Политика
Анастасія Зелянкова

«Гэта яшчэ ў Статкевіча трэба спытаць, хто парушыў дамоўленасці?»

На восень апазіцыя рыхтуе яшчэ адзін кангрэс еўрапейскіх сіл, але ўжо пад патранажам руху «За свабоду» і яго кіраўніка Аляксандра Мілінкевіча. У інтэрв’ю «Салідарнасці» намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч расказаў, чаму іх кангрэс больш еўрапейскі, хто ў каго скраў ідэю і чаму Мілінкевіч не пойдзе да Статкевіча.

— Дык у чым усё ж такі розніца паміж кангрэсам еўрапейскіх сіл, арганізаванага Міколам Статкевічам, і кангрэсам Аляксандра Мілінкевіча?

-- Пачнем з мэтаў. Мэта кангрэса, які арганізоўвае Аляксандр Мілінкевіч, гэта папулярызацыя ідэй еўрапейскага выбару. Мы ставім задачу, каб ідэя далучэння Беларусі ў перспектыве да ЕС, да тых працэсаў, якія зараз адбываюцца ў Еўропе, авалодала грамадскай думкай.

Сёння ад 30-35% людзей выступаюць за збліжэнне і ўваходжанне Беларусі ў ЕС. Мы хочам значна павялічыць гэтую колькасць. Праз правядзенне шырокіх дыскусій, абмеркаванняў, сходаў. Я таксама не выключаю, што ўлада будзе падымаць гэтую справу паралельна, – можа быць, без нас, а можа, і з намі.

— Здаецца, у чэрвеньскага кангрэса тыя ж самыя мэты папулярызацыі еўрапейскіх ідэй?..

— Наш кангрэс бачыцца намі як шырокі прадстаўнічы форум з колькасцю ўдзельнікаў пад тысячу і болей, на які мы хацелі б запрасіць і вядомых еўрапейскіх палітыкаў, прадстаўнікоў інстытутаў ЕС, якія б сваёй прысутнасцю пацвердзілі, што гэта дарога не ў адным накірунку, што Беларусь чакаюць, з ёй хочуць размаўляць.

Тое ж, што прапануе Мікалай Статкевіч, зводзіцца да вузка фарматнага сходу. Мэта, можа, дэкларуецца тая ж. Але гэта вузкая нарада прадстаўнікоў асобных палітычных груповак. Без правядзення сходаў, на якіх будуць абіраць дэлегатаў і абмярковываць ідэю мерапрыемства. Ды, наколькі ведаю, з заяўленых Статкевічам суб’ектаў большасць ужо адмовілася ад удзелу ў яго “кангрэсе”.

— А каго збірае пад крылом ваш кангрэс?

—Мы заклікаем да ўдзелу грамадзян, актывістаў, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці. Пра сваю падтрымку ўжо заявілі БХД, Партыя свабоды і прагрэсу, ідуць кансультацыі з Правым альянсам, з “Маладым фронтам”, яшчэ шэрагам арганізацый. Не хацеў бы зараз вымяраць, дзе будзе больш удзельнікаў, хто і якія. Дачакаемся кангрэсаў і паглядзім.

— А што перашкаджае вашай вялікай супольнасці прыйсці да іх малой, калі вы ўсё роўна заклікаеце да аб’яднання?

— Мы пераследуем розныя мэты. Для нас важна зрабіць тэму еўраінтэграцыі Беларусі галоўнай. Мы не хочам зводзіць свой удзел у Кангрэсе да вызначэння нейкага адзінага лідэра, які будзе прэтэндаваць ад асобнай групы на прэзідэнцкія выбары. І не таму, што мы баімся, што Мілінкевіч там прайграе. Перакананы, што калі б узялі ўдзел усе прыхільнікі, ён бы перамог. Але для нас зараз гэта не першасная задача.

— Значыць, пытанне пра вылучэнне кандыдата не будзе ставіцца на вашым восеньскім кангрэсе?

— На сёння прынятае рашэнне не выносіць гэтага пытання.

— Але ж вы адкрыта кажаце пра аб’яднанне вакол Мілінкевіча. У вас пытанне кандыдата фармальна ўжо вырашана?

— Мы казалі не пра аб’яднанне вакол Мілінкевіча, а пра падтрымку той палітыкі, скіраванай на супрацоўніцтва Беларусі з ЕС, якую фармулюе Мілінкевіч. Ён адзіны яе канкрэтна, паслядоўна і, галоўнае, эфектыўна рэалізуе. Усе астатнія займаюцца ацэнкай, навешваннем ярлыкоў, крыўдамі і скаргамі, што ім здрадзіла Еўропа. Гэта не ёсць палітыка.

Многія палітыкі, такія як Навасяд і Севярынец неаднаразова казалі ў СМІ, што сёння той фігурай, якая можа прэтэндаваць на рэальную кампанію, з’яўляецца менавіта Мілінкевіч. І Мілінкевічу не трэба для легітымізацыі свайго рашэння збіраць нейкія сходы розных фарматаў. Ён даказаў сваё права на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі сваёй працай у Беларусі, найперш сустрэчамі з людзьмі і падтрымкай актывістаў, а таксама міжнародным прызнаннем. Яму дастаткова проста заявіць пра свой удзел і заклікаць да фармавання ініцыятыўнай групы.

— Тым больш, што перашкаджае Мілінкевічу прыйсці на кангрэс Статкевіча, вылучыцца, перамагчы, а потым праводзіць свой кангрэс з грамадска-культурнымі мэтамі?

— Пачнем з таго, што мы не лічым гэтае мерапрыемства Статкевіча сур’ёзным. Мы думаем, што такіх кангрэсаў яшчэ з дзесятак пройдзе. Хадзіць на кожнае з іх – губляць час.

— Але ж вам прыйдзецца ў перспектыве працаваць з тым адзіным кандыдатам, якога яны вылучаць...

— Такіх кандыдатаў кшталту вылучанага гэтым кангрэсам Статкевіча будзе не адзін. На нашу думку, няма падстаў весці з імі нейкія перамовы зараз. На жаль, амбіцыі некаторых лідэраў значна перавышаюць іх магчымасці. Мы будзем дамаўляцца з рэальнымі суб’ектамі палітычнага поля.

Да таго ж у нас ёсць істотная розніца ў падыходах. Гэты спадзеў на рэвалюцыйныя змены, на выхад рабочых на вуліцы, якія адразу пойдуць у офіс БНФ ці да Статкевіча і скажуць: “Ты наш правадыр!” — на нашу думку, не сур’ёзны. На вялікі жаль, сёння ў Беларусі няма рэвалюцыйнай сітуацыі. Таму наш падыход – эвалюцыйныя змены як пад унутраным, так і пад знешнім ціскам. І сёння мы бачым эфектыўнасць такога шляху.

— Прызнайцеся, хто ўсё ж такі ў каго скраў ідэю правядзення еўрапейскага кангрэсу?

— Сказаць, хто ў каго скраў ідэю немагчыма. Кожная партыя, якая сябе паважае, звычайна ставіць на мэце правядзенне нейкага падобнага кангрэсу. Гэта прыкладна, як абвінаваціць у скраданні ідэі правядзення маршу-пратэсту. Вось мы скажам, што заклікаем людзей прыйсці на марш-пратэст, а яны нам: “Вы скралі нашу ідэю, таму што мы хацелі заклікаць людзей на марш-пратэст летам, а вы заклікалі прыйсці на восень”.

Насамрэч, рух аўтаномна, незалежна ад Статкевіча, планаваў правядзенне кангрэсу на восень 2009 года. Гэта не агучвалася ў прэсе, але ішлі кансультацыі і перамовы яшчэ з мінулай восені. Увесну да нас выйшаў са сваімі прапановамі Статкевіч. На першай жа сустрэчы мы паведамілі яму пра свае ўласныя планы, але пагадзіліся ўзгадняць супольныя, думаючы пра тое, што разам зможам правесці адзіны сход.

Некалькі месяцаў мы размаўлялі, абмяркоўвалі той дакумент, які сп.Мікола называе стратэгіяй. Прычым мы адкрыта з гэтай стратэгіяй не пагаджаліся. Сказалі, што будзем распрацоўваць сваю. Гэта патрабавала часу, бо неабходна працэдура ўзгаднення ўнутры структуры. Канешне, камусьці ў гэтым плане прасцей – ён сам сабе і партыя, сам сабе і актывіст, яму ўзгадняць не трэба.

У выніку, калі мы на апошняй сустрэчы пачулі пра тое, што Статкевіч настойвае на тэрміновым правядзенні кангрэсу ў чэрвені, без дэлегавання людзей, без шырокага абмеркавання і без далучэння грамадскіх арганізацый, мы заявілі, што не згодныя ў гэтым удзельнічаць. І таму вярнуліся да свайго фармату.

— Гэта было да з’яўлення ў прэсе заявы Мілінкевіча пра скліканне кангрэса ці пасля?

-- Да таго. Па-другое, Мілінкевіч у прэсе не выступіў — гэта растыражавалі ягоны ліст. Там быў толькі адзін абзац, што нам трэба аб’яднацца і адной з формаў мог быць кангрэс.

Калі ж казаць пра выступ у прэсе, дык гэта яшчэ ў Статкевіча трэба спытаць, хто парушыў дамоўленасці. Мы папярэдне вырашылі, што дадзеныя кансультацыі не будуць выкарыстаны як раскрутка таго ці іншага палітыка. Аднак з пэўнага моманту менавіта Статкевіч пачаў даваць інтэрв’ю і расказваць усім пра будучае мерапрыемства як арганізатар.

Кангрэс Статкевіча, хутчэй за ўсё, будзе нагадваць мінікангрэс АДС толькі ў іншым складзе і з іншымі ўдзельнікамі, які паміж асобнымі палітычнымі суб’ектамі будзе вырашаць, хто з іх лідэраў мусіць быць кандыдатам на прэзідэнты. Мы не хочам, каб такім чынам адбывалася прафанацыя самой ідэі еўрапейскага выбару.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)