Политика
Прэс-служба ГА «БАЖ»

Ілля Кузняцоў расказаў, як вёз у сваёй машыне параненага Андрэя Саннікава і Ірыну Халіп

Сябра ГА «БАЖ» Ілля Кузняцоў распавёў калегам падрабязна, як вёз у сваёй машыне параненага Андрэя Саннікава 19 снежня мінулага года, як потым сустрэўся з Ірынай у ізалятары і як яго самога асудзілі на 15 сутак.

Ілля Кузняцоў: «Шчыра кажучы, на плошчы Незалежнасці я проста згубіўся. Працаваў адразу з двума групамі журналістаў з нямецкага тэлеканалу ARD. Ну, і пакуль адных адвёз, другіх на той плошчы згубіў… Тэлефанаваў ім, але мабільныя не працавалі. Таму проста хадзіў і шукаў — аж пакуль не пачалі ўсіх біць.

Давялося ўцякаць, але бегчы было неяк няёмка, бо трэба было б пераскокваць праз дзяцей і бабуль, таму я паціху разам з усімі адступаў. І тут бачу, што па зямлі літаральна цягнуць Саннікава, у якога была моцна параненая нага... Да гэтага я разоў 20 дамаўляўся з ім наконт інтэрв’ю, таму проста не мог не прапанаваць падвезці яго ў лякарню, бо мая машына была побач. Там ужо было не да журналістыкі… Гэта быў паранены чалавек.

Паспелі даехаць да плошчы Перамогі, і тут нас спынілі тры машыны ДАІ і адзін прэзідэнцкі „Крайслер“. „Усім выйсці з машыны!“ — ніякіх пытанняў пра правы, дакументы…»

Гэта быў менавіта той момант затрымання, калі Ірына была на сувязі па тэлефоне з радыёстанцыяй «Эхо Москвы» і паведаміла пра сваё затрыманне ў жывым эфіры. Ірына крычала, што яе выцягнулі з машыны, прыціснулі да яе, ударылі па твары і заламвалі рукі. З яе словаў вынікала, што Андрэй Саннікаў ляжаў на зямлі.

АЎДЫЁ

Ілля Кузняцоў пацвярджае, што яго і яго пасажыраў выцягнулі з машыны сілай, прычым Андрэя Саннікава спрабавалі прымусіць стаяць, хаця фізічна гэтага не мог.

Ілля Кузняцоў: «Потым хтосьці моўчкі сеў за руль маёй машыны і проста з’ехаў з Халіп і Саннікавым, мяне і ахоўніка Саннікава павезлі ў іншай. Потым, калі я прасіў ключы ад машыны, каб перадаць жонцы, следчы як бы супакоіў: «Не хвалюйцеся, яна ў нас, пад Акрэсціна, надзейна захоўваецца…».

На Акрэсціна, куды мяне прывезлі, мы зноўку сустрэліся з Ірынай Халіп (спачатку Ірыну сапраўды пэўны час трымалі ў гэтым ізалятары, - заўв. БАЖ). Стаялі каля сцяны, калі прыйшоў нейкі раззлаваны «высокі чын» і запытаўся, ці ёсць якія скаргі.

«Так, ёсць! — выгукнула Іра. — У нашай краіне — дыктатура!…» І хвілінаў пяць у запале нешта казала таму дзядзьку. Ён слухаў моўчкі, не знайшоў, што адказаць, толькі кінуў: „У пісьмовым выглядзе…“

Потым быў допыт у следчага. Я распавёў яму ўсю гісторыю — як што было. Той толькі моўчкі запісваў. Потым даў мне той пратакол на подпіс. Чытаю: „Выкрыкваў лозунгі, не рэагаваў…“ „А што гэта мае агульнага з маёй гісторыяй?“ — пытаю. У адказ мне следчы кажа, што я магу і не падпісваць таго пратаколу — усё роўна 15 сутак атрымаю. Тады мне гэта падалося жартам — спадзяваўся, што разбяруцца і заўтра адпусцяць на волю. Той пратакол так і не падпісаў…

Ноч правёў на Акрэсціна ў халоднай камеры з тым самым ахоўнікам Саннікава Леанідам. Раніцай павезлі ў суд. І зноўку спадзяваўся, што зараз суддзя ва ўсім разбярэцца і выпусціць. Першыя сумневы з’явіліся, калі адвакатка сказала, што мы маем дзве „лініі абароны“: альбо ва ўсім прызнацца — каб менш далі, альбо адстойваць сваё права як журналіста быць на акцыі. Але як прызнацца? У чым? Гэта мяне абурыла… Пакуль я разважаў, з кабінета суддзі выйшла дзеўчына: „Усё прызнала — 10 сутак!“ Стала зразумела, што прызнаваць віну бессэнсоўна…

Суддзі распавёў тую ж самую гісторыю, што і следчаму. У адказ — 15 сутак… Раззлаваўся, выйшаў на калідор і як закрычаў: „Ганьба беларускаму суду!“… Як у тым савецкім фільме: „Свободу Юрию Деточкину!“…»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)