«Гары, кат, у пекле». У Бярозаўцы да помніка Леніну прынесьлі вянок з чарапам

«Каб нагадаць пра тыя мільёны людзей, якіх бальшавікі забілі», - распавёў пра ўчынак мясцовы актывіст Вітольд Ашурак.

Сам ён ужо сабраў заплечнік, мае пры сабе пашпарт і цыгарэты, бо ведае, што за такое можа быць пакараны.

Такі вянок каля помніка Леніну ў Бярозаўцы не праляжаў і паўгадзіны

Вянок актывісты купілі ў краме.

— Палічылі, што кветкі будуць такому кату занадта, то кветкі састрыглі. Прымацавалі выявы чарапоў і надпіс «Гары, кат, у пекле». Дадалі трохі калючага дроту, каб было маляўніча. Калючы дрот — гэта сымбаль бальшвізму, — распавядае Ашурак.

Пакінулі каля помніку і традыцыйныя для такога месца гвазьдзікі.

Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак кажа, што цяпер у Бярозаўцы да помніка Леніну не прыходзіць, а «праходзяць». Згадвае, як бабуля распавядала яму, што раней гэты помнік складаўся з двух асобаў: Леніна і Сталіна. Сталіна пазьней прыбралі, а Ленін застаўся.

Яшчэ школьнікам Вітольда вадзілі да помніка.

— Апошнім часам ён стаіць занядбаны. Палушчыўся ўвесь, стаіць, як у каросьце. Такое адчуваньне, што хутка яго здымаць. Бо ён ужо не выконвае тую функцыю, якая яму прызначалася, — кажа Вітольд Ашурак.

Паводле актывіста, калі яны спраўдзілі месца праз паўгадзіны, вянку каля помніку ўжо не было.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)