«Госпадзе, разабрацца б зь першай хваляй»
Прагноз мэдыка, якая працуе на менскай хуткай дапамозе і ў шпіталі, дзе лечаць хворых на каранавірусную інфэкцыю. Суразмоўца папрасіла Радыё Свабода захаваць ананімнасць.
Мінск, 22 чэрвеня
— Я не статыстык, я працую ў практычнай ахове здароўя. Таму дакладныя лічбы, натуральна, не скажу, але нам часта гавораць, што ў Менску сытуацыя ўжо вельмі добрая, мы павінны ўсе парадавацца, расслабіцца, зьняць рэсьпіратары і выдыхнуць урэшце поўнымі грудзьмі, таму што страшнае ўжо мінула.
Я працавала і тады, калі прырост хворых быў максымальны, так званы беларускі пік, калі пісалі 900 выпадкаў на суткі, і працую цяпер. І я б не сказала, што ў той момант, калі быў гэты рост 900 чалавек штодня, у нас было меней працы, чым цяпер. Нават у нейкім пляне цяпер яе стала больш.
Бываюць добрыя дні, калі загрузка ў шпіталі няпоўная. Цяпер аддзяленьні перапрафіляваныя, у кардыялёгіі лечаць COVID-19. Паводле пратаколу, ніколі не павінна быць загружана на 100%, бо інакш не вытрымліваецца адлегласьць паміж ложкамі... Таму максымальная загрузка павінна быць 80%.
Па тэлевізары кажуць, што ў нас яшчэ вельмі вялікі свабодны ложкавы фонд, а былі дні, калі загрузка дасягала і 100%. Брыгада хуткай «здае» пацыента 3 гадзіны, таму што месцаў няма ўвогуле. І чакаем, калі кагосьці выпішуць ці нешта зьменіцца.
Людзям у тэлевізары ўжо сказалі, што ўсё добра, а чалавек тры гадзіны чакае, пакуль яго пакладуць. Ён разумее, што ня ўсё добра, таму што гэта нестандартная сытуацыя для звычайнага чалавека. І людзі шэптам пытаюцца: «Доктар, можа быць, гэта другая хваля пачынаецца?» А мы думаем: «Госпадзе, разабрацца б зь першай хваляй». Сытуацыя прыкладна такая на гэты момант.
***
Пандэмія ў Беларусі пойдзе на спад, калі людзі пачнуць па-першае, сурʼёзна ставіцца, таму што для таго, каб надзець маску ці рэсьпіратар на сябе і сваю сямʼю, ня трэба падтрымка дзяржавы ці дазвол, можна проста надзець маску.
І па-другое, калі дзяржава пачне ўводзіць адэкватныя захады. Прэзыдэнт любіць гаварыць, што ўжо ўвесь сьвет зразумеў, што Беларусь зрабіла слушна, хоць ніводнай такой заявы ў сьвеце не было. Трэба ўводзіць абмежаваньні на зборы вялікай колькасьці людзей...
Мы не чакаем найбліжэйшым часам спаду, таму што цяпер будзе праходзіць уступная кампанія, а гэта велізарныя чэргі ў прыёмныя камісіі, цэнтралізаванае тэставаньне, 3 ліпеня з салютамі і сьвяточнымі гуляньнямі, і потым выбары 9 жніўня, а перад імі вялізарная колькасьць пікетаў і ўсяго іншага.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное