Выборы-2020

Гурневіч: Калі б Бабарыка і Цапкала размаўлялі лозунгамі Севярынца ці Статкевіча, гэта б пярэчыла іх задачы

Журналіст тлумачыць асцярожныя выказванні прэтэндэнтаў у кандыдаты.

— Шчыра здзіўляюць тыя, хто кажа, што ў Бабарыкі ці Цапкалы даволі памяркоўны тон, бо яны не разумеюць, у якой краіне яны жывуць. Як раз таму, што яны разумеюць, у якой краіне яны жывуць, у іх і адпаведны тон, — напісаў Дзмітры Гурневіч.

Давайце паспрабуем залезці ў іх галовы. Іх асцярожныя выказванні — гэта спроба не даваць падставы для правакацый, зняцця з кампаніі. Гэту логіку разумее і Святлана Ціханоўская, «зборны вобраз» пратэстнага электарату. Яна не кажа са 100-ай упэўненасцю, што грошы яе мужу падкінулі следчыя (хаця можа так думаць), бо гэта прамое абвінавачванне праваахоўнікаў, за што яе за 5 хвілін могуць зняць з «гонкі» за паклёп.

Калі б Бабарыка і Цапкала размаўлялі цяпер лозунгамі Паўла Севярынца ці Міколы Статкевіча, гэта б пярэчыла іх задачы — збіраць вакол сябе разсеяны памяркоўны электарат, які баіцца радыкальных слоў (бюджэтнікі, дзяржслужачыя). Бо Севярынец і Статкевіч звяртаюцца зусім да іншых людзей. Проста ўявіце сабе, што Бабарыка ці Цапкала на прэс-канферэнцыі пачнуць пагражаць трыбуналам Следчаму камітэту ці ДФР, або крычаць «Стоп-таракан».

Які ў гэтым сэнс, калі і так кожнай авечцы ясна, што яны выступаюць з боку апанентаў улады. Сёння Бабарыка даў ясны сігнал сваёй фразай пра тое, што «новая Беларусь змяце рэшткі гэтага рэжыму». І бліжэй да 9 жніўня, асабліва пасля рэгістрацыі, такія фразы стануць больш частымі. А якая (з пункту гледжання Б і Ц) патрэба сёння выкарыстоўваць такія лозунгі, калі іх скануюць мікраскопам, каб за нешта зачапіцца? Каб нехта пад відэа з такімі крыкамі паставіў лайк у Фэйсбуку і гартаў далей стужку?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)