭС няма, гэта даволі штучная прывязка. Але, здаецца, на Літву ніхто асабліва не ціснуў.
Аднак заява эўракамісара па палітыцы суседзтва і пытаньнях пашырэньня Яганэса Гана, здаецца, мяняе акцэнты ў стаўленьні Эўразьвяза да гэтай праблемы. Выступаючы на пасяджэньні камітэта Эўрапарлямента па замежных справах у Брусэлі 7 лістапада, Ган згадаў адносіны з Беларусьсю.
— Наша мэта — завяршыць нарэшце працу над „Прыярытэтамі партнэрства“. У гэтым выпадку вынік залежыць ад таго, ці знойдзем мы рашэньне па АЭС у Астраўцы, — сказаў ён.
То бок, ЭЗ адмовіўся ад пазыцыі нэйтралітэту ў спрэчцы паміж Беларусьсю і Літвой і выступіў у падтрымку Вільні. Так можна трактаваць заяву эўракамісара. Гэта азначае, што сытуацыя з гэтай дамовай канчаткова зайшла ў тупік. Бо, з гледзішча дыямэтральна процілеглых пазыцый Беларусі і Літвы, ніякага «рашэньне па АЭС у Астраўцы не прадбачыцца.
Праблема ў тым, што паміж Беларусьсю і ЭЗ фактычна няма дамоўна-прававой базы. Не сказаць, што гэта моцна перашкаджае разьвіцьцю дачыненьняў. Тым ня менш, Беларусь атрымлівае з бюджэту ЭЗ менш грошай, чым іншыя краіны-чальцы праграмы «Ўсходняе партнэрства».
Калі б Менск і Брусэль падпісалі дакумэнт «Прыярытэты партнэрства», пэўныя фінансавыя рэсурсы ад Эўразьвяза зьявіліся б. Гаворка ідзе пра дзесяткі і нават сотні мільёнаў эўра.
Пстрычка ад аўстрыйца перад візытам Лукашэнкі ў Аўстрыю
І яшчэ адзін цікавы нюанс. Гэтыя непрыемныя для афіцыйнага Менску падзеі адбыліся напярэдадні афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю 12 лістапада.
Цымус у тым, што эўракамісар Яганэс Ган, які выступіў з такой непрыемнай для Беларусі заявай, зьяўляецца прадстаўніком Аўстрыі. Больш за тое, ён чалец Аўстрыйскай народнай партыі, якая атрымала перамогу на выбарах 29 верасьня. З кіраўніком партыі Сэбастыянам Курцам у Лукашэнкі заплянавана рабочая вячэра.
Такі непрыемны «падарунак» госьцю ад гаспадароў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное