Общество

Кадырызацыя Беларусі. Як Лукашэнка спрабуе пераймаць тэрор у Чачні

Беззаконьне, тэрор супраць апанэнтаў, ксэнафобія і несвабода ў Чачні ўжо даўно сталі сыстэмнымі і набылі ў сьвеце назву кадырызацыі. Паводзіны ўладаў і сілавікоў Беларусі ўсё часьцей нагадваюць мэтады, якія выкарыстоўвае ў гэтым расейскім суб’екце Рамзан Кадыраў, піша Дзьмітры Гурневіч на Радыё Свабода.

Чачня — афіцыйна частка Расейскай Фэдэрацыі. Але нягледзячы на тое, што афіцыйна там дзейнічаюць расейскія законы, мясцовае кіраўніцтва ўжо шмат гадоў жыве паводле ўласных правілаў, якія шакуюць праваабарончыя арганізацыі сваёй жорсткасьцю і зусім не хвалююць Крэмль.

Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў, 2017 год

Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрыманьня Пуціным Лукашэнкі прыкметы кадырызацыі пачалі хутка праяўляцца і ў паводзінах Лукашэнкі ды ягоных сілавікоў.

Дзейнасьць па-за законам

У Чачні:

«Тых, хто парушае згоду паміж людзьмі, займаецца плёткамі, разладамі, калі мы ня спынім іх, забіваючы, саджаючы, палохаючы, нічога не атрымаецца», — сказаў Рамзан Кадыраў і дадаў, што гатовы парушаць «законы ўсіх краін». Паводле ягоных слоў, ён прыме любое пакараньне ў гэтым сьвеце. «Ну, пасадзяць у турму. Ну, заб’юць. Ну, памрэш. Мне ўжо 45 гадоў, што мне яшчэ рабіць у гэтым сьвеце», — заявіў Кадыраў.

У Беларусі:

«Калі ўчыняецца практычна нахабная інтэрвэнцыя, як я яе называю, звонку, і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку. Вы ведаеце, там часам не да законаў. Трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе», — сказаў Лукашэнка сілавікам. Нядаўна ў інтэрвію BBC ён дадаў: «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі (маюцца на ўвазе недзяржаўныя арганізацыі. — РС). «Здраднікам дараваць нельга», — працягнуў ён тэму 16 сьнежня.

Публічныя выбачэньні і зьнявагі на відэакамэру

У Чачні:

Першыя гучныя сюжэты з пакаяньнем зьявіліся на дзяржаўным канале «Грозны» ў 2015 годзе. З таго часу колькасьць відэапрабачэньняў пераваліла за сотню. Трапіць у такі сюжэт можна за зламаны плот, просьбу аб дапамозе ці рэзкае выказваньне ў сацсетках ня толькі пра Кадырава, а ўвогуле пра любога прадстаўніка ўлады ў Чачні, ад міністра да шараговага паліцыянта.

Сілавікі прымусілі выбачацца перад Кадыравым мужчыну, які пакінуў ананімны камэнтар у Інстаграме кіраўніка Чачні. Выбачацца ён мусіў, стоячы на бегавой дарожцы без штаноў.

Муж і жонка выбачаліся на відэа «за хлусьню» перад Кадыравым, пасьля таго як жанчына запісала зварот да кіраўніка рэспублікі са скаргамі на камунальнікаў, якія выбівалі даўгі і адначасова патрабавалі перадаплаты.

У Беларусі:

«Пакаяльныя відэа» за ўдзел у мітынгах, камэнтары ў сацыяльных сетках, за падпіску на тэлеграм-каналы або наяўнасьць пратэставай сымболікі ў кватэры ўжо амаль год публікуюць дзяржаўныя тэлеканалы, прапагандысцкія тэлеграм-каналы і профілі ў сацыяльных сетках, блізкія да сілавікоў. Аўтары відэа без судовага разбору вінавацяць людзей у парушэньні законаў або ва ўчынках, за якія не прадугледжаная адказнасьць.

Неаднаразова затрыманыя вымушаныя плакаць, расказваць пра велічыню заробку, асабістае жыцьцё. Часта сілавікі дэманструюць у такіх відэа- або фотаматэрыялах сэксуальныя гаджэты, якія, на іх думку, сьведчаць пра амаральнасьць апанэнтаў улады.

Пазасудовыя кары

У Чачні:

Пазасудовыя расправы ў Чачні неаднаразова былі ў цэнтры ўвагі расейскіх і міжнародных журналістаў і праваабарончых арганізацый. Адно з апошніх здарэньняў апісала расейская «Новая газета». У сьнежні 2020 і студзені 2021 году ў Чачні адбыліся спэцмерапрыемствы па затрыманьні сотняў жыхароў. Іх зьмясьцілі ў падвале спартзалу. Адзін з былых чачэнскіх сілавікоў расказаў выданьню, што ў ноч на 26 студзеня на тэрыторыі палку забілі сама меней 13 чалавек. Пры гэтым дадзеная адзінка (патруль імя Кадырава) нават ня мела права па законе затрымліваць грамадзян.

Праваабаронцы і заходнія ўрады ня раз вінавацілі ўладу ў Чачні ў зьнікненьнях і забойствах праваабаронцаў, журналістаў і апанэнтаў улады. У 2017 годзе журналістка Алена Мілашына апублікавала расьсьледаваньне пра пазасудовыя расправы ў Чачні і назвала імёны 27 чалавек, якіх, як паведамлялася, застрэлілі на адной з базаў сілавікоў у Грозным і таемна пахавалі.

У Беларусі:

У красавіку 2018 году Лукашэнка ў «Пасланьні народу і парлямэнту» ўпершыню прызнаўся, што асабіста аддаваў загады на пазасудовыя пакараньні сьмерцю, і прыгразіў вярнуцца да гэтай практыкі ў Беларусі.

«Або мне прымаць жорсткія меры, як у першыя гады свайго жыцьця прэзыдэнцкага, калі забівалі людзей на трасе Масква — Бэрлін? Калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак на працягу месяца?» — заявіў Лукашэнка.

У чэрвені 2018 году, пасьля сустрэчы з Пуціным, Лукашэнка нечакана заклікаў чыноўнікаў «браць пісталеты і наводзіць парадак».

Онлайн-патрулі

У Чачні:

Сьпікер чачэнскага парлямэнту і адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Рамзана Кадырава Магамэд Даудаў скрытыкаваў моладзь, якая праводзіць час у сацыяльных сетках. Пасьля гэтага ў Чачні пачалі працу онлайн-патрулі, якія выяўляюць «неадпаведныя традыцыям» пасты, а за онлайн-трансьляцыямі ў ціктоку асабіста сочыць Даудаў, вядомы на Паўночным Каўказе па мянушцы Лорд.

Адначасова ў сеціве зьявілася неафіцыйная група пад назвай «Санітары грамадзтва», якая паставіла перад сабой задачу ачысьціць чачэнскі сэгмэнт сацсетак «ад маральных ізгояў і людзей, якія сваімі ганебнымі паводзінамі ганьбяць народ». Для гэтага карыстальнікаў просяць дасылаць спасылкі на спрэчны, на іх думку, кантэнт, а з чачэнскай моладзьдзю праводзяць «прафіляктычныя гутаркі».

У Беларусі:

Пра тое, што сацыяльныя сеткі атруцілі мазгі беларускай моладзі пасьля выбараў 2020 году, заяўляў Аляксандар Лукашэнка. Паводле яго, беларускія пратэсты кіраваліся менавіта праз мэсэнджары, таму ён яшчэ ў студзені гэтага году анансаваў меры па барацьбе зь імі. Неўзабаве пасьля гэтага экстрэмісцкімі пачалі абвяшчаць дзясяткі папулярных тэлеграм-каналаў і дыскусійных чатаў. За ўдзел у іх цяпер пагражае адміністрацыйная або крымінальная адказнасьць.

Экстрэмісцкімі былі абвешчаныя сацыяльныя сеткі ўсіх буйных незалежных СМІ ў Беларусі. Сілавікі брутальна затрымліваюць карыстальнікаў і прымушаюць публічна выбачацца за падпіску на «экстрэмісцкі кантэнт» і раяць іншым адпісацца ад шэрагу каналаў і чатаў.

Нават бяскрыўдны камэнтар або лайк пад камэнтаром ці выявай сілавікі могуць расцэньваць як крымінальнае злачынства. Сілавікі заахвочваюць «неабыякавых грамадзян» паведамляць у міліцыю пра актыўнасьць сваіх знаёмых у сацыяльных сетках.

Фіксацыя на сэксуальнай арыентацыі і рэпрэсіі супраць ЛГБТ

У Чачні:

У рэспубліцы некалькі гадоў таму прайшлі масавыя аблавы на гомасэксуалаў. Ад таго часу праваабаронцам удалося вывезьці з рэспублікі больш за 200 геяў. У 2018 года АБСЭ выпусьціла даклад аб парушэньнях правоў чалавека ў Чачні, дзе гаварылася, што гомасэксуалы нароўні з праваабаронцамі і супрацоўнікамі НКА зазнавалі «цкаваньне, катаваньні і пазасудовыя пакараньні сьмерцю». Чачэнскія ўлады гэта адмаўляюць і сьцьвярджаюць, што ў іх краіне гомасэксуалаў няма ўвогуле.

У Беларусі:

Тэма гомасэксуальнасьці ў дзяржаўных СМІ і прапагандысцкіх тэлеграм-каналах масава зьявілася пасьля сфальсыфікаваных у 2020 годзе выбараў. Супрацоўнікі дзяржаўных каналаў сьцьвярджалі, што некаторыя лідэры пратэсту і яго ўдзельнікі — гомасэксуалы. Гамафобскай рыторыкай яны карысталіся з мэтай дыскрэдытацыі пратэсту і прадстаўлялі ЛГБТ-супольнасьць як вычварэнскую і ненатуральную.

Сілавікі публікавалі «пакаяльныя відэа» нібыта ўдзельнікаў пратэсту, герояў якіх прымушалі казаць пра сваю сэксуальную арыентацыю. Прапагандысцкія каналы пазьней публікавалі парнаграфічныя фатаздымкі або сэксуальныя аксэсуары, якія нібыта належаць затрыманым героям відэа.

Катаваньні

У Чачні:

Катаваньні ў Чачні сталі адным з самых сур’ёзных абвінавачаньняў праваабаронцаў на адрас кіраўніцтва рэспублікі. У турмах, пастарунках паліцыі або іншых аб’ектах сілавікі Кадырава катуюць геяў, падазраваных ва ўдзеле ва ўзброеным падпольлі або ў сымпатыях да праціўнікаў улады, меркаваных наркагандляроў. Ад іх патрабуюць прызнаць віну. Пра гэтыя выпадкі неаднаразова пісала расейская прэса. Раней маніторынгам фактаў займаўся «Камітэт супраць катаваньняў», але арганізацыю выгналі з краіны.

Сьледчыя адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальныя справы аб катаваньнях. Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся ў Грозным, калі прадстаўнікі ЛГБТ паскардзіліся на зьбіцьцё ў СІЗА. Сьледчы заявіў, што з дапамогай гэтых скаргаў мужчыны спрабуюць ухіліцца ад крымінальнай адказнасьці і ўводзяць суд у зман.

Пры гэтым жыхары Чачні, як расейскія грамадзяне, маюць права зьвяртацца са скаргамі ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Неаданарозова суд прымаў рашэньні на карысьць катаваных, а Расею абавязваў выплаціць пацярпелым кампэнсацыю. У беларусаў такой магчымасьці няма.

У Беларусі:

Ужо ў верасьні 2020 году экспэрты ААН заявілі, што ім вядома пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі ў Беларусі. У лістападзе дзесяць экспэртаў ААН зьвярнуліся да ўладаў з просьбай расьсьледаваць гэтыя выпадкі.

680 затрыманых, якія з 9 да 15 жніўня 2020 году прайшлі праз Акрэсьціна, падалі заявы аб супрацьпраўных дзеяньнях сілавікоў. Але ў жніўні гэтага году Сьледчы камітэт адмовіўся распачаць крымінальную справу за катаваньні на Акрэсьціна.

За жорсткае абыходжаньне з удзельнікамі пратэстаў з 9 жніўня 2020 году і да гэтай пары не завялі аніводнай крымінальнай справы, нягледзячы на сотні зваротаў па ўсёй краіне.

Празь Беларусь ад катаваньняў штогод спрабуюць уцякаць чачэнцы. Былі выпадкі, калі іх выдавалі ў Расею, дзе ім зноў пагражалі катаваньні. Раней гэтымі выпадкамі займалася беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Але летам улады Беларусі яе ліквідавалі.

Барацьба з праваабаронцамі і журналістамі

У Чачні:

Пры Кадыраву з Чачні адну за адной выгналі вядомыя праваабарончыя арганізацыі. Адным зь першых сыгналаў праваабаронцам было забойства кіраўніцы чачэнскага аддзяленьня «Мэмарыялу» Натальлі Эстэміравай 15 ліпеня 2009 году. Пазьней у Грозным спалілі офіс праваабаронцаў з «Камітэту супраць катаваньняў», нападалі і зьбівалі, арыштоўвалі і судзілі праваабаронцаў і журналістаў. Пастаянныя атакі на незалежныя праваабарончыя арганізацыі, крытыка на мясцовых каналах і ў друку — усё гэта ў выніку прывяло да іх поўнай ліквідацыі ў Чачні.

У Беларусі:

Ад ліпеня гэтага году ў Беларусі было ліквідавана 270 НДА. Сярод іх шмат праваабарончых: Human Constanta, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, ПЭН-цэнтар, «Прававая ініцыятыва», «Тэрыторыя правоў», Цэнтар прававой трансфармацыі. У турмах знаходзяцца праваабаронцы з розных гарадоў краіны, іх абвінавачваюць у крымінальных злачынствах. У зьняволеньні цяпер 30 журналістаў.

Захоп закладнікаў

У Чачні:

Паводле Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, захоп у закладнікі шырока практыкаваўся ў Чачні, каб прымусіць антыкадыраўскіх баевікоў прысягнуць на вернасьць кіраўніку Чачні. У закладнікі бралі іх сваякоў. У 2004 годзе ў закладнікі трапілі нават чальцы сям’і былога прэзыдэнта Чачні Аслана Масхадава. Іх выпусьцілі ў 2005-м, пасьля гібелі Масхадава. Вядомыя выпадкі, калі ў закладнікі ў Чачні бралі дзеля таго, каб атрымаць патрэбную сілавікам інфармацыю.

У Беларусі:

Сёлета ў Беларусі ўзялі ў закладнікі сваяка журналісткі «Белсату» Арыны Маліноўскай, каб прымусіць яе вярнуцца ў краіну. Ужо пасьля выезду Маліноўскай зь Беларусі ёй з тэлефона мужа яе сястры патэлефанаваў сьледчы і паведаміў, што яе сваяк затрыманы, а неўзабаве могуць затрымаць бабулю і дзядулю журналісткі. Адпусьцяць іх, сказаў сілавік, толькі пасьля таго, як Маліноўская сама прыйдзе ў аддзяленьне міліцыі.

Днямі польскі журналіст Міхал Патоцкі расказаў, што міністар Макей прапаноўваў заходнім дыпляматам вызваліць некаторых палітвязьняў узамен за саступкі.

Сямейная адказнасьць

У Чачні:

З прыходам Кадырава да ўлады ў Чачні пачалі выганяць сямейнікаў меркаваных баевікоў з рэспублікі і падпальваць іх дамы.

«Калі баявік у Чачні ўчыніць забойства супрацоўніка паліцыі ці іншага чалавека, сямʼя баявіка будзе неадкладна выгнаная за межы Чачні бяз права вяртаньня, а дом зьнесены разам з падмуркам».

У Беларусі:

У канцы лістапада ў Полацку арыштавалі 56-гадовую Гаянэ Ахціян, маці анархіста Рамана Халілава. Пры ператрусе ў кватэры жанчыны сілавікі паставілі яе на калені. Відэа ператрусу было апублікаванае ў тэлеграм-канале «Анархісты Беларусі+», які вядуць сілавікі.

Халілаў — фігурант справы аб распальваньні сацыяльнай варожасьці пасьля дэманстрацыі каля амбасады Беларусі ў Польшчы ў падтрымку Андрэя Зельцара, які ў перастрэлцы 28 верасьня ў Менску забіў супрацоўніка КДБ і загінуў сам.

Жанчыну ў выніку арыштавалі на 10 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі, а 2 сьнежня прызналі падазронай па справе аб грубым парушэньні парадку і перавялі ў Менск на Акрэсьціна.

У відэароліку з канала сілавікоў, які паказвае выступы Халілава, кадры зь ягонай маці пазначаныя тэкстам «Бацькі адказваюць за сваіх дзяцей».

Адносіны Лукашэнкі і Кадырава

У верасьні 2017 году Рамзан Кадыраў упершыню ў жыцьці наведаў Менск. Зь ім сустракаўся Віктар Лукашэнка. Як паведамлялася, яны абмяркоўвалі «беларускую нацыянальную бясьпеку».

У 2018 годзе Кадыраў прыляцеў у Менск. Лукашэнка ўзнагародзіў яго найвышэйшай узнагародай Беларусі для замежных грамадзян — ордэнам Дружбы народаў. Акрамя Кадырава, Лукашэнка ўзнагароджваў гэтым ордэнам Пуціна, Уга Чавэса і Ільхама Аліева. За якія заслугі перад Лукашэнкам Кадыраў атрымаў гэтую ўзнагароду — невядома.

5 кастрычніка 2019 году Лукашэнка павіншаваў Кадырава з днём нараджэньня і адзначыў у лісьце, што беларусы радуюцца дасягненьням чачэнскага народу.

У 2020 годзе Рамзан Кадыраў таксама павіншаваў Лукашэнку з днём нараджэньня, прыгадаўшы пры гэтым дзьве чачэнскія вайны. Ён напісаў, што ставіцца да Лукашэнкі зь вялікай павагай, і запрасіў яго наведаць Чачню, паабяцаўшы сустрэць «з асаблівай ветлівасьцю». «У нашай рэспубліцы яго цэняць і паважаюць як валявога, мужнага і прыстойнага чалавека», — запэўніў Рамзан Кадыраў.

15 сьнежня стала вядома, што ў Беларусі зьбіраюцца будаваць мячэць імя Ахмата Кадырава, бацькі цяперашняга прэзыдэнта Чачні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(20)