Политика
Юлія Аляксандрава, фота Радыё Свабода

«І тут з’яўляецца прышэлец Францішак Вячорка…»

Звольнены з войска па стане здароўя Франак Вячорка актыўна праводзіць у Мазыры сваю выбарчую кампанію, каб яна «запомнілася мазыранам на доўгія-доўгія гады». Ён амаль не сумняецца ў сваёй перамозе і рыхтуе заяву ў суд, каб «не дазволіць далей працягваць практыку палітычнага прызыву».

Былы палітжаўнер быў вызвалены са службы 14 красавіка.

– Калі казаць дакладна, у 18-00, роўна праз паўгадзіны пасля таго, як Лукашэнка выехаў з Мазыра, – жартуе Вячорка. – Як толькі мяне вызвалілі, позна ноччу я вярнуўся ў Мінск, раніцой зарэгістраваўся ў ваенкамаце і ўжо з абеду зноў быў у Мазыры.

Там малады чалавек праводзіць актыўную выбарчую кампанію: расклейвае плакаты, разносіць ўлёткі, размаўляе з выбаршчыкамі. А 15 красавіка правёў цэлы пікет-мітынг.

– На жаль, у Дом культуры нас не пусцілі, таму мы разгарнулі апаратуру на вуліцы, падключыліся да разеткі бабулі з аднаго з суседніх дамоў і зрабілі мітынг на цэлы раён, – паведамляе ён. – Атрымалася нават лепш, бо людзі слухалі нас са сваіх балконаў, вокнаў. Такім чынам, усе жыхары раёна чулі нашыя выступы. У сустрэчы ўзялі ўдзел член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка, кандыдат ў дэпутаты абласнога савету Уладзімер Целяпун. Атрымалася вельмі прыгожа.

У нядзелю ў Доме культуры на акрузе кандыдата мусіць адбыцца музычны канцэрт з удзелам Таццяны Беланогай, Змітра Бартосіка ды іншых.

– Хачу правесці такую выбарчую кампанію, якая запомніцца мазыранам на доўгія-доўгія гады, – кажа Францішак Вячорка, – і каб яны ведалі, што ёсць людзі, якія гатовыя за іх заступіцца.

Нягледзячы на перашкоды, кандыдат упэўнены ў сімпатыі выбаршчыкаў:

– Безумоўна, у мяне няма ілюзій наконт выбараў, – тлумачыць суразмоўца. – Але ў тым, што выбаршчыкі прагаласуюць за мяне, я ўжо, у прынцыпу, не сумняюся. Апошні месяц я толькі тым і займаўся, што размаўляў з людзьмі, абыходзіў кватэры. Але трэба яшчэ змабілізаваць людзей, каб яны ішлі галасаваць менавіта ў дзень выбараў, а не датэрмінова. У дзень выбараў трэба таксама арганізаваць максімальны кантроль за падлікам галасоў. Істотную падтрымку кандыдату могуць забяспечыць і былыя таварышы па службе. Вайсковая частка, дзе Франак служыў, знаходзіцца на яго выбарчай акрузе.

– Таму галасавць будуць і салдаты, – кажа ён. – Упэўнены, што абсалютная бальшыня з іх падтрымае мяне. За 15 месяцаў службы мы добра пазнаёміліся і пасябравалі. Яны пабачылі, што такое сучаснае войска і сучасная палітычная сістэма.

Вячорка зазначае, што выбаршчыкі вельмі адкрыта і пазітыўна ставяцца да выбарчай кампаніі і актыўна выказваюць свае праблемы:

– Гэта дазволіла мне скласці спіс з больш чым 15 першасных праблемаў, якія трэба вырашыць. Перш за ўсё, гэта юрыдычныя кансультацыі: людзі не ведаюць сваіх правоў, не ведаюць, як напісаць скаргу, зварот. Патрабуе вырашэнне і пытанне рамонту дарог: кожны год на яго выдзяляюцца грошы, але замест паўнавартаснага рамонту праводзіцца ямачны, які праз паўгады рассыпаецца.

Паводле Францішака Вячоркі, выбаршчыкаў натхняе баявы настрой кандыдата, а яго ў сваю чаргу – размовы з гэтымі людзьмі.

– Я асабіста сустракаў літаральна аднаго-двух чалавек, якія будуць галасаваць за майго апанента – чыноўніка, дырэктара гарналыжнага комплекса, да якога выбаршчыкі проста не маюць доступу – гэты комплекс занадта дарагі для іх, – гаворыць кандыдат. – Мала таго, у мінулым годзе больш за 80 дзяцей атрымалі цяжкія траўмы на гэтым гарналыжным комплексе з-за няправільна пабудаваных горак. Мае выбаршчыкі проста абураныя ўсімі гэтымі чыноўнікамі. І тут з’яўляецца прышэлец Францішак Вячорка, салдацік, які ўвогуле прыехаў з Менску і ўсяляе ў іх надзею, што можна яшчэ нешта ўскаламуціць у гэтым балоце. Справа ў тым, што гэты мой раён ускрайні, забыты ўладамі, лічыцца самым неспрыяльным райнам горада, у які ніколі не заязджаў ні чыноўнік, ні мясцовы дэпутат. І тут з’явіўся чалавек, які хоча нешта змяніць.

Апрача выбарчай кампаніі Вячорка рахтуе паперы ў суд:

– Збіраюся абскардзіць незаконнасць свайго прызыву і яго абставіны, калі мяне збівалі і везлі ў наручніках, паклёпніцкія сюжэты і артыкулы ў дзяржаўных СМІ і бяздзейснасць медыкаў, якія накіравалі мяне на пераабследванне толькі праз 15 месяцаў службы, хаця з першага дня ўзнікалі праблемы са здароўем.

Сваім прыкладам Францішак плануе падбадзёрыць і іншых палітжаўнераў:

– Учора я сустракаўся з Алесем Каўчэнем, размаўляў з Андрусём Цянютай, Ігарам Салаўём, да самага звальнення падтрымліваў сувязь са Змітром Хведаруком… Мне здаецца, што яны трошкі спасавалі, змірыліся. Я лічу, што гэта няправільна, таму буду з імі размаўляць і пераконваць, каб яны змагаліся за сваё вызваленне. Тое, што нас забралі – гэта не проста тэрміновая служба, я палітычнае зняволенне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)