Руслан Гарбачоў
«Гэта самая жудасная фальсіфікацыя з тых, што былі дагэтуль»

Мікалай Статкевіч распавёў «Салідарнасці» пра самыя цяжкія выпрабаванні за кратамі, стаўленні да Таццяны Караткевіч і адрозненні гэтых выбараў ад папярэдніх.

Фота Радыё Свабода

– Якім было самае цяжкае выпрабаванне для вас за амаль 5 гадоў за кратамі?

– Мабыць, самае цяжкае выпрабаванне я зрабіў сабе сам. Адразу пасля арышту абвясціў галадоўку, якую трымаў У СІЗА КДБ 24 сутак і спыніў яе ўжо ў рэанімацыі шпіталя. Тыпы галадовак бываюць розныя, у мяне галадоўка была поўная – на вадзе. У турэмных умовах і ўмовах калоніі выходзіў з яе гады паўтары. Усёткі я галадаў больш за тры тыдні, калі пачынаюцца змены ў арганізме. Вось гэта, мабыць, было найбольш цяжкім напачатку.

А потым найбольш цяжкім, мабыць, было знаходжанне ў крытай турме. Сама па сабе крытая турма марудна забівае. Адна камера – 35 крокаў па калідору, другая – без столі, якая завецца прагулачным дворыкам (і дворык адзін і той жа на працягу ўсяго часу). Усё жыццё праходзіла паміж гэтымі двума камерамі, не было магчымасці нармальна пабачыць неба (сетка вельмі шчыльная).

Полгода без солнца. Как живет в тюрьме Николай Статкевич

Зараз разумею: я прыстасаваўся б да любога ціску – і фізічнага, і псіхалагічнага, я бы ўсё вытрымаў. Ведаеце, усё ўнутры нас – і пекла, і рай. Усё залежыць ад сілы духу, ад настрою чалавека. А ў мяне з гэтым усё было ў парадку. Я амаль увесь час знаходзіўся ў роўным, спакойным стане. Праз ваш сайт хачу падзякаваць вашым калегам, падтрымка з волі ўвесь час адчувалася. Хаця іншы раз, мабыць, толькі нейкая доля лістоў да мяне дахадзіла. Адчуваў падтрымку з боку маёй сям’і – жонкі, бацькі, брата, дачок. Мы змагаліся за магчымасць камунікацыі.

– Які стан вашага здароўя на сёння?

– Не дачакаецца. Я не адчуваю ніякіх адхіленняў. Меў магчымасць прымусіць там памераць мне ціск. Мой ціск – 120 на 80. Пульс – 66. Каб супрацьстаяць гэтаму (пагаршэнню здароўя С.), трэба увесь час працаваць. У мяне было 4 трэніроўкі на дзень, я вучыў англійскую мову. Быў увесь час заняты – пісаў лісты, чытаў кнігі.

Шчыра кажучы, я пабойваўся адчуць шок ад вызвалення. Але гэтага не здарылася. Зараз у мяне адчуванне, што я з’язджаў зусім нядаўна. Такое ж адчуванне ў маіх блізкіх.

– Як вы ставіцеся да кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч?

– Я асабіста знаёмы з Таццянай. Але, на жаль, абставіны яе вылучэння і асабліва той, хто яе вылучае (які па сутнасці яе і «зрабіў»), выклікаюць вельмі шмат пытанняў. І пакуль станоўчых адказаў я на іх не маю...

У мяне складаецца ўражанне, што на гэты раз пайшлі не на фабрыкацыю вынікаў выбараў, а сталі дзейнічаць па-іншаму. На гэты раз, відаць, выкарысталі спецслужбоўскія захады, каб не даць апазіцыі выйсці на адзінага. Скарысталі свае дыпламатычныя сродкі і адсеклі вонкавую падтрымку сапраўды апазіцыйных кандыдатаў. У рэшце рэшт маім утрыманнем у зняволенні далі грамадству сігнал, што ніякіх выбараў няма. Гэта паўплывала на адчайную спробу двух апазіцыйных лідараў зарэгістравацца – яны сутыкнуліся з каласальнай апатыяй.

Сустрэча з бацькам, 23 жніўня 2015 года. Фота Радыё Свабода

Мяне выпусцілі, калі усё ўжо было зроблена, калі немагчыма было паўплываць на колькасць сабраных подпісаў. Улада свядома пайшла на тое, каб пазбавіць грамадства выбараў. 30% дэмакратычных выбаршчыкаў (згодна сацыялагічных апытанняў) пазбавіліся магчымасці мець свайго кандыдата, які паслядоўна і гарантавана стаяў бы на іх пазіцыях. І гэта самая жудасная фальсіфікацыя з тых, што былі дагэтуль.

– Распаўсюджана меркаванне, што на фоне падзей ва Украіне людзі сталі баяцца перамен, і таму ніякіх шанцаў у апазіцыі ў бліжэйшы час не будзе.

– Я думаю, што ў любым выпадку апазіцыя павінна змагацца за дэмакратыю. Як было на мінулых выбарах: на круглым стале кандыдатаў мы не выйшлі на адзінага, але сфармулявалі задачы. Зараз трэба змагацца за задачу мінімум – ціснуць на ўладу, наносіць ёй палітычную, маральную, псіхалагічную шкоду, каб прымусіць яе да выбараў.

І я не разумею страху перад Плошчай. Плошча адрозніваецца ад Майдана. Плошча – гэта не бойка, а мірны супраціў. Калі ўлада збівае сваіх грамадзян, то наносіць сабе такім чынам маральную і палітычную шкоду.

Мы маем права на мірны пратэст. Мы павінны выказваць сваё стаўленне на гэтую нахабную фабрыкацыю. Раней хоць пакідалі нейкага апазіцыйнага кандыдата, за якога галку можна было паставіць, а зараз і гэтага няма!

На гэтых выбарах незаконна не зарэгістравалі маю ініцыятыўную групу. Я лічу, што парушаны мае правы і правы людзей, якія мяне вылучалі. Лічу, што гэтыя выбары несапраўдныя. Я буду дамагацца адмены таго, што адбылося. Інакш любы ўдзел у гэтых выбарах не мае сэнсу. Людзі, якіх выкарыстоўваюць, магчыма, добрыя і годныя (часцей за ўсё так яно і бывае). Але спіс кандыдатаў ужо сфабрыкаваны. Усё, выбары скончыліся.

Я буду патрабаваць вяртання выбараў хаця б на пачатковым этапе, рэгістрацыі мяне ў якасці кандыдата. Я хацеў бы ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Я ведаю, як можна выводзіць краіну з той сітуацыі, у якую яе загналі, я маю пэўную падтрымку ў грамадстве, і я заяўляю пра тое, што буду змагацца за сваё права.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)