«Гэтае свята не належыць дзяржаўнай ідэалогіі – яно належыць людзям»

Пісьменнік і мастак Аляксей Талстоў – пра актуальнасць Першамаю, новыя сэнсы і адценні Дня салідарнасці працоўных і неабходнасць аб'ядноўвацца.

Не памятаю я ніякіх першамайскіх дэманстрацыяў. Калоны працоўных, чырвоныя транспаранты з белымі літарамі, дзеці з балонікамі на плячах у бацькоў, «Мір! Труд! Май!» – ніколі такога не бачыў, хіба ў дзяцінстве ў тэлевізары, на архіўных кадрах. Страшна падумаць, я нават не ведаю, ці ненавіджу Савецкі Саюз. Як можна ўвогуле ненавідзець гісторыю, хай і такую паскудную? Зразумела, што ўва ўсіх ёсць свае прэтэнзіі да яе, пэўныя асабістыя моманты, успаміны сваякоў, што сыходзяць некуды далёка ў часы сталінскіх рэпрэсіяў. Імперыя нікуды не падзелася, імперыя вядзе вайну, пагражае мне і майму ладу жыцця, спакойнаму і «стабільнаму». Але якое дачыненне гэта мае да салідарнасці працоўных, да супрацьстаяння ўладзе буйнога капіталу?

Я нічога не памятаю пра святкаванне Першамаю, як, напэўна, і мільёны тых, каму цяпер прыблізна каля 30-ці ці маладзейшых.

Што такога страшнага ў гэтым свяце? Аўтарытарныя прышпілы сучаснай Беларусі – следства савецкай бюракратычнай традыцыі. Патасныя Дні Незалежнасці, угодкі Вялікай Перамогі, парады і масавыя гулянні, поп-зоркі ды ўрачысты шашлычок у парку Горкага – вядома, нам яшчэ давядзецца пасумаваць па ўсім гэтым. Але ніхто ж не сумняецца, што гэта ўсё толькі тэатр, упрыгожанае рознакаляровымі сцяжкамі саламянае шоу фальклорных калектываў і гандлёвых шапікаў з таннаю гарэлкай. Падпіты баяніст у няякаснай вышыванцы і традыцыйных ботах каля Палацу спорту. І ён стоадсоткава не мае аніякага дачынення да сытых топ-менеджараў «беларускага цуду», да яго піаршчыкаў з ідэалагічнага аддзелу, да ратацыі алігархаў і да кіраўніцтва нашай дарагой карпарацыі.

…130 гадоў таму, 4 траўня 1886-га, рабочыя Чыкага сабраліся на мітынг на плошчы Хэймаркет. Усё як мае быць: патрабавалі 8-гадзіннага працоўнага дня, абмяркоўвалі забойства паліцыянтамі сваіх таварышаў падчас страйку напярэдадні. Калі копы прыйшлі разганяць, нехта з актывістаў кінуў у іх бомбу. Страляніна, некалькі забітых, дзясяткі параненых, сямёра анархістаў асуджаныя да смяротнага пакарання. То бок гэта самы пачатак барацьбы за грамадзянскія правы, самаарганізацыя людзей працы, без якой мы наўрад ці б гаварылі сёння аб правах чалавека, сацыяльных гарантыях, безумоўным прыбытку і г. д. Не было б ані прафсаюзаў, ані грамадскага кантролю, ані безумоўнага даходу. Хто ведае, можа, пад пытаннем была б і выбарнасць улады.

Трохі дзіўна ўзгадваць такое, калі постфардызм даўно перайначыў усе працоўныя сувязі. Годна апранутыя людзі збіраюцца каля прахадной і рушаць некуды ў цэнтр, радасныя, вясёлыя, гатовыя далучыцца да ўрачыстай дэманстрацыі – гэта нейкая наіўная карцінка, прывітанне з нерэальнага савецкага мінулага. І смешна, і сумна. Прадпрыемствы пераведзеныя на 3–4 дні, прызначаюцца дадатковыя адпачынкі. Офісныя кадры, саларыят і спрэчнасць кантрактавай сістэмы. Фрылансеры і дыстанцыйная праца, частковая занятасць, выпадковыя падпрацоўкі, кагнітарыі ў вечных пошуках праектаў. Падаецца, ува ўсёй гэтай неаднастайнай працоўнай сілы няма ніякіх падставаў для аб'яднання.

Для мяне Першамай – гэта перадусім салідарнасць. Зведзенае пасля зруйнавання Саюзу да нейкага архаізму, сёння гэтае слова нібы ажывае, прымае ў сябе новыя адценні. Права на горад, разнастайныя супольныя ініцыятывы, онлайн-петыцыі ды той жа краўдфандынг. Існуе шмат нагодаў для яднання, шмат пытанняў, якіх паасобку не вырашыш.

Бюракратычная машына, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкага часу, відавочна патрабуе замены. Сумнеўна, што занураны ў свае ўласныя праблемы палахлівы індывідуаліст зможа дасягнуць у гэтым вялікага поспеху. Варта нарэшце зразумець, што гэтае свята не належыць дзяржаўнай ідэалогіі (як і шмат іншых святаў) – яно належыць людзям.

«Праздник труда? Для тех, у кого зарплата более 500 долларов, или тех, кто трудится за 250 рублей и не знает, как прожить?!»

Гэта нашае свята, свята супольнага дзеяння, свята той сілы, якая і ёсць рухавіком усіх пераменаў. 1 траўня – менавіта той дзень, калі замест таго, каб чарговы раз бездапаможна наракаць на нейкіх начальнікаў, мы можам проста крыху ў сябе паверыць, адчуць сябе троху мацнейшымі. А, паверыўшы ў сябе, неўзабаве саспеем і да нечага большага.

Салідарызуймася, сябры!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)