Общество

Кампанія «Будзьма беларусамі!» святкуе гадавіну

Кампанія «Будзьма беларусамі» святкуе гадавіну свайго існавання. За гэты час па ўсёй Беларусі прайшло больш за 900 імпрэзаў: выставы, канцэрты, экскурсіі, літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі. Гледачамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў сталі каля 75000 чалавек у амаль 150 населеных пунктах Беларусі.

Як паведамляе сайт budzma.org, год таму кампанію ініцыявалі дзесяць грамадскіх арганізацый, за год іх колькасць вырасла да 31. Акрамя гэтага, да арганізацыі і правядзення імпрэзаў кампаніі цягам года далучыліся яшчэ 92 “культурныя адзінкі” — арганізацыі і ўстановы, рэдакцыі СМІ і Інтэрнет-рэсурсы, творчыя асобы і калектывы.

Цягам году рэалізаваныя праекты: «Як я стаў беларусам», «Тузін. Перазагрузка», «Паганства», фотаконкурсы «Будзьма беларусамі!» і «Турыстычная Беларусь». Выдадзена цэлая серыя бясплатных дызайнерскіх паштовак «Будзьма!», музычны дыск «The best Folk-modern». Скончана праца над дыскам-двайніком “Budzma the best rock”.

— Не сакрэт, што цэнтрам культурнага жыцця краіны з’яўляецца сталіца. Дзякуючы імпрэзам кампаніі “Будзьма беларусамі!” шмат людзей у рэгіёнах упершыню дазналіся пра розных творцаў і творчых праектаў сучаснай беларускай культуры, — адзначае намесніца старшыні Рады МГА ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская.

Першы год правядзення кампаніі прадэманстраваў: попыт на сучасны беларускі культурны прадукт значна перавышае прапанову. І вырашыць гэтую праблему можна толькі супольнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых бакоў. Паасобку ні грамадскія арганізацыі, ні дзяржаўныя структуры такі попыт задаволіць не ў стане. І толькі аб’яднаўшы намаганні можна данесці да людзей усё багацце сучаснай беларускай культуры, якая з’яўляецца падмуркам для фармавання мадэрнай беларускай нацыі.

— Быць беларусам — гэта клёва! — лічыць журналіст і літаратар Севярын Квяткоўскі. — Гэта сучасна, гэта модна, гэта перспектыўна. Ведаць гісторыю і культуру і бачыць перспектыву — вось што значыць быць беларусам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)