Общество
Алена Якжык

«Гэтая грамадзянская вайна, у пэўнай ступені, не завершаная і сёння»

У гатэлі «Crowne Plaza» адбылася прэзентацыя другога выдання кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я гады». «Гэта сваеасаблівая галерэя выбітных людзей таго часу», — сказала аб сваёй працы кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская.

На сустрэчы сабраліся больш за паўсотні людзей: гісторыкі, пісьменнікі, даследчыкі, студэнты, журналісты. Ніна Стужынская распавяла, чым адрозніваецца другое выданне ад першага, якое пазнала свет дзесяць год таму.

— Гэта другое выданне кнігі, пашыранае і абноўленае. Як і першае, яно прысвечана гісторыі нацыянальнага вызвольнага руху Беларусі ў міжваенны перыяд, — паведаміла Ніна Іванаўна. — Кніжка багатая на новыя сюжэты, новыя крыніцы. Праз лёсы канкрэтных асоб я распавядаю пра асноўныя сюжэты Слуцкага паўстання, гісторыю тайнай палітычнай арганізацыі «Зялёны дуб», якая каардынавала антыбальшавіцкі рух у Беларусі ў тыя часы і многае іншае. Тэма па-ранейшаму з’яўляецца ізгоем у афіцыяльнай бібліяграфіі. Ці, калі не ізгоем, то сіратою.

Як адзначыла даследчык, у другім выданні «Беларусі мяцежнай» менш пафаса:

— За гэтыя гады я пасталела. Як сацыяльна-палітычны актывіст адчуваю сучаснасць і паралель часоў — тых дваццатых і нашых дзевяностых і двухтысячных, — але ж прытрымліваюся больш цвярозага погляду на падзеі.

Таксама Ніна Стужынская адзначыла, што не змяніла сваіх адносінаў да героеў. Як любіла іх дзесяць год таму, так любіць і зараз.

— Гэта сваеасаблівая галерэя выбітных людзей таго часу. Я пастаралася пазбегнуць іх упрыгожвання, імкнулася перадаць сапраўдны лёс тых, хто застаўся верным нацыянальнай ідэі, — паведаміла гісторык, адзначыўшы, што чытачы другога выдання таксама пазнаёмяцца с новымі імёнамі атаманаў і харызматычных лідэраў.

Прагучала, што, на жаль, лёсы герояў таго часу тыповыя – амаль усе яны заканчваюцца ў ГУЛАГу.

Рэдактар другога выдання Анатоль Тарас пазнаёміў прысутных з дэталямі: кніга большая за першую на 280 старонак, у ёй 90 фотаздымкаў, дзве карты.

— Гэта амаль новая праца. Але, як і раней, яна будуецца на выкрыцці міфаў камуністычнай прапаганды, — падкрэсліў ён.

Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў адзначыў, што мы маем справу не толькі з грамадскай з'явай, але і са з’явай навуковай.

— Гэта салідная навуковая манаграфія з архіўнымі спасылкамі, даведкавым апаратам, абсалютна выверанымі дадзенымі, аўтарскімі высновамі, — паведаміў ён. — За дзесяцігоддзі працы яна дайшла да стадыі крышталізацыі. Ніна Іванаўна дакладна адзначыла, што людзі падняліся ў пачатку дваццатага стагоддзя, таму што ім было што губляць. Апынулася, што было губляць не толькі агульныя жыццёвыя каштоўнасці — маёмасць і зямлю, але дадалося разуменне, што можна страціць і сваю маладую дзяржаву.

Гісторык лічыць, што назва кнігі добра падыходзіць і да самой аўтаркі:

— Часам, гледзячы на Ніну Стужынскую, хочацца сказаць, што «Беларусь мяцежная» — гэта яна. Гэта тая самая сёння мяцежная гістарычная навука. Падобныя працы, як мы бачым, з’яўляюцца не ў акадэмічных цэнтрах ці ўніверсітэцкіх кафедрах. Беларуская гістарычная навука выбрала той самы партызанскі шлях, а наш аўтар — гэта менталітэт сучаснага беларускага гісторыка.

На прэзентацыі прагучала пытанне: чаму беларусам у той перыяд, у адрозненні ад суседзяў, не ўдалося будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, і чаму гэтая задача канчаткова не вырашана да нашага часу.

— Можна казаць аб фактарах унутраных і вонкавых. Але, пра што і піша Ніна Іванаўна, — гэта была грамадзянская вайна, — адказаў Андрэй Кіштымаў. — І я лічу, што гэтая грамадзянская вайна, у пэўнай ступені, не завершаная і сёння. Калі яна на нашай зямлі скончыцца, менавіта тады мы зможам казаць, што жывем ва ўласнай беларускай дзяржаве.

«Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я гады» прадаецца ў кніжных крамах Мінску. Плануецца, што трэцяе выданне будзе выдадзенае на расейскай мове, каб патрапіць на кніжныя рынкі іншых краін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)