Политика
Анастасія Зелянкова

Ігар Рынкевіч: “Партыя -- не цяжарная жанчына, каб ляжаць на захаванні, чакаючы вызвалення Казуліна"

На гэтым тыдні было абвешчана пра стварэнне у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) фракцыі “За ўнутрыпартыйную дэмакратыю”. У інтэрв'ю "Салідарнасці" намеснік старшыні партыі Ігар Рынкевіч расказаў пра ўнутрыпартыйныя рознагалоссі, распавёў пра праблемы дэмакратычных сіл і растлумачыў, чаму Казулін і Мілінкевіч сталі чужароднымі целамі ў апазіцыйным стане.

-- Нядаўнія публічныя “разборкі” ў БСДП і заява аб стварэнні фракцыі сведчаць, што ў партыі існуюць пэўныя праблемы?

-- На жаль, у партыі, згортваецца дэмакратыя і ўкараняецца аўтарытарнае кіраванне. Парадокс -- у дэмакратычнай арганізацыі прымаюцца на ўзбраенне стыль і метады аўтарытарнага рэжыму. Гэта недапушчальна. Да таго ж у БСДП, як і ў некаторых іншых партыях, шэраг ветэранаў апазіцыйнай дзейнасці дрэнна ставяцца да нелаяльных аднапартыйцаў, асабліва да сваіх маладых калегаў. Яны незадаволена назіраюць за тым, што людзі маюць свае перакананні і могуць за іх не толькі пастаяць, але і пасядзець за кратамі, а калі трэба, і пагаладаць. Гэта выклікае непрыманне і з боку в.а. старшыні партыі Ляўковіча з групай "кіруючых таварышаў".

Некаторы час я, як намеснік старшыні, спрабаваў быць убаку ад падобнай "аргпрацы", не ўвязвацца і не выносіць смецце з хаты. Але пасля таго, як услед за адным сябрам прэзідыума БСДП Юрыем Новікавым, вырашылі замяніць іншага -- Віктара Крываля, прычым, у момант яго арышту і галадоўкі на Акрэсціна, я таксама ўлучыўся ў гэтую спрэчку. І на красавіцкім пасяджэнні ЦК было вырашана стварыць фракцыю "За ўнутрыпартыйную дэмакратыю".

-- Партыя блізкая да расколу?

-- Калі ствараецца фракцыя, то гэта заўсёды не ад добрага жыцця. Гэта значыць, што меркаванне на сённяшні дзень меншасці, не ўспрымаецца. Але расколу, не будзе.

Мусіць, вонкава выглядае абсурдна, калі ёсць некалькі сацыял-дэмакратычных партый, а ўсярэдзіне гэтых партый пачалі стварацца яшчэ і фракцыі. Чарговы раз успамінаецца афарызм, што сацыял-дэмакраты множацца дзяленнем.

Але ў дадзеным выпадку фракцыя -- гэта вымушаная арганізацыйная прылада для аздараўлення партыі. Калі апазіцыйныя палітыкі імкнуцца да дэмакратычнай будучыні краіны, яны павінны быць дэмакратычнымі і ўнутры сваіх партый.

— І як даўно ідзе гэтая партыйная барацьба?

— З прыходам у партыю Казуліна аб'ядналіся некалькі буйных сацыял-дэмакратычных груп, у тым ліку тыя, хто прыйшоў з партыі Шушкевіча на чале з Каралём, які і быў ініцыятарам аб'яднання, роўна, як і Ляўковіч, Нісцюк. Але з цягам часу ў Анатоля Ляўковіча ўзялі верх старыя амбіцыі на аднаасобнае лідэрства. А разам з гэтым узялі верх метады інтрыг, закулісная барацьба.

Пазітыўная эвалюцыя партыі праз актыўныя дзеянні, колькасны рост спынілася. Ёсць проста жаданне захаваць брэнд, неяк хістка суіснаваць у апазіцыйным лагеры.

Але ёсць і іншыя грамадоўцы. Гэта тыя, хто актыўна змагаюцца за вызваленне Казуліна, спрабуюць знайсці рычагі, каб выйсці з такога гібення. На жаль, такія партыйцы часта не знаходзяць "на версе" БСДП разуменне.

-- А, можа, і праўда, трэба да вызвалення Казуліна проста паспрабаваць захаваць гэты самы брэнд, не губляючы тое, што з цяжкасцю было створана?

-- Шматлікае з таго, што рабіла цяперашняе кіраўніцтва (я маю на ўвазе некаторых намеснікаў старшыні), ні на вызваленне Казуліна, ні на тое, каб партыя была рэальным суб'ектам, не працавала. Быць у хвасце падзей, лічу, тупіковая пазіцыя. Мы ж не цяжарная жанчына, каб ляжаць на захаванні, чакаючы вызвалення Казуліна. Нам важна развівацца. Нам трэба расці, заяўляць грамадзянам пра сваю пазіцыю, каб яны разумелі, чаго мы хочам дасягнуць.

Не варта баяцца, што рэгістрацыйныя дзяржорганы ліквідуюць партыю, калі прытрымлівацца прававых метадаў. Улады цяпер зыходзяць з ацэнкі апазіцыйных партый, як слабых, нявартых ліквідацыі. Дайшло да абсурду: Мінюст адзначыў, што наш партыйны статут не адказвае прынцыпу дэмакратызму, паколькі не ўлічваецца меркаванне шматлікіх партарганізацый.

-- Вы вінаваціце сваіх апанентаў у залішняй асцярозе і ў тым, што яны мала робяць для вызвалення Казуліна. Але вашы актыўныя дзеянні маюць той жа вынік, што і іх бяздзейнасць…

-- Мы не настолькі наіўныя і разумеем складанасць задач. Але гаворка ідзе яшчэ і пра тое, што часам рэальныя дзеянні, нават тыя, што прапісаныя ў нашых планах, не выконваюцца. Імітуюцца нейкія падачы заявак на акцыі, прычым, нават з разліку, што іх загадзя не дазволяць.

Часта іншыя суб'екты дэмакратычных сіл выяўляюць больш вялікую салідарнасць з Казуліным, чым яго партыя. Так мы не адчувалі побач пляча партыйных кіраўнікоў, калі трэба было біць у звон, калі мы са Скрабцом і дочкамі Казуліна абвясцілі галадоўку і былі гатовыя ісці яшчэ вельмі далёка, каб толькі Аляксандру Казуліну дазволілі развітацца з любай жонкай.

Ужо не ў першы раз дасведчаныя партыйцы адзначаюць, што барацьба за вызваленне Казуліна рэальна не арганізуецца цяперашняй партыйнай верхавінай толькі з боязі, што пасля яго выхаду з турмы шматлікія з цяперашніх кіраўнікоў могуць страціць свае пасады.

Сітуацыя гранічна ясная: хтосьці лічыцца з меркаваннем іншых і гатовы працаваць разам, без нейкіх гульняў, маніпуляцый з дакументамі і навешванні цэтлікаў, а хтосьці ўжо гатоў абзываць іншых ледзь ці не агентамі спецслужбаў і ўсімі, нават самымі гнюснымі і подлымі метадамі пазбаўляцца ад ініцыятыўных, але нелаяльных. Я перакананы, што нельга саступаць інтрыганству.

-- Як сам Казулін рэагуе на гэтыя ўнутрыпартыйныя спрэчкі? Яго заява аб кулуарнасці і аўтарытарнасці ў партыі прагучала яшчэ да прыезду на пахаванне жонкі. Пасля гэтага нешта змянілася?

-- Казулін валодае інфармацыяй пра сітуацыю ў партыі і ўплывае на яе. У шматлікіх паштовых адпраўленнях, накіраваных яму грамадоўцамі з рэгіянальных арганізацый, утрымоўваліся просьбы аб падтрымцы. І лідэр партыі адрэагаваў адназначна: у БСДП павінны рэалізоўвацца дэмакратычныя свабоды ў поўнай меры.

Казулін не адмовіўся і ад аўтарства названай заявы. Яго не задавальняла праца прэзідыума. Тады, у лютым, яго запэўнілі, што не ўсё так проста і партыя захоўвае адзінства. Коштам жа такой маналітнасці стала пагроза выхаду з партыі цэлага шэрагу грамадоўцаў…

Калі ж хтосьці палічыў, што Казулін, знаходзячыся ў турме, перастае быць старшынёй партыі, ён глыбока памыліўся. Яго абавязкі Ляўковіч выконвае толькі ў вызначаных рэальным і аўтарытэтным старшынёй рамках.

-- Пэўнае супрацьстаянне сёння назіраецца і ў іншых партыях. З чым, на ваш погляд, гэта звязана?

-- Дэмакратычныя палітыкі ў сваёй апазіцыйнай дзейнасці застаюцца практычна нефармаламі, што не нясуць адпаведнай адказнасці за свае рашэнні. Чамусьці па дзесяць гадоў хтосьці “прафесійна” кіруе апазіцыяй, і ўсе гэтыя гады мы нічога не можам здзейсніць. Так не можа быць.

Узнікае пытанне: калі мы такія добрыя, то чаму няма змен да лепшага? Мусіць, не толькі таму, што ёсць самаўладзе Лукашэнкі. Відавочны крызіс. Гэта як Чарнамырдзін казаў: што б мы ні будавалі, атрымліваецца КПСС. А у нас -- што бы ні будавалі, атрымліваецца нейкі нефармальны клуб.

Гэта асабліва хваравіта для сацыял-дэмакратаў, якія павінны па азначэнні працаваць з шырокімі коламі простых людзей, з працоўнымі, службоўцамі. Таму цяпер не так важная падобная ўнутрыпартыйная валтузня, дужанне дробных амбіцый, але важна застацца сумленнымі перад сабой і людзьмі.

-- А не атрымліваецца, што мы замест таго, каб змагацца з рэжымам, пачынаем пажыраць адзін аднаго?

-- Унутрыпартыйная дэмакратыя і ёсць сродак процідзеяння тэндэнцыі "ўнутрывідавай барацьбы". Лёгка ўсё спісваць на жорсткі кіруючы рэжым і іншае, тым самым апраўдваць сваю бяздзейнасць або бяссілле. Павінна быць цывілізавана: не ўмееш -- саступай больш эфектыўнаму лідэру.

І Казулін, і Мілінкевіч -- палітыкі новага прызыву. Мілінкевіч прыйшоў з “трэцяга сектара” і не адказваў за памылкі апазіцыянераў-папярэднікаў, Казулін -- з сферы дзяржкіравання і адукацыі. Ім абодвум была відавочная слабасць апазіцыі. І цяпер яны апынуліся па-свойму чужароднымі целамі. Адгэтуль і лёс нашых дэмсіл пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Па сутнасці, і Казулін, і Мілінкевіч з’яўляліся дэмакратычнымі неафітамі, але людзьмі рэальных дзеянняў. Яны не пажадалі стаць традыцыйнымі, “бронзавымі”, кіраўнікамі партыйнай апазіцыі.

-- Між тым Казулін ужо агучваў свае планы пасля вызвалення ўзначаліць АДС…

-- Гэтым ён парадкам здзівіў недасведчаных людзей, якія думалі, што, калі ён выйдзе з няволі, то будзе цалкам несістэмным апазіцыянерам. Казулін і раней прапаноўваў план аб'яднання ўсіх дэмакратычных сіл у дзеянні. Цяпер ён прапаноўвае правесці да даты выбараў у Палату прадстаўнікоў кангрэс усіх дэмакратычных сіл, а таксама па-ранейшаму настойвае на стварэнні апазіцыяй урада народнага даверу.

-- А ён не баіцца, што ў АДС яго чакае лёс Мілінкевіча, і, "апазіцыйныя ветэраны" яго рана ці позна "замочаць"?

-- "Мочаць" таго, хто дазваляе сябе "мачыць". Ды і Мілінкевіч яшчэ не зусім мокры. Ён трымаецца досыць годна. Цяпер ён балансуе паміж радыкальнай моладзевай часткай непартыйных актывістаў і нашымі дэмакратычнымі партайгеносэ. Гэта становіцца ўсё цяжэй.

Наогул жа, унутры контрэліты даўно наспяваюць змены. Бо нават на чале афіцыйнай улады з'яўляюцца новыя маладыя постаці. Казулін, маральна здаровыя сілы ў БСДП, у цэлым у дэмакратычным руху бачаць надзённае патрабаванне ў аб'яднанні як "старой", так і маладой апазіцыі ў рэальных дзеяннях.

Важна тое, што хутка завершыцца яшчэ адзін электаральны цыкл - парламенцкія выбары, мінулі мясцовыя і прэзідэнцкія выбары, пасля якіх трэба падводзіць адпаведныя вынікі. Лукашэнка паспрабуе замкнуць яшчэ адзін круг легітымнасці. Вось, дзе поле лёсавызначальнай дзейнасці для аб'яднаных дэмакратычных сіл.

-- Сёння актыўна вядуцца гутаркі аб прэзідэнцкіх выбарах 2011-го. Ваша партыя ўжо вызначылася з кандыдатамі?

-- Я з трывогай гляджу на тое, што многія распачынаюць гульню пад назвай “Выбары-2011”. У нас яшчэ вельмі шмат пытанняў да выбараў-2006. Мы нават пакуль не абскардзілі іх у міжнародныя інстанцыі -- Камітэт ААН па правах чалавека. Не варта выцягваць гэты цвік з крэсла Лукашэнкі.

Сама думка, што такі дзеяч, як Лукашэнка некалі змог лёгка стаць прэзідэнтам, апынулася вельмі шкоднай для беларускага грамадства. Гледзячы на яго, у нас дасюль ледзь ці не кожны трэці лічыць, што ён таксама можа стаць прэзідэнтам. Але хай прадэманструюць большую, чым у цяперашняга кіраўніка волю да ўлады, уменне папулярна (да грані папулізму) данесці свае погляды як мінімум да паловы насельніцтва.

Таму трэба высоўваць толькі сур'ёзных, моцных палітыкаў. Я, як і іншыя грамадоўцы, не бачу ў нашай партыі і вакол яе іншых прэтэндэнтаў, акрамя Аляксандра Казуліна.

P.S. Бліжэйшымі днямі «Салідарнасць” прапануе ўвазе чытачоў іншы погляд на сітуацыю ў БСДП, які выклаў у сваім інтэрв’ю першы намеснік старшыні БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)