Скандалы
Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Гурту Neuro Dubel адмовілі ў правядзенні канцэрту ў чатырох клубах

Арганізатары сольнага канцэрту гурта Neuro Dubel у менскім The Loft Cafe вымушаныя паведаміць, што імпрэза 19 жніўня не адбудзецца. Ад яе правядзеньня адмовілася кіраўніцтва клубу пасьля візыту ў адміністрацыю Савецкага раёну.

Лідэр гурта Аляксандар Кульлінковіч з гэтай нагоды:

— Кожны раз чакаеш, што нешта зьменіцца, але ўсё, як звычайна. Жахлівую адзіноту адчуваю ў гэтай сувязі, настолькі ўсё змрочна выглядае.

Пра тое, што канцэрт Neuro Dubel можа не адбыцца было вядома яшчэ на мінулым тыдні. Тады кіраўніцтва клубу было выклікана ў адміністрацыю Савецкага раёну. Па неафіцыйнай інфармацыі, чыноўнікі параілі падумаць наконт правядзеньня мерапрыемства 19 жніўня. Пасьля гэтага The Loft Cafe вымушана было адмовіць арганізатарам канцэрту Neuro Dubel.

— Мы не пакідалі надзеі перанесьці канцэрт у іншы клюб. Зьвярнуліся яшчэ ў тры менскія клубы, але ўсе пасьля ваганьняў таксама нам адмовілі. Крыўдаваць на кіраўнікоў пляцовак мы ня можам, зразумела, што ім не патрэбныя праблемы, — кажа арганізатар Павал Кашырын.

— Мне бы хацелася даведацца за што мы заслужылі такое стаўленьне. Хто нам можа ўзяцца патлумачыць гэта? — рытарычна пытае лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч.

Музыкант кажа, што такое разьвіцьцё падзеяў ён прагназаваў, але ўсё адно навіна ўвяла яго ў стан прыгнечанасьці.

— Кожны раз чакаеш, што нешта зьменіцца, але ўсё, як звычайна. Жахлівую адзіноту адчуваю ў гэтай сувязі, настолькі ўсё змрочна выглядае.

Аляксандар лічыць, што з усіх фігурантаў «чорнага сьпісу» забароны найбольш моцна б’юць па ягоным гурце:

— Астатнія музыкі хоць маюць выйсьце на іншыя гарады і краіны, а мы заўжды ставілі на Менск, дзе нам граць не даюць. Добра было бы, каб усе, каго тычацца забароны, сабраліся разам, а не ваявалі ў адзіночку. Падтрымалі бы адзін аднаго, павыцягвалі бы кожны кожнага на фэсты, скарысталі бы свае падвязкі для агульнай справы. Магчыма тады бы мінула гэтая неадольная туга…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)