Общество
Аліна Таранік

Каля 100 чалавек пісалі ў Мiнску дыктоўку па-беларуску, некаторыя — нават лацінкай (фота)

У міжнародны Дзень роднай мовы стартавала пятая агульнанацыянальная дыктоўка. Некаторыя пісалі беларускай лацінкай, а сярод удзельнікаў былі і прадстаўнікі амбасадаў.

Дыктавала Алена Анісім

Гэтым разам пісалі патрыятычны тэкст Янкі Купалы «Ліст у рэдакцыю» (1925 год). 21 лютага прайшоў першы этап агульнанацыянальнай дыктоўкі–2012. Другі адбудзецца ў сядзібе грамадскага аб'яднання Таварыства беларускай мовы ў Дзень канстытуцыі 15 сакавіка. Трэцюю напішуць 25 сакавіка – у Дзень Волі.

– Цікавасць да дыктоўкі расце ў геаметрычнай прагрэсіі: яе пішуць ужо ў каледжах, універсітэтах, пішуць нават дэканы, – паведамiў карэспандэнту «Салідарнасці» старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Дарэчы, паводле Уладзіміра Падгола – аўтара ідэі агульнанацыянальных дыктовак – варта было б зладзіць падобнае мерапрыемства і 14 траўня – на чарговую гадавіну рэферэндуму 1995 года, які моцна абмежаваў ужыванне беларускай мовы.

На дыктоўку завіталі таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій. Італьянская амбасада дэлегавала сваю супрацоўніцу беларускага паходжання. Была тут і прадстаўніца чэшскай амбасады.

Скульптар Гэнік Лойка і яго дачка Кіра пісалі на лацінцы

Большасць прысутных на напісанні беларускамоўнага тэкста забіралі свае «рукапісы».

– Некаторыя пакідаюць дыктоўкі на праверку. Але людзі ў асноўным ідуць не столькі для таго, каб іх праверылі ці ўзнагародзілі, – распавяла пра дыктоўку намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. – Сама ўзнагарода ў тым, каб адчуць слова беларускае, каб пачуць яго з вуснаў іншых людзей, пабачыць, што яны не адзінокія ў сваёй празе да беларускай мовы.

Стос дыктовак на праверку

Першую ў 2012 годзе дыктоўку чыталі аж пяць разоў: у ёй прынялі ўдзел амаль 100 чалавек, а таму прыйшлося раздзяліцца на групы.

У чаканні сваёй чаргі

P.S. Карэспандэнт «Салідарнасці» таксама напісала дыктоўку. Не паверыце, але ніводнай памылкі! : )

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)