Гурневіч — пра хлусню прапаганды: «Вось так можна маніпуляваць статыстыкай, каб мінус ператварыць у плюс»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч у новым відэа Св*боды аналізуе некаторыя з маніпуляцый у дзяржаўных медыях і тлумачыць, чаму яны не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.

– Сярод навінаў, якія справядліва трывожаць беларусаў, дзяржаўныя СМІ спяшаюцца іх супакоіць, – аналізуе паводзіны прапагандыстаў Гурневіч, – прынамсі, з эканомікай усё лепш і лепш, і яна нібыта аднаўляецца.

У якасці прыкладу журналіст паказвае кавалак вяшчання галоўнага прапагандысцкага тэлеканала, дзе дыктарка зачытвае тэкст пра апошнія «поспехі» беларускай эканомікі:

«Вопреки санкционным ограничениям, постепенно увеличиваются и объемы производства, и наши экспортные поставки. В итоге ВВП за 9 месяцев составил 95,3% к такому же периоду прошлого года. Это свыше 140,2 миллиардов рублей».

– Як той казаў, нічога не зразумела, але вельмі цікава, – адзначае Гурневіч. – Дыктарка кажа пра неверагодныя поспехі эканомікі і сыпле лічбамі. Амаль 100 адсоткаў, 140 мільярдаў. Гледачу здаецца, што краіна квітнее, але насамрэч усё зусім наадварот.

У гэты ж дзень Нацыянальны статыстычны камітэт ясна растлумачыў, што за 9 месяцаў ВУП Беларусі знізіўся на 4,7%, аб’ём прамысловай вытворчасці знізіўся больш як на 6%. Рознічны тавараабарот на 2,5%, аптовы тавараабарот знізіўся на 16,7%.

Вось так можна маніпуляваць статыстыкай, каб мінус ператварыць у плюс, – робіць выснову Дзмітрый Гурневіч.

Дзмітрый Гурневіч

Журналіст таксама прыводзіць у прыклад навінавую стужку праўладнага агенцтва БелТА, якое палохае беларусаў Захадам, расказваючы пра польскую інфляцыю пад загалоўкам «Польша в руинах». Прапагандысты ілюструюць гэта крытыкай польскіх улад ад польскага ж апазіцыйнага дэпутата.

– Але ёсць нюанс, – заўважае Гурневіч. – 17,2% – гэта інфляцыя ў Польшчы не за верасень, а за год – ад верасня мінулага года. За жнівень і да верасня, напрыклад, цэны ў Польшчы выраслі на 1,6%, а не на 17%.

А цяпер сюрпрыз. Паводле Нацыянальнага банка Беларусі, за год на верасень 2022 года цэны ў Беларусі выраслі на 17,4%, а гэта больш, чым рост у Польшчы, якая, калі верыць БелТА, «ў руінах».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)