Коктейль
Аліна Машкова

Глыток “Вольнага паветра”

Той, хто ноччу на Купалле не знойдзе сваю папараць-кветку, атрымае унікальную магчымасць працягнуць пошукі ўначы з 15 на 16 ліпеня. Ад змяркання да світання ўпершыню ў Беларусі ў старажытным мястэчку Крупкі будзе ладзіцца фэст этнічнай музыкі “Вольнае паветра”.

— Уласна для мяне этнічная музыка з’яўляецца камэртонам, па якім я наладжваю сваю музычную індывідуальнасць. Гэта дазваляе ў любы момант адчуваць грунт пад нагамі, заўсёды разумець як сваю еднасць з сусветнымі музыкамі, так і сваю унікальнасць, беларускасць”, — гаворыць аўтар ідэі фэста, вядомы рок-музыкант лідэр групы Pete Paff Піт Паўлаў.

Гасцей фэста чакае ў гэтую ноч самы лепшы гук ад “Троіцы” і “Палаца”. Іх падтрымаюць сваімі кампазіцыямі гурты Pete Paff, “Яр”, “Гуда”, а таксама барабаншчыкі з Drum Extasy, якія здольныя забяспечыць асаблівы каларыт этнічнаму гучанню фэста.

Грандыёзная дзея, арганізаваная пры падтрымцы піва “Баброў”, адбудзецца прама на беразе ракі Бобр.

— Мы маем намер лазіць гэтае свята кожны год. І кожны раз у новым мястэчку, — абяцае прадстаўнік галоўнага фундатара фэста “Вольнае паветра” Сяргей Левін.

Што трэба зрабіць, каб надыхацца “Вольным паветрам”? Дабрацца на электрычцы да станцыі “Новае жыццё”. Адтуль пераадолець шлях у 500 метраў да ўрочышча “Ластаўкіны гнёзды”.

Самыя актыўныя ўдзельнікі фэста маюць магчымасць зарэгістрыравацца цераз Інтэрнет на Тузіне Гітоў (//music.fromby.net/) і атрымаць папярэднюю акрэдытацыю, якая прадугледжвае шмат прыемных неспадзяванак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)