Комментарии
Уладзімір Някляеў, Фэйсбук

Калі заўтра вайна

Субота. Раніца. У краме, дзе звычайна купляю малако і хлеб, чарга па соль і цукар.

Бяруць, колькі хто панесці можа.

Пытаю мужыка, апошняга ў чарзе: “Заўтра вайна?..”

– А хрэн яго, гэтага вусатага, ведае! Можа, і вайна...

Гучна. На ўсю краму. І ніхто не пярэчыць. У сярэдзіне чаргі міліцыянт, маёр стаіць – галаву ў плечы ўнурыў. Маўчыць.

– З кім ваяваць будзем?

– З рускімі.

– Чаго нам з імі ваяваць?

– Не нам з імі, дык ім з намі.

– За што?

– За грошы! Набраў вусаты і не аддае. Дык зямлю забяруць! Вунь ужо тры дывізіі ў Смаленску паставілі, самалёты свае ў Бабруйск прыгналі.

Тут ужо маёр паварочваецца:

– Вы глупости не говорите...

Мужык, ён старэйшы за маёра, выбухае:

– А ты мне рот не затыкай! Што людзі ні скажуць – вам усё глупасці! Я тут па соль па глупасці стаю? Мы ўсе тут па глупасці?..

– Праўда што, – кажа кабеціна паперадзе міліцыянта. – Мудры знайшоўся. Муж дзяржаўны...

Чарга яўна не на баку маёра – і той нічога не адказвае. Услед за кабецінай, якая ледзьве цягне два кулі солі з цукрам, выходзіць з крамы.

Купляю хлеб, малако, іду дахаты. На рагу вуліцы стаіць на каленях і ўсхліпвае кабеціна. Цэлафанавы куль не вытрымаў цяжару, папяровыя пачакі солі і цукру плюхнулі ў рыжую лужыну, у разлезлы снег. Маёр спрабуе кабеціне дапамагчы, падымае адзін пачак, другі, тыя, намоклыя, рвуцца, рассыпаюцца... І не разабраць у снезе, дзе соль, дзе цукар, дзе народнае глупства – і дзе дзяржаўная мудрасць...

А на вуліцы зіма 2016 года. 25-га года нашай незалежнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)