Политика

«Калі ўлада Беларусі будзе нарывацца, яна і нарвецца». Каму пашкодзяць менскія контрсанкцыі?

Які эфэкт будуць мець меры, прынятыя Менскам у адказ на санкцыі ЭЗ? Ці ўзарвуць беларускія ўлады міграцыйную бомбу ля межаў Эўразьвязу? Чым Масква ўзнагародзіць Лукашэнку за прыпыненьне сяброўства Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве»? На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў Праскім акцэнце на Радыё Свабода адказваюць доктар палітычных навук, кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.

Казакевіч

Прынятыя контрсанкцыі не выглядаюць сур’ёзнымі.

Рэальна адказаць Эўразьвязу Беларусь ня можа — з прычыны малой эканамічнай і палітычнай вагі.

Варта адзначыць: Беларусь прыпыняе свой удзел ва «Усходнім партнэрстве», але не выходзіць зь яго.

Калі чытаць, што пішуць мэдыя ў Эўропе, што гавораць палітыкі і інтэлектуалы — там настрой непрымірымы.

Там лічаць, што «чырвоная мяжа» была пяройдзеная.

Эўразьвяз часта сустракаецца з аўтарытарнымі лідэрамі, якія спрабуюць накінуць яму свае правілы.

Зараз ЭЗ зразумеў, як трэба ім адказваць.

Нешта падобнае рабіў турэцкі лідэр Эрдаган пасьля 2015 году, калі адчыняў мяжу для мігрантаў у Эўропу.

Эўразьвяз не выкарыстоўваў і малой долі таго, што ён можа зрабіць рэжыму ў Беларусі.

І калі беларуская ўлада будзе нарывацца, то яна і нарвецца.

На адказ Менску ЭЗ адкажа ўзмацненьнем ціску.

У 2009 годзе Расея сапраўды пераймалася, калі Беларусь уступіла ва «Усходняе партнэрства».

Але потым сфармаваўся досьвед удзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве, ён быў вельмі абмежаваны.

Я разглядаю прыпыненьне сяброўства ва «Усходнім партнэрстве» як сымбалічны крок.

Мяркую, што і Расея будзе гэта разглядаць гэтак жа.

Карбалевіч

«Усходняе партнэрства» было інструмэнтам канкурэнцыі Эўразьвязу за рэгіён Усходняй Эўропы.

Для Беларусі гэта быў інструмэнт шматвэктарнай палітыкі, прылада балянсаваньня паміж Усходам і Захадам.

Расея была незадаволеная тым, што Беларусь туды ўступіла.

Але шматвэктарная палітыка «загінула сьмерцю храбрых».

Рэальна Беларусь страчвае некалькі мільёнаў эўра ў межах Усходняга партнэрства.

Прыпыненьне пагадненьня аб рэадмісіі азначае вяртаньне да дарагіх шэнгенскіх візаў — з 35 эўра да 85 эўра.

Беларускія ўлады зрабілі чарговы «падарунак» беларусам, гэта ізноў «бамбаваньне Варонежу».

Чаму канфлікт наконт мігрантаў адбываецца на мяжы зь Літвой, а не з Польшчай? Хаця з Польшчай мяжа даўжэйшая, а адносіны такія ж кепскія.

Бо мяжа з Польшчай значна лепш абсталяваная, гэта яшчэ савецкая мяжа «на замку».

ЭЗ проста будзе лепш абсталёўваць мяжу.

Што было раней

У адказ на санкцыі Эўразьвязу МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:

Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».

Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.

Беларусь забараніла ўезд у краіну асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.

МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)