Каля Камароўкі прашоў флэш-моб супраць указу №60 (фота)

Ля будынку Камароўскага рынку актывісты моладзевага дэмакратычнага руху ладзілі флэш-моб, накіраваны супраць указу №60 «Аб захадах для ўдасканальваньня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт». У акцыі ўдзельнічалі 7 чалавек.

Адзін з іх быў апрануты ў камізэльку з надпісам «КаГэБэ», а астатнія – у майкі, на якіх былі напісаныя тры літары www, якія сымбалізуюць інтэрнэт.

Маладыя людзі, да якіх былі прывязаныя ланцугі, поўзалі на карачках, нібы сабакі, а хлопец у камізэльцы не даваў ім разьбягацца і ўвесь час цягнуў за ланцужкі. Удзельнікі флэш-мобу пад рогат мінакоў такім чынам дайшлі да ганку Камароўскага рынку, і на гэтым акцыя завяршылася. Але тут да іх падбеглі ахоўнікі, сярод якіх быў заўважаны былы кіраўнік міліцыі Савецкага раёну Менску.

Ахоўнікі пачалі кідацца да фотакарэспандэнтаў, пытацца, хто дазволіў рабіць здымкі і што гэта за акцыя. У выніку ўсё скончылася без затрыманьняў. Удзельнікі акцыі разышліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)