Общество

Ганна Севярынец: пагрозы масавых расстрэлаў – гэта не пустыя словы

Настаўніца, пісьменьніца і дасьледчыца літаратуры Ганна Севярынец расказала Радыё Свабода, чаму вырашыла апублікаваць верш «Я за вас не галасавала ніколі», за які яе звольнілі з гімназіі:

– Гэтыя рэчы з пагрозамі масавых расстрэлаў... Больш за тое, як чалавек, які працуе з гісторыяй, з гістарычнымі дакумэнтамі, я разумею, што гэта не эмацыйнае выказваньне, гэта не пустыя словы. На жаль, такія рэжымы не спыняюцца перад тым, каб страляць.

Верш можна было захаваць у хатнім кампутары. Я думала, выкладаць яго ці не выкладаць. Гэта ж ня тое, што нейкае імпульсіўнае, неабдуманае рашэньне.

Мы шмат зь дзецьмі, асабліва са старшаклясьнікамі, размаўлялі пра масавыя рэпрэсіі, з 11 клясай чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Я праводжу 29 кастрычніка ўрокі памяці. І як я ім потым патлумачу, калі нешта здарыцца такое, а я нічога не сказала? Гэта будзе такая хлусьня з майго боку. Як я потым буду зь імі размаўляць пра гэта, калі летам раптам нешта адбудзецца, і я прыходжу на ўрок такая бесславесная? Я зразумела, што гэта не дае мне права маўчаць…

Можа, гэта адкладзе хаця б на 15 хвілін гэтае апошняе рашэньне страляць. Хаця б на 15 хвілін. І за гэтыя 15 хвілін нехта пасьпее сысьці. Альбо гэта будуць тыя пераломныя 15 хвілін, калі кінуць зброю тыя, хто павінен страляць.

Для мяне гэта ня патасныя развагі. Разумеючы сытуацыю і працуючы ўвесь час з 1930-мі гадамі і масавымі расстрэламі, я разумею, што гэта тое, што можа стаць нашай паўсядзённасьцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(103)