Общество
Ігнат Чакацкі, ”Радыё Рацыя”

Каму за 50 аддаюць перавагу беларускім лекам, маладзейшыя — імпартным

Такую выснову зрабілі ў сацыялагічным цэнтры “Люстэрка-Інфа” пасля студзеньскага апытання, прымеркаванага да Году здароўя, якім абвешчаны 2008 год.

Мэтай аднаго з пытанняў да жыхароў Мінска і Мінскай вобласці было высвятленне грамадскай думкі наконт лекаў, што вырабляюцца ў Беларусі і за мяжой.

30% апытаных адказалі, што не бачаць паміж імі розніцы. 15% лічаць, што айчынныя таблеткі ды мікстуры лепей, 29% трымаюцца адваротнага меркавання. А 26% не ўзяліся параўнаць якасць айчынных лекаў з імпартнымі.

Станоўча ацэньваюць нашыя лекі часцей тыя, каму за 50 год і хто мае няпоўную сярэднюю адукацыю ці ніжэй. За імпартныя аналагі выступаюць беларусы ад 18 да 50 гадоў, з вышэйшай адукацыяй.

Між тым беларускія ўлады плануюць павялічыць выпуск у краіне імпартазамяшчальных лекавых прэпаратаў.

Па словах віцэ-прэм’ера Аляксандра Косінца, субстанцыі для вырабу лекаў Беларусь закупляе, як і ншыя краіны, у Індыі і Кітаі. Косінец кажа, што меркаванне пра перавагу замежных аналагаў ёсць “пэўнай псіхалагічнай перашкодай”.

Распрацоўваецца Нацыянальная праграма лекавай бяспекі. Яна будзе скіраваная на тое, каб прадпрыемствы канцэрна “Белбіяфарм” забяспечвалі палову фармацэўтычнага рынку Беларусі. Цяпер доля “Белбіяфарму” на ім складае ўсяго 19%.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)