Кабанчук: «Кажу ўкраінцам, што хлопец, які здымаў абутак, каб стаць на лаву, потым з’явіўся ў нас у палку»

Намеснік камандзіра Палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук – пра раследванне зніклых у 90-х палітыкаў, мэту беларускіх добраахвотнікаў і шчасце ў Беларусі пасля перамогі Украіны.

«Салідарнасць» выбрала самыя цікавыя моманты з яго інтэрв’ю ТОК

Вадзім Кабанчук

Як Кабанчук вёў уласнае раследванне забіцця беларускіх палітыкаў, якія зніклі ў 1999 годзе

— Мы ўстанавілі ўсю групу захопу. Гэта братва Паўлічэнкі з САХРу (Спецыяльны атрад хуткага рэагавання — С.). Калі яны захапілі Ганчара з Красоўскім, яны перавезлі Jeep Cherokee у частку САХРу пад Бягомлем. Гэта былая метэастанцыя ў лесе, кіламетраў 5-7 ад Бягомля.

Паўлічэнка загадаў байцам вырыць вялікую яму пад выглядам будаўніцтва паласы перашкод. У гэтую яму скінулі джып, зверху наехалі БТРам, каб яго сплюшчыць і засыпалі. Зверху паклалі бярвенне. І кожнага ранку праз гэтую яму бегалі салдаты.

Ці былі там целы Ганчара з Красоўскім, мы не ведаем. Мы толькі металашукальнікам знайшлі месца, дзе меркавана была машына, і змаглі вызначыць яе контур.

Кабанчук не сумняецца, што знайшлі месца, дзе была менавіта машына Красоўскага.

— Супала ўсё з той інфармацыяй, што мы мелі. Мы яшчэ пракапалі два шурфы. Прыкладна на глыбіні 1,2 метра рыдлёўка ўперлася ў метал. Што ў лесе ў яме можа ляжаць квадратнае, якое адбівае контуры джыпа? Тым больш, што ў нас былі дакладныя дадзеныя, дзе гэта шукаць.

Па словах Вадзіма Кабанчука, у іх каманды быў план сабраць праваабаронцаў і журналістаў, каб прывесці на гэтае месца і пры іх раскапаць там машыну. Але некаторыя не паверылі, а некоторыя сказалі, што «хочуць яшчэ жыць».

Як згадвае Кабанчук, спецслужбы ў тым жа годзе пацвердзілі версію яго каманды. У лес была накіравана група сілавікоў без апазнавальных знакаў разам з журналістамі дзяржаўнага тэлебачання.

— Яма была вялікая. Яны яе перакапалі лапатамі, зрабілі ўражанне, што яма перакапана ўся. На самой справе, у іх быў адбіты контур машыны. Яны перакапалі вакол контуру, павыкідалі зямлю, стварыўшы ўражанне, што яма ўся перакапаная.

Адзін з журналістаў зайшоў ззаду камерай у тэчку, якая была ў руках следчага. У тэчцы — вось, машына нейкімі кропкамі адзначана, два нашыя шурфы. Усё гэта было ў яго ў тэчцы…. Такім чынам яны пацвердзілі, што ўсё, што мы знайшлі, там і было. Пазней, безумоўна, яны яе перавезлі. На сёння яе там на 100% няма.

Як апынуўся на перадавой ва Украіне

— Я ехаў ва Украіну ў 2014 годзе з мэтай, што гэта шанец на вызваленне Беларусі. Я спрагназаваў, што будзе вялікая вайна, у якую як сатэліт Расіі ўцягнецца Беларусь. Але яны будуць разгромленыя і Беларусь у рэшце рэшт вызваліцца. Але трохі з прагнозамі памыліўся, і вялікая вайна пачалася ў 2022 годзе.

Пра баявое хрышчэнне байцоў палка Кастуся Каліноўскага

— Першы бой, такое баявое хрышчэнне, было на Херсоншчыне. Удзельнічала шмат нашых хлопцаў, яны фарсіравалі раку, там замацаваліся на плацдарме і выканалі баявую задачу.

Самы складаны накірунак, на які накіроўвалі байцоў палка — гэта, напэўна, Бахмут. Нашы былі там ад пачатку і да канца, і апошнія выходзілі. Нажаль, мы там і панеслі страты. Апошнія пяцёра нашых хлопцаў загінулі там.

Кабанчук апісвае, што адбывалася ў Бахмуце:

— Зруйнаваны горад. Сюррэалізм, але дзесці бегаюць дзеці, дзесьці — «пачакальшчыкі» мясцовыя, гэтыя тыя, хто чакае прыходу рускага свету.

Мы бачылі, як недалёка ад нас пасвяць кароў, а ў 400 метраў ідзе стралковы бой. Гэта быў нейкі сюррэалізм. Потым усё было зруйнавана: увесь прыватны сектар, і фактычна ўвесь Бахмут.

Пра тых, хто ідзе ваяваць у полк Каліноўскага

— У асноўным гэта людзі, якія прыйшлі на пратэстнай хвалі 2020 года. У нас не так шмат прафесійных вайскоўцаў ці хаця б тых, хто прайшоў тэрміновую службу ў войску. Звычайныя студэнты, айцішнікі і іншыя людзі розных прафесій, якія становяцца прафесійнымі вайскоўцамі.

Пра адрозненне беларускіх дабраахвотнікаў ад іншых

— Самае вялікае падраздзяленне сярод іншых нацыянальнасцяў ва Украіне. Па-другое, мы ставім сабе маштабныя задачы, гэта ў тым ліку вызваленне сваёй Бацькаўшчыны. Вайна ва Украіне мусіць скончыцца нейкім этапам вызвалення Беларусі. Не ўсе дабраахвотнікі з такой мэтай, бо людзі прыязджаюць з вольных краін (размова пра дабраахротнікаў з іншых краін — С.). А ў нас яшчэ будзе праца ў свай краіне, хаця б па адбудове новых інстытутаў.

Вайсковец таксама распавёў, што адказвае украінцам, якія крытыкуцюць беларусаў за мірны пратэст у 2020 годзе, за тое, што здымалі абутак перад тым, як ўстаць на лаву.

— Кажу, што хлопец, які трапіў на фотаздымкі (здымаючы абутак, каб стаць на лаву — С.), потым з’явіўся ў нас у палку. Усяму свой час. У беларусаў прайшла эвалюцыя, тады яны думалі, што гэтага дастаткова.

Гэта былі пратэсты, але не быў супраціў. Зараз, думаю, большасць з тых людзей, што ўдзельнічалі ў пратэстах, зразумелі, што трэба ісці іншым шляхам.

Ці магчымы абмен расійскіх ваеннапалонных на беларускіх палітзняволеных

— З пэўнымі украінскімі палітыкамі абмяркоўвалася гэта тэма, але яна вельмі далека ад рэалізацыі. Я пакуль не бачу, як можна рэалізаваць гэту схему. Калі б гэта былі вайсковыя палонныя беларускай арміі, магчыма, пра гэта можна было б гаварыць, а калі гэта расійскія палонныя, не бачна прамая сувязь з беларускімі палітвязнямі.

Дзеля чаго ваююць ваяры ПКК

— Канчатковая мэта — вызваліць Беларусь. Проста зараз лінія фронту праходзіць ва Украіне. Яна магла быць і ў Беларусі. Калі б, напрыклад, перамаглі пратэсты ў 2020-м, і Лукашэнку атрымалася б скінуць, наступны этап быў бы – вайна з РФ. Гэта відавочна.

Таму — аслабляем Расію ва Украіне, каб не дай бог не было вайны ў Беларусі.

Хаця і гэта не выключаны сцэнар, таму што тэндэнцыя вельмі кепская: ідзе эскалацыя.

Па словах Кабанчука, на родных беларускіх добраахвотнікаў у Беларусі аказваюць ціск рознымі шляхамі, часам гэта «сталінскія метады, калі бацькоў прымушаюць адмаўляцца ад сваіх дзяцей».

Што будзе, калі Украіна выйграе альбо прайграе вайну з Расіяй

— Калі Украіна прайграе ў гэтай вайне, незалежнай Беларусі не будзе. Пад пытаннем будзе наогул бяспека ў рэгіёне. Калі выйграе — мы нарэшце атрымаем вольную Украіну, вернемся ў Беларусь, будзем жыць шчасліва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(38)