Общество
Кірыл Іваноў

«Гавары праўду» прапануе прызнаць 25 сакавіка Днём Незалежнасці

З такой ініцыятывай грамадская кампанія звярнулася да ўладаў і дэмакратычніых сілаў.

Грамадская кампанія «Гавары праўду» звярнулася з прапановай да дэмакратычных партыяў і рухаў надаць святу 25 сакавіка назву «Дзень Незалежнасці», выкарыстоўваць яе ва ўсіх медыя- і інфармацыйных матэрыялах.

«У сённяшніх абставінах, калі існаванне краін, іх тэрытарыальная цэласнасць ставяцца пад сумненне — незалежная дзяржава становіцца галоўнай каштоўнасцю і здабыткам, якія ёсць у беларусаў як нацыі», — гаворыцца ў адмысловым звароце кампаніі. — Вельмі важным фактарам нашай незалежнасці ёсць тое, што яна аб`ядноўвае розныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія былі на нашай тэрыторыі цягам стагоддзяў, — Вялікае княства Літоўскае, Беларуская Народная Рэспубліка, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь. Без кожнага з іх не было б сённяшняй Беларусі».

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што Днём Незалежнасці з’яўляецца менавіта 25 сакавіка 1918 года. Бо ў гэты дзень у прынятай у Мінску 3-й Устаўной грамаце было ўрачыста абвешчана: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай».

«Такі крок даў магчымасць потым мець БССР — фармальна незалежную дзяржаву, што стала легітымным падмуркам для ўтварэння Рэспублікі Беларусь. Калі паглядзець на гісторыю, то мы ўбачым, што ніводная рэспубліка ці аўтаномія, якая захавалася ў складзе РСФСР, не атрымала незалежнасць пасля 1991 года. Гэта яшчэ раз яскрава сведчыць аб прынцыповасці гістарычнага досведу БНР», — гаворыцца ў звароце «ГП».

Кампанія прапануе уладам Беларусі прызнаць 25 сакавіка Днём Незалежнасці краіны, 3 ліпеня пакінуць святочным днём вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прызнаць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» гістарычнымі беларускімі каштоўнасцямі.

Дні незалежнасці ў гісторыі Беларусі

За часы існавання суверэннай Беларусі дата святкавання Дня незалежнасці змянялася аднойчы. Да 1996 года галоўнае свята краіны адзначалася 27 ліпеня — у гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. 24 лістапада 1996 года ў краіне прайшоў рэферэндум, адным з вынікаў якога стала змена даты святкавання. Ад таго часу Дзень незалежнасці святкуецца 3 ліпеня (у 1944 годзе ў гэты дзень быў вызвалены Мінск).

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі дата 25 сакавіка адзначаецца выключна на неафіцыйным узроўні. Святочныя шэсці на Дзень Волі неаднойчы жорстка разганяліся міліцэйскім спецназам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)