Политика

Камісіі па правядзенні рэферэндуму – закрыты клуб

У Беларусі ўжо сфарміраваны тэрытарыяльныя камісіі па правядзенні рэферэндуму. Шырока распаўсюджана меркаванне, што гэтыя камісіі – нешта накшталт закрытага клуба, у які маюць допуск адны і тыя ж людзі. Народная Воля вырашыла гэта праверыць эксперыментальным шляхам.

Для прыкладу мы ўважліва прааналізавалі склад Барысаўскай раённай камісіі па правядзенні рэферэндуму.

Камісія сфарміравана ў складзе 13 чалавек, узначальвае яе Лілія Чэча.

Спадарыня Чэча – дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. У склад камісіі вылучана раённай арганізацыяй «Белая Русь». На вяршыні Барысаўскай раённай выбарчай піраміды яна з 2019 года, калі адбываліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Уваходзіла ў склад камісіі і падчас прэзідэнцкіх выбараў. Такім чынам, рэферэндум – гэта для яе трэцяя палітычная кампанія ў выбаркаме.

Намеснік старшыні – Аляксандр Мардасаў. Вылучаны групай грамадзян. Але ў звычайным жыцці спадар Мардасаў таксама падначалены спадарыні Чэчы, бо ў тым жа каледжы з’яўляецца загадчыкам аднаго з аддзяленняў. Для яго гэта таксама будзе трэцяя палітычная кампанія ў складзе раённай камісіі.

Сакратар камісіі – Ала Пяцько. Фармальна яна вылучана ў склад тэрытарыяльнай камісіі па рэферэндуме групай грамадзян. Але спадарыня Пяцько з’яўляецца спецыялістам па арганізацыйна-кадравай рабоце грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Такім чынам, у складзе камісіі мы маем ужо як мінімум двух прадстаўнікоў аднаго і таго ж праўладнага грамадскага аб’яднання. І трэцяга чалавека, для якога гэта будзе трэці «прызыў» у раённую выбарчую камісію. Але гэта далёка да сапраўднага барысаўскага рэкардсмена.

Інеса Арыніч у склад камісіі сёлета трапіла ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. І адбылося гэта ажно ў дзясяты (!) раз. Спадарыня Арыніч яшчэ ў 2008 годзе як спецыяліст упраўлення адукацыі райвыканкама ўвайшла ў склад акруговай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і з таго часу мала якую палітычную кампанію прапусціла.

Паўтарыць гэты рэкорд мае шанцы Павел Цырлін, які ўвайшоў у склад раённай камісіі ў восьмы раз.

З некаторым адрывам ад «лідараў» ідзе цэлая «група грамадзян».

Іна Балашова ўзначальвае Сацыяльна-педагагічны цэнтр Барысаўскага раёна. Рэферэндум будзе для яе пятай палітычнай кампаніяй у складзе раённай камісіі. Вылучыў спадарыню Балашову ў камісію Саюз жанчын.

Пятая кампанія і ў Наталлі Злобіч. Што не дзіўна: раней спадарыня Злобіч з’яўлялася галоўным ідэолагам «Барысаўдрэва».

У пяты раз будзе засядаць у раённай камісіі і Юлія Саматыга, дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.

Астатнім да «рэкардсменаў» яшчэ працаваць і працаваць.

У чацвёрты раз у склад раённай камісіі ўвайшла Таццяна Мышлёнак, якая ўзначальвае юрыдычны аддзел райвыканкама. У склад камісіі яе вылучала «група грамадзян».

Трэцяя кампанія будзе ў Наталлі Дзмітрыевай, якую ў склад камісіі вылучыў працоўны калектыў школы №8, у якой яна з’яўляецца дырэктарам.

Упершыню на раённы ўзровень кіравання народным галасаваннем выйшлі: Антаніна Котава, якая ўзначальвае мясцовы прафсаюз работнікаў АПК, і першы сакратар раённага БРСМ Уладзіслава Крагілева.

Ёсць у тэрытарыяльнай камісіі па правядзенні рэферэндуму і трэці навічок. Гэта Марына Несцярэнка. Хоць і фармальна спадарыня Несцярэнка вылучана грамадзянамі, але дзіўным чынам яна мае дачыненне і да старшыні камісіі, і да яе намесніка, бо таксама працуе ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы і займае пасаду намесніка дырэктара.

Гэта законна?

Вытрымка з арт.34 Выбарчага кодэкса:

«Органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш за адну трэць яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Гэта палажэнне не прымяняецца пры фарміраванні ўчастковых камісій, якія ўтвараюцца ў бальніцах і іншых установах аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама за межамі Рэспублікі Беларусь.

У склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну трэць складу камісіі. Гэта палажэнне не прымяняецца пры ўтварэнні ўчастковых камісій за межамі Рэспублікі Беларусь».

Выбарчы кодэкс нібыта прадугледжвае, што ў склад камісіі павінны ўваходзіць людзі розных палітычных поглядаў, прадстаўнікі розных арганізацый і устаноў, а не толькі тыя, хто займае дзяржаўныя пасады.

Што мы маем у Брысаўскім раёне? Тры чалавекі з трынаццаці працуюць у адной установе. Сем з трынаццаці маюць дачыненне да ўпраўлення адукацыі райвыканкама. Дзевяць з трынаццаці маюць дачыненне да райвыканкама. З вялікай верагоднасцю можна выказаць здагадку, што калі не ўсе, то амаль усе члены камісіі ўваходзяць у праўладную грамадскую арганізацыю «Белая Русь».

У складзе камісіі толькі тры новыя асобы: адну з іх кіраўніцтва камісіі ведае асабіста па сумеснай працы, дзвюх астатніх добра ведаюць у райвыканкаме, бо яны прадстаўляюць афіцыйны прафсаюз і праўладную маладзёжную арганізацыю.

Дык пра якую дэмакратыю мы гаворым?

Сітуацыя ў Барысаве цалкам пацвярджае распаўсюджаны тэзіс пра «закрыты клуб». І пра тое, што выбары і рэферэндумы ў Беларусі робяцца рукамі пераважна жанчын. І пра тое, што галоўная роля ў гэтым адведзена настаўнікам. Прычым гэты «клуб» робіцца ўсё больш закрытым, бо нават вылучэнцам праўладных партый месца ў ім не знайшлося. Па крайняй меры калі мы гаворым пра Барысаў.

З афіцыйных трыбун штодня нам кажуць, што рэферэндум па Канстытуцыі – гэта крок да палітычнай рэформы, да пашырэння народаўладдзя, да новага этапу дэмакратызацыі жыцця грамадства. Але тое, як арганізаваны гэты рэферэндум, прымушае думаць не пра крок наперад, а пра крок назад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(17)