Политика

Ігар Кізім: «Страх апанаваў беларускае грамадства, нават украінцы баяцца прызнавацца, што яны ўкраінцы»

Былы пасол Украіны — пра атмасферу ў Беларусі.

Ігар Кізім. Архіўнае фота «Наша Ніва»

— Баюся, што магу стаць апошнім украінскім паслом у вашай краіне, — кажа ў інтэрв'ю Нашай Ніве Ігар Кізім. Пасля звальнення з гэтай пасады ён афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку. На пенсію не збіраецца. Дапамагае калегам па пасольстве кансультацыямі і сочыць за сітуацыяй у Беларусі.

Надзвычайным і паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі Ігар Кізім прабыў больш за 6 гадоў — крайне рэдкі выпадак у дыпламатычнай практыцы, каб так доўга.

Сёлета ў красавіку яго адклікалі на кансультацыі ў Кіеў. Гэта адбылося пасля таго, як Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзянісам Пушыліным. У Мінск Ігар Кізім не вярнуўся.

Пасольства тым часам звяло сваю дзейнасць да мінімуму. 22 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб звальненні Ігара Кізіма з пасады пасла ў Беларусі.

— Калі я пакідаў Беларусь, то першае, што кідалася ў вочы, гэта страх, які з'явіўся ў людзей. Страхам было пранізана ўсё грамадства.

Іншадумства беларусы сталі ўспрымаць за пагрозу. Свае думкі яны трымалі пры сабе. Не дай божа кепска сказаць пра ўладу ці пагутарыць пра палітыку.

Такая атмасфера адчувалася як на бытавым узроўні простых беларусаў, так і ў паводзінах людзей, з якімі Кізіму даводзілася камунікаваць па дыпламатычнай рабоце.

— Узмацніліся хлусня і крывадушша людзей пры ўладзе, — гаворыць ён. — Відавочнай стала антыўкраінская істэрыя ўладных структур і насцярожанасць да ўсяго ўкраінскага. Людзі не наважваліся адкрыта падтрымліваць Украіну, як тое было раней. Падтрымка Украіны стала недапушчальнай.

Практычна ўсе ўкраінскія дыяспарныя арганізацыі былі ліквідаваныя. Кіраўнікі гэтых арганізацый сталі баяцца прыходзіць у пасольства, каб не трапіць пад пераслед, дадае дыпламат.

Ігар Кізім адзначае, што, калі прыехаў у Беларусь у 2017 годзе, беларускае грамадства не было адкрытым, але прыкметы свабоды ўсё ж прысутнічалі.

Пасля 2020 года сітуацыя стала горшаць. У 2021-м ён яшчэ даваў інтэрвʼю незалежным медыя, а пазней «усё закрылася».

— Цяпер мне падаецца, што сітуацыя выйшла на неадэкватны пік. Сказаць «не» ўладзе або падтрымаць Украіну — нерэальна, — працягвае ён. — Калі жанчына праспявала ўкраінскую песню і яе тут жа здаюць КДБ, то гэта сведчыць пра атмасферу ў краіне. І такія ж выпадкі не адзінкавыя.

Нават этнічныя ўкраінцы сталі баяцца паказваць, што яны ўкраінцы. Што тут ужо казаць пра ўкраінскія сцягі або песні.

Калі пачалася поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны, адбылося вызначэнне — хто ёсць хто, кажа дыпламат.

— На жаль, Беларусь апынулася на расійскім баку. Маю на ўвазе Беларусь не як грамадства, а ваенна-палітычнае кіраўніцтва. Гэта было пераломным момантам, — удакладняе ён.

Пагрозы трапіць пад пераслед за падтрымку Украіны, аднак, не ўсіх беларусаў напалохалі.

Ігар Кізім кажа, што яго пераймалі на вуліцы простыя людзі і казалі, што яны на баку Украіны. Былі нават мітынгі ля пасольства. Потым іх сталі разганяць, а актыўных людзей падпільноўвалі.

— На мерапрыемствах ля пасольства збіралася чалавек 15, а вакол было 15 кадэбэшнікаў. А за рагом будынка стаялі два аўтобусы. Таму я папрасіў арганізатараў, каб больш нічога не праводзілі, бо баяўся за іх бяспеку, — адзначае ўкраінскі дыпламат.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)