Гарадзенскі журналіст Ігар Банцар абвясціў сухую галадоўку ў ізалятары (абноўлена)

Актывіст апазыцыйнага Саюзу палякаў, журналіст Ігар Банцар пачаў галадаць за кратамі. 15 чэрвеня яго пакаралі арыштам — пяць сутак — за дробнае хуліганства, нібыта за «нецэнзурную лаянку». Ён абвясьціў сухую галадоўку.

Як паведаміў адвакат Уладзімір Кісялевіч, разгляд справы праходзіў у аддзяленні міліцыі «Цэнтр» на вуліцы Гараднічанскай. Суддзя Ленінскага раённага суда Стасюкевіч разглядала справу Банцара за зачыненымі дзвярыма.

Нагадаем, Банцара затрымалі 14 чэрвеня, перад судом над Анджэем Пачобутам.

Адвакат Кісялевіч удакладніў:

— Абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Два супрацоўнікі міліцыі напісалі пратакол, дзе сьведчаць пра тое, што Банцар «лаяўся грубай нецэнзурнай лаянкай». Я заявіў, і Банцар таксама, што якую б пастанову суд ні прыняў, гэта палітычна матывавана. Усе гэта зроблена, каб Банцар ня трапіў 17 чэрвеня на суд над Пачобутам. У сваім выступе я сказаў, што Банцар — адзін з актыўных людзей у Саюзе палякаў. Па санкцыі, прадугледжанай артыкулам 17-1, ёсьць і штраф ад дзьвюх базавых адзінак да трыццаці, судзьдзя магла б даць і штраф.

Рашэньня суду каля пастарунку на Гараднічанскай чакала Анжаліка Арэхва з малым дзіцём на руках.

— Я чакала такога, таму што лічу — гэта зьвязана з працэсам Пачобута, каб Ігар і ў пятніцу адсутнічаў, таму гэтыя пяць сутак арышту, — сказала жонка Ігара Банцара.

Жонка журналіста Анджэя Пачобута Аксана таксама была на Гараднічанскай — чакала, што пастановіць суд адносна Ігара Банцара.

— Гэта было чакана, што яго пасадзяць. Толькі я зьдзівілася, што яму толькі пяць сутак, але гэтым артыкулам больш не прадугледжана. Ня ведаю, што будзе далей: яго могуць справакаваць і дабавіць яму альбо зноў затрымаць — у панядзелак. Бо я думаю, што, канечне, суд над Пачобутам у пятніцу ня скончыцца, — сказала Аксана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)