Коктейль
Аліна Таранік

«Jazz in Minsk» чакае наведнікаў (фота)

Адчыніў дзверы беларускі хостэл «Jazz in Minsk». Адкрыццё суправаджалася экскурсіяй па паверхах, перакусам з таго, што прынеслі госці, ды сапраўдным турнірам па настольным футболе. Адзін з наведнікау падзяліўся з карэспандэнтам “Салідарнасці” сваімі ўражаннямі аб праведзенай у хостэле ночы.

На адкрыцці хостэла прысутнічалі сябры заснавальнікаў, журналісты ды ўсе жадаючыя паглядзець на навінку. Кожны прынёс з сабой штосьці смачнае, што дазволіла заставіць прысмакамі цэлы стол. Джазу ў «Jazz–е» не грала, затое працаваў ды–джэй. На двары рабілі барбекю, травілі гісторыі каля вогнішча. Лазню тапіць не сталі – госці большасцю галасоў ад такой раскошы адмовіліся. Затое з азартам «рубіліся» ў настольны футбол, дзе ў матчы супраць прафесіяналаў у карэспандэнта «Салідарнасці» атрымалася нават забіць адзін гол!

Зрэшты, гэта ўжо другі хостэл у сталіцы, але госць з Ніжняга Ноўгараду праз пошукавік знайшоў менавіта «Jazz in Minsk», і вырашыў туды наведацца. Кірыл распавёў, якім чынам ён засяліўся напярэдадні ўрачыстасцяў:

– Я проста патэлефанаваў Валодзі (а гэта занавальнік хостэлу) ды спытаўся, ці можна прыехаць да адкрыцця. Ён пагадзіўся. Увогуле ўчора я быў тут зусім адзін, таму можна лічыць, што я здымаў не ложак, а цэлы пакой. Было так дзіўнавата-страшнавата. А спалося вельмі добра. У мяне вялікі досвед гасцяванняў у хостэлах розных краінаў.

У Мінску расійскі госць зайшоў у галерэю «Ў» ды прыдбаў сабе часопіс «Arche», «бо ў ім змешчаныя цікавыя гістарычныя даследванні». Паабяцаў прачытаць і такім чынам пазнаёміцца з беларускай мовай. Дарэчы, самы першы «філіял» хостэлу – «Jazz in Vitebsk» – прымаў гасцей з Украіны, Латвіі, Румыніі, Францыі, Польшчы, Велікабрытаніі, Расіі ды Малдавіі.

Заснавальнікамі хостэлу на вуліцы Мазырскай, 37а з’яўляюцца Уладзімір ды Сяргей. Ім дапамагалі таксама Зоя ды Аляксандра. Уладзімір, які ўжо мае досвед у гатэльным бізнэсе такога тыпу – адчыніў летась хостэл у Віцебску – сказаў, што з юрыдычнага боку адкрыццё ды рэгістрацыя – працэс лёгкі. Цяжэй патлумачыць суайчыннікам, што гэта такое і з чым яго ядуць, а замежнікам – прапанаваць такі варыянт.

– Моладзь, з большага, разумее, як функцыянуе хостэл. А для сталага пакалення паняцце начлегу асацыюецца з комплексам «уласны пакой+тэлевізар+душ». Пры гэтым шукаюць штосьці недарагое, у той час як хостэл з’яўляецца найтаннейшым варыянтам, – кажа Уладзімір.

– Мы адчынілі хостэл, але маем шмат працы і цяпер. Трэба шукаць кантакты, весці паўнавартасную працу ў галіне камунікацый. Гэта і рэкламныя кампаніі, якія варта праводзіць, і наладжванне кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, – працягвае думку калегі па «бізнэсе» Сяргей.

Дарэчы, падрыхтавалі хостэл літаральна за 20 дзён. Зрабілі касметычны рэмонт, перафарбавалі пажоўклыя, аздобленыя ў лепшых савецкіх традыцыях дзверы. Замест звычайнага катэджу будынак ператварыўся ў моладзевую гасцініцу з нумарамі, якія месцяць 5, 7, 9 ці 10 чалавек. Чым болей народу ў пакоі, тым будзе весялей і танней – ад 8,5 да 13 еўра за суткі ў залежнасці ад колькасці ложкаў у пакоі. Усяго мінскі «Jazz» змяшчае 40 чалавек. Разлічвацца за пражыванне можна беларускімі рублямі. У хостэле мажліва заставацца і на доўгі перыяд. Для такіх гасцей прадугледжана нават сістэма зніжак. Студэнты, якім сёлета не «свеціць» месца ў інтэрнаце, могуць жыць у «Jazz-е» хоць увесь навучальны год.

З верасня на трэцім паверсе стваральнікі хостэлу плануюць праводзіць сэйшны, фотавыставы, вечарыны ды «кватэрнікі». Праўда, трэба зважаць на суседзяў, а таму шумець мажліва толькі да 23 гадзіны.

– Будуць праводзіць маўклівыя сэйшны, – пажартаваў Кірыл з Ніжняга Ноўгараду.

Паводле стваральнікаў хостэлу, гэтая плыня прыйшла на постсавецкую прастору каля двух-трох год назад. Некаторы час назад такая з’ява як хостэлы дакацілася і да нашай краіны, дзе застаецца амаль некранутым сегментам рынку і з’яўляецца папросту крэатыўным ці нават андэграунд–праектам.

Некаторыя з гасцей засталіся ў хостэле на начлег.

– Я вельмі задаволены. Хоць і новае месца, але спалося выдатна. Думаў, што ня ўлезу ў ложак, але ж улез, і было вельмі ўтульна. Негледзячы на некаторыя рэчы, да прыкладу, санвузел, якія трэба дапрацаваць, мне ўсё прыйшлося вельмі даспадобы. Таму, калі буду сустракаць знаёмых, зраблю хостэлу рэкламу, – падзяліўся ўражаннямі Васіль з Гародні.

Агулам «Jazz in Minsk» прыняў у першы дзень сваёй працы каля 6-7 чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)