Гурневіч: «Беларусы эмігравалі ў сем'і і працу і проста мараць пра спакой»

Журналіст Дзмітры Гурневіч выказаўся пра змены ў нашым грамадстве.

— Неверагодна злуе, калі чую енк пра эмігрантаў, якія адарваліся ад беларускай рэчаіснасці. Не хапае працягу сказу з імем і канкрэтнымі цытатамі. Бо ня менш праўды будзе ў сказе, што беларусы ў Беларусі адарваліся ад беларускай рэчаіснасці.

Я не жыву ў Беларусі 18 год, а за ўсё жыццё пражыў тут 12 (амаль 6 гадоў за мяжой пражыў яшчэ ў дзяцінстве). Бываю на радзіме некалькі разоў у год, сукупна больш за месяц на год. Не перастаю здзіўляцца, калі сустракаю людзей, якія не ў стане назваць імя прэм'ера сваёй краіны або ня могуць паверыць аповедам, напрыклад, пра карупцыю і пераслед па палітычных матывах. Гэта для іх космас, бо яны з такім не сустракаюцца.

Бачу і тых, хто пра карупцыю можа распавядаць гадзінамі. Асобная катэгорыя гэта тыя, хто перакананы, што «рэжым у агоніі» і мы назіраем яго апошнія імгненні. Да слова, і першых, другіх і трэціх я чую ўсе апошнія 18 год маёй эміграцыі. Пасля такога ўступу можна пераходзіць да сутнасці: як змянілася Беларусь за 18 год.

Такія дэталі, як паляпшэнне эстэтыкі гарадоў і нават вёсак, або паўсюдныя тэхналогіі, якія змяняюць стыль жыцця, пакіну ў баку, гэта каню ясна. Модных людзей з дарагімі гаджэтамі ў Менску я бачу не радзей, чым у Празе ці Варшаве. Калі я пра гэта кажу знаёмым у Беларусі, то частка з іх крывіцца і даказвае, што я проста хаджу па такіх месцах, а насамрэч уся Беларусь — суцэльная руіна. Ад цывілізацыі не схаваешся і Беларусь ідзе з ёй нага ў нагу. Але я не пра гэта.

Грамадства змянілася істотна. Знікла моцная палярызацыя, калі адныя рвалі горла «за ўласць», а іншыя выяўлялі паўсюль «лукашыстаў». Гэтая тэма ўжо не выклікае эмоцыяў. І першых і другіх радыкальна мала. Людзі эмігравалі ў сем'і і працу і проста мараць пра спакой.

Мы, беларусы, сталі яшчэ больш памяркоўнымі. З кожнага боку ўмоўнай барыкады. Учорашнія прыхільнікі ўлады «клалі болт» на яе. Апаненты расчараваліся, што за імі пойдзе нехта яшчэ. Плюс у тым, што па ўнутрыпалітычнай прыкмеце людзей падзяліць стала цяжэй (бо «опп» у кожнай сям'і). Мінус у тым, што людзі канчаткова страцілі веру, што яны нешта глабальна вырашаюць. Усе як быццам ва ўсім расчараваліся і ўжо нікому ня вераць.

У цэлым Беларусь стала больш дэпрэсіўнай, бо сацыяльныя адносіны сталі слабейшымі. І крытычная маса стала яшчэ меншай. Але... Адначасова з гэтым актыўная меншасць стала ў разы і разы больш крэатыўнай і пасіянарнай. І гэтым людзям я кланяюся ў ножкі. Гэта той выпадак, калі кажуць: тое, што цябе не заб'е, тое цябе яшчэ больш узмацніць. На месца буйной групы, якая раней шмат пра што казала, прыйшла меншая, якая робіць.

Ну, а ахвотныя могуць цяпер даказваць мне, што я адарваўся. Я ў гэты час пачытаю газету.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(25)