Каго ў Цагельні паставяць на пастамэнт замест парсюка?

Беларускія ўлады, загадаўшы дзеля прафіляктыкі афрыканскай чумы зьнішчыць у шмат якіх раенах усіх сьвіней на прыватных падворках, прапануюць цяпер вяскоўцам разводзіць замест іх авечак або гусей. Прынамсі, такую прапанову агучыў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы пасьля ўчорашняй нарады ў прэзыдэнта па пытаньнях прафіляктыкі чумы.

Як паставіліся да новай стратэгіі ўладаў у дачыненьні да падсобнай гаспадаркі жыхары вескі Цагельня Гомельскага раену, дзе месьціцца буйны сьвінакомплекс «Паўдневы», высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

У Цагельні ўлады таксама загадалі вяскоўцам дзеля прафіляктыкі афрыканскай чумы забіць усіх сьвіней на прыватных падворках і такім чынам засьцерагчы саўгасны сьвінакомплекс «Паўдневы», дзе ўтрымліваецца каля 30 тысяч сьвінога пагалоўя.

Гаворыць вяскоўка Ірына:

«Праводзілі сход у клюбе і зь сельсавету прыходзілі — сказалі забіць сьвіней альбо здаць на мясакамбінат, бо сьвінакомплекс знаходзіцца побач. Мы забілі для сябе — мы для сябе й трымалі. Есьць людзі, якія шмат трымалі, дык тыя здавалі на мясакамбінат».

Маладая кабета й слухаць ня хоча пра тое, каб замест сьвіней разводзіць авечак:

«Я не разьбіраюся ў авечках — мы іх ніколі не трымалі. Тут, у Цагельні, няма авечак — ніхто не трымае. Іх жа трэба моцна даглядаць, пасьвіць трэба. А дзе? Чым іх карміць? Сена ж патрэбнае, а дзе яго ўзяць? Нават гусей не трымаем, бо мяса гусінага ня любім. Ну й бараніны ня любім. Ужо нічога ня хочам: так ужо стаміліся ад гэтай гаспадаркі. Прадаць што — танна, а камбікорм купіць — дорага. Калі трымаць, то толькі для сябе, каб набіць лядоўню й спажываць».

Вясковыя гаспадары Ігар ды Аляксандар вырошчвалі дзясяткі сьвіней на продаж, але таксама мусілі іх пазбыцца.

Аляксандар: «Мы займаліся сьвіньнямі — было ўсіх каля васьмідзесяці. Прыбралі ўсіх — было ўказаньне. Хадзіла старшыня сельсавету і яшчэ нейкі мужчына зь ею. Сказалі, каб цягам пяці дзен пазбавіліся ад сьвіней. Мы здалі на мясакамбінат за бесцань. Некалькі забілі, а мяса сваякам раздалі. Зараз бульбу пачалі капаць і прадаваць на рынку. Дробная бульба застаецца — няма куды падзець. Таксама страты, бо яе ніхто не бярэ й не купляе».

Вясковец апавеў, што пытаўся ў чыноўнікаў, якія абавязвалі пазбавіцца ад сьвіней, ці можна ў такім разе вырошчваньнем буйной рагатай жывелы заняцца? І пачуў такую параду:

«Разам са старшынем быў мужчына, відаць, вэтэрынар. Ен і агаломшыў: „А калі яшчур? Кажуць, што рухаецца яшчур. Потым што — кароў будзеце збываць?“ Сапраўды, зараз завядзі жывелу, кармы набудзь. А праз тыдзень скажуць: ідзе яшчур — прыбірайце каровы. Авечак яно можна было б трымаць. Але ж трэба ўчасткі, каб іх пасьціць. Выпас! А тут няма такога месца — таксама праблема».

Спадар Уладзімер пераехаў жыць у Цагельню дзясятак гадоў таму. Ен пільна назіраў за станам падсобных гаспадарак у весцы. І прыйшоў да несуцяшальных высноваў:

«Няхай яны спачатку прыдумаюць, дзе пасьвіць тых авечак. Калі я сюды прыехаў, тут было ў вяскоўцаў кароў трыццаць. Зараз адна карова на ўсю веску. Бо пасьвіць іх няма дзе, сена касіць таксама няма дзе. Кіраўніцтва пра гэта ня думае і ніколі ня думала. Тут нічога нікому ня трэба. А авечак — няхай яны самі разводзяць, бо ў Цагельні пасьвіць іх няма дзе. Іх жа ў загоне ня будзеш трымаць, як парася. Усе гэта прыдумляюць далекія ад сельскай гаспадаркі людзі».

Суразмоўца дадае, што за авечкамі, да таго ж, патрэбны няспынны догляд, а ня так, як за сьвінчом: раніцай наліў у карыта — і пайшоў на працу. Вярнуўся — зноў пакарміў. Уладзімер кажа, што цяпер у вяскоўцаў засталася толькі чарка, а ўсім вядомай скваркі — пазбавілі:

«Скваркі, канечне, пазбавілі, а чарка — есьць пастаянна. Прымусілі ехаць на рынак, купляць тое калгаснае сала, якое на скаварадзе скача. Яго есьці нельга. Адно парася для сябе — чаму яго не трымаць? Дома і боршч застаецца, і гарбузы ў гародзе растуць... Адкуль тая чума ў мяне возьмецца? На комплекс не хаджу, камбікорм купляю ў краме, калі трэба. А так усе ж свае. Чуму разносяць тыя, хто езьдзіць па падворках і людзей палохае. Крычаць: мы збожжа 10 мільенаў намалацілі. А мяшок камбікорму амаль 100 тысяч каштуе. Яны ж і душаць цэнамі беднага калгасьніка, каб нічога не расьцілі».

У цэнтры вескі Цагельня стаіць цікавы помнік: на пастамэнце — парсюк з патэльняй і ў фірмовым картузе зь літарай «Ю», значыцца, «Южный» — «Паўдневы» па-беларуску. Выглядае, што неўзабаве месца парсюка зойме ці то авечка, ці то баран.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)