Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: Ці варта чакаць пасля тэракту сталінскіх чыстак у сённяшняй Расіі

Наколькі слушныя паралелі паміж падзеямі ў Маскве і забойствам Кірава ў 1934-м? І якой будзе рэакцыя ўладаў Беларусі? На гэтыя пытанні Филина адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч. 

Аляксандр Пашкевіч, фота: Еўрарадыё

— Яшчэ да падзей у Падмаскоўі некаторыя расійскія аналітыкі прагназавалі, што пасля пераабрання Пуціна ў Расіі можа пачацца хваля рэпрэсій, у тым ліку і ва ўладных колах. Цяпер жа, пасля тэракту, гучаць паралелі з забойствам Кірава ў 1934-м. На вашу думку, наколькі слушныя такія паралелі і ці ёсць нагода для сталінскіх чыстах у сённяшняй Расіі?

— Шчыра кажучы, тут цяжка казаць паводле нейкіх знешніх праяваў, не маючы інсайдаў з сярэдзіны гэтай сістэмы. Наколькі там Пуцін насамрэч гатовы чысціць сваіх паплечнікаў.

Але зважаючы на тое, якімі бездапаможнымі ў гэтай сітуацыі аказаліся расійскія спецслужбы (гэта выглядае на іхні яўны правал), то ў асяроддзі сілавых структур могуць быць рэальныя перамяшчэнні, а кагосьці, не выключана, могуць і пакараць.

А што да таго, каб пачынаць рэпрэсаваць сваё бліжэйшае атачэнне, мне падаецца, з публічнай рыторыкі гэтага не вынікае. А што там у сярэдзіне, больш могуць сказаць расійскія палітолагі, якія займаюцца гэтым прафесійна.

— У сувязі з падзеямі ў Расіі з’яўляюцца змрочныя прагнозы пра яшчэ большае закручванне гаек. Што гэтыя працэсы могуць закрануць і Беларусь. А ці ёсць сёння для гэтага перадумовы?

— Беларусь усё ж іншая краіна, у адрозненне ад Расіі. Яна куды менш цікавая для ісламскіх фундаменталістаў, якія, верагодна, учынілі гэты тэракт у Маскве. Таму выкарыстоўваць гэтую нагоду для нейкіх рэпрэсій ва ўнутрыўладных колах будзе не вельмі лагічна.

Для змагання з апазіцыяй у Лукашэнкі і без таго хапае зачэпак. Тым больш, што апошнім часам яны і тых зачэпак не шукаюць. Усё, што яшчэ высоўваецца, знішчаюць.

Таму, хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкае скалананне паветра. А таксама падвышэнне градуса мілітарнасці, павелічэнне колькасці розных вучэнняў, мадэляванне розных сітуацый. Вось гэта, я думаю, мы і пабачым, хутчэй за ўсё.

Асабліва на ўзроўні рыторыкі, на ўзроўні дзеянняў. Маўляў, мы можам быць наступнымі, давайце да гэтага ўзмоцнена рыхтавацца.

Ізноў такі, можа тут нехта і патрапіць пад гарачую руку, пацерпіць ад гэтага. Але я не надта бачу прычыны, каб Лукашэнку трэба былі нейкія староннія нагоды, каб праводзіць унутраныя рэпрэсіі з большай інтэнсіўнасцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)