Общество
Алег Новікаў, Новы час

Каму належыць Арда?

Гэты год пройдзе пад знакам 750-й гадавіны стварэння Залатой Арды. Юбілей можа прынесці нам шмат сюрпрызаў.

Ад Іртышу на ўсходзе да Дуная на захадзе, ад Аральскага мора на поўдні да старадаўніх рускіх зямель уключна. Такую тэрыторыю ахопліваў Улус Джучы (старшы чын Чынгіз-Хана), што пазней гісторыкі пачалі называць Залатая Арда. З часам (Арда існавала да 1459 года) на яе землях паўсталі такія дзяржавы, як Расія, Украіна, Узбекістан, Казахстан і іншыя.

Цяпер няма сумневаў у тым, што для большасці з пералічаных краінаў юбілей стане важнай грамадскай падзеяй. Хаця б таму, што гэта можа абудзіць рэгіянальны гістарычны турызм. Зразумела, будучая гістарычная дата з’явіцца каталізатарам навуковага інтарэсу да гісторыі самай буйной сярэднявечнай дзяржавы Еўразіі.

Але таксама не абыдзецца без спробаў інструменталізаваць спадчыну Арды ў прагматычных мэтах. Усё праз тое, што нечакана ў канцэпце Арды палітычныя эліты пабачылі шмат пазітыву. Гэта выглядае, на першы погляд, трошкі дзіўна. Як ні круці, Арда была сярэднявечнай дзяржавай з адпаведнымі разуменнем годнасці індывідууму. Так, вядомы літаратар Васіль Ян, які вывучаў гэты перыяд, наступным чынам апісвае сцэны прыходу ардынцаў на Русь: «...яны кідалі ў полымя палаючых дамоў дзяцей, вырваўшы іх з рук маці, якіх затым на вачах ва ўсіх гвалтавалі, а затым адрэзалі ім грудзі, успорвалі жываты».

Аднак цяпер Арду трактуюць, як правіла, інакш. Напрыклад, казахскі афіцыёз прадстаўляе Арду як прыклад міжнацыянальнага і рэлігійнага міру. «У Залатой Ардзе, як і ў нашым Казахстане, не было рэлігійных войнаў, у ёй спакойна ўжываліся прадстаўнікі розных канфесій.

Увогуле, карані міжэтнічнай і міжрэлігійнай талерантнасці, характэрнай для незалежнага Казахстану, узыходзяць да нашага агульнага золатаардынскага мінулага», — піша адзін з мясцовых прапагандыстаў. Са спасылкай на сярэднявечныя часы ў Астане намагаюцца апраўдаць існаванне моцнай прэзідэнцкай вертыкалі, і нават дынастычны прынцып перадачы ўлады.

Шмат чаго можна чакаць у наступным годзе і ад суседняга Узбекістану. Тут яшчэ некалькі гадоў таму Рустамжон Абдулаеў выдаў артыкул пра тое, што Узбекістан «мае права быць правапераемнікам усіх дзяржаў, якія з’явіліся на землях Арды».

Сярод краін, на тэрыторыю якіх, на думку Абдулаева, можа і павінен прэтэндаваць Узбекістан, называліся Расія, Казахстан, Кіргызстан, Таджыкістан і Туркменістан. Каментуючы публікацыю, некаторыя сумняваліся ў ментальнай адэкватнасці аўтара. Іншыя звярталі ўвагу на тое, што інтэрнэт-рэсурс, які апублікаваў артыкул Абдулаева, з’яўляецца блізкім да спецслужбаў.

З узбекскай версіяй наўрад ці пагодзяцца ў Кыргызстане. У Бішкеку ў 2015 годзе выйшла кніжка пад характэрнай назвай «Вялікі Чынгіз-Хан быў кыргызам». Фішка тэорыі ў тым, што бацькі заснавальніка дынастыі Чынгізідаў, да якой належаў і Джучы, маўляў, былі этнічнымі кыргызамі.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)