Гомельская пракуратура лічыць, што ператрусы і допыты журналістаў — законныя

У расследаванні справы аб паклёпе на былога кіраўніка УКДБ Гомельскай вобласці І. Каржа парушэнняў заканадаўства не выяўлена, і падставаў для прыняцця захадаў пракурорскага рэагавання няма. Да такой высновы прыйшла пракуратура Гомельскай вобласці, разгледзеўшы зварот ГА «БАЖ» наконт ператрусаў і допытаў у шэрагу журналістаў.

«Па стане на 15.04.2010 канчатковага рашэння па гэтай крымінальнай справе не прынята», — гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка пракурора вобласці.

Нагадаем, што следчыя дзеянні ў дачыненні да журналістаў вядуцца ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай пракуратурай Гомельскай вобласці 31. 12. 2009 паводле ч. 2 арт. 188 КК РБ па факце з’яўлення ў Інтэрнеце паклёпу на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

У канцы лютага — пачатку сакавіка ў якасці сведак па гэтай справе міліцыя ўжо дапытвала журналістак Марыну Коктыш і Ірыну Халіп. Акрамя таго, у М. Коктыш міліцыя правяла ператрус на працоўным месцы, а ў Святланы Калінкінай — дома, у абедзвюх жанчын забралі камп’ютэры і іншыя носьбіты інфармацыі.

Камп’ютэр забралі таксама ў І. Халіп і яе мужа, палітыка Андрэя Саннікава, калі яны перасякалі беларуска-літоўскую мяжу 5 сакавіка.

9 сакавіка ў міліцыі дапыталі як сведку па той жа справе Дзмітрыя Бандарэнку.

Увечары 16 сакавіка прадстаўнікі праваахоўных органаў у межах расследавання той жа справы аб паклёпе правялі вобшукі ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры Ірыны Халіп, на працоўным месцы Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна.

Ва ўсіх выпадках міліцыянты забіралі носьбіты інфармацыі — камп’ютэры, дыскі, USB-назапашвальнікі, карты памяці фотаапаратаў. Ператрусы праводзілі міліцыянты ў цывільным, некаторыя з іх — у масках. Пранікненне ў памяшканне офісу сайта «Хартыі-97» адбылося з ужываннем сілы, а журналістка Наталля Радзіна фізічна пацярпела, атрымаўшы ўдар у твар.

26 сакавіка ў Савецкім РУУС Мінска дапыталі ў якасці сведак Святлану Калінкіну і Марыну Коктыш. 2 красавіка адбыўся допыт Наталлі Радзінай, а 8 красавіка ў Маскве дапыталі па гэтай жа справе Паўла Шарамета.

У пачатку сакавіка ГА «БАЖ» накіравала адкрыты ліст Генаральнаму пракурору РБ Рыгору Васілевічу.

У лісце арганізацыя выказвала меркаванне, што следчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай прычыны, і што дэклараваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным.

Дзеянні следчых ГА «БАЖ» расцаніла як «грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці». Арганізацыя заклікала пракурора неадкладна зрабіць захады па вяртанні адабранай у журналістаў маёмасці, неабходнай ім для прафесійнай дзейнасці, і прыняць меры пракурорскага рэагавання «для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў».

Генеральная пракуратура пераадрасавала зварот «для разгляду па сутнасці» ў пракуратуру Гомельскай вобласці, пракурору Валянціну Шаеву — таму самаму, які санкцыянаваў правядзенне ператрусаў у некаторых журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)