Экономика
Віталь Ругайн, «Еўрарадыё»

Іспанскія памідоры прадаюць на Камароўцы пад выглядам... беларускіх (фота)

А яшчэ на рынку з’явіліся свежыя «беларускія» баклажаны, бульба і яблыкі з грушамі!

Камароўка. Памідоры на галінцы па 23 тысячы за кіло, на цэнніку напісана РБ.

– Гэта гаспадарка Рудакова, Віцебская вобласць. Там і агуркі, і памідоры такія на галінцы вырошчваюць, – прадавец запэўнівае, што памідоры айчынныя.

– Казачная нейкая гаспадарка ў Беларусі, у якой такія выраслі", – здзіўляецца жанчына побач з намі ў чарзе і просіць узважыць "беларускіх" таматаў.

«Еўрарадыё» ж працягвае дапытвацца: "А грушы адкуль беларускія ўзяліся?". Бо на цэнніку таксама напісана “груша РБ!”

– Не, гэта грушы галандскія. Проста былі іншыя грушы, цэннік не паспелі перапісаць.

Вядома, майскія беларускія грушы скончыліся акурат перад намі.

Нічога не застаецца, як толькі набыць беларускія памідоры на галінцы. Потым тэлефануем у гаспадарку Рудакова, у якой яны, нібыта, выраслі. “Няма памідораў на галінцы!” – адказваюць Еўрарадыё на прадпрыемстве:

– Мы ж іх нават не збіраем галінкамі. Іх па адной штуцы зрываюць.

Побач, дарэчы, прадаюцца іспанскія памідоры на 2 тысячы танней, але па выглядзе адзін у адзін, як гэтыя нібыта беларускія. А вось і сапраўдныя беларускія. Не на галінках, больш буйныя і менш чырвоныя. З той самай гаспадаркі Рудакова, відаць. Прадавец кажа, што на галінках нашых памідораў пакуль няма.

– У нас Слабада, Рудакова, Ждановічы. На галінцы гэта не нашы, а імпартныя. Ёсць Іспанія, Галандыя і Турцыя. Беларускіх на галінцы пакуль няма.

Ідзем у адміністрацыю рынка, каб даведацца, як такое магчыма? Там «Еўрарадыё» запэўніваюць, што беларусы даўно вырошчваюць такія памідоры і нават “Чэры”.

– Чэры вырошчваюць нашы ў Ждановічах, Рудакове і Мачулішчах. Па тых жа галандскіх тэхналогіях. Можа нехта і падманвае, іспанцаў падстаўляе, але нашы таксама вырошчваюць.

У тым жа Рудакове запэўніваюць, што і “Чэры” ў іх зараз няма. Беларускія памідоры на галінцы сапраўды існуюць, але яны з’явяцца пазней – летам.

– Я думаю, што гэта не нашы памідоры. Хутчэй за ўсё іспанскія, – сумняваецца пакупнік. А Еўрарадыё задаецца пытаннем – навошта іспанскія памідоры выдаваць за нашы? Няўжо зноў імпартазамяшчэнне?

– Калі бачаць, што беларускія – лепш бяруць, – тлумачаць у адміністрацыі рынку.

– Нашы лепш бяруць. Чалавек прыходзіць і не пытае ці смачны памідор беларускі.

Ідзем далей па прадуктовых шэрагах і заўважаем беларускія баклажаны, бульбу, агуркі, яблыкі з грушамі. Калі агуркі яшчэ можна зразумець, то адкуль у траўні баклажаны, бульба і яблыкі з грушамі?

– Я зараз не прыглядаюся да памідораў. Яны зараз з хіміяй, бо ім яшчэ не час. Я набываю памідоры, калі прыходзіць іх час, недзе ў ліпені. І купляю тады нашы, пажадана, каб яны былі грунтовыя, – распавядае пакупніца на рынку.

Прадаўшчыца спачатку запэўнівае, што бульба з-пад Століна, пасля прызнаецца, што з Украіны, а ў выніку здаецца і кажа, што бульбу прывезлі з Егіпта. Слюнявячы палец, яна выцірае на цэнніку надпіс “РБ” і тлумачыць, егіпецкай садавіне не давяраюць, а беларускую бяруць лепш.

– Паводле закона, надпіс на цэнніку павінен адпавядаць сапраўднаму паходжанню тавару, – пра гэта кажуць у адміністрацыі “Камароўкі”. Там нават правяраюць, каб не падманвалі пакупнікоў, але маўляў, над усімі правяраючага не паставіш.

Але на наступны дзень амаль усе цэннікі перапісалі і памідоры сталі іспанскімі, ці проста невядомага паходжання з замазаным надпісам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)