Ганна Севярынец: «І ў 1937, і ў 1941 каты хадзілі ў форме і з адкрытымі тварамі»

Пісьменніца — пра апошні рубеж, да якога яшчэ ніхто не даходзіў на гэтай зямлі.

— Сказаць па праўдзе, сённяшнія падзеі, усе гэтыя банды без апазнавальных знакаў з дубінкамі, подлыя затрыманні, пратаколы на маіх бацькоў за тое, што яны «грубо нарушали общественный порядок, находясь в общественном месте своей квартиры» (гэта значыць — махалі сцягам з балкона, ага), арыштаваныя ратавальнікі Камсамольскага возера і затрыманы хлопец з МНС, што не стаў здымаць сцяг — усё гэта агаломшыла мяне чамусьці страшней за падзеі 9-11 жніўня,  — напісала Ганна Севярынец. — У мяне скончыліся інструменты аналізу сітуацыі. Гэта ўжо нават не трыццаць сёмы, гэта ўжо не фашысты — і ў 1937, і ў 1941 каты прынамсі хадзілі ў форме і з адкрытымі тварамі.

І я стала нават у паніцы думаць: госпадзе, ну жылі ж мы неяк. Неяк жа жылі. Прыстасаваліся — і жылі. Кніжкі нават нейкія выдавалі, імпрэзы напаўпадпольна праводзілі, дзяцей ціхенька вучылі добраму, госпадзе, нашто мы выпусцілі гэтага джына з бутэлькі?

Але потым я падумала: а ён жа жор і тлусцеў на мае грошы, гэты шматлікі скот. Ён жа сам нічога не рабіў, а толькі спажываў маё, з маіх мазалёў карміў дасыта сваіх дзяцей, шчэ і пасмейваўся, калі я нешта мяўкала з-пад плоту. Ён і цяпер хоча ўсё вярнуць назад, і хоча гэтага болей, чым я.

А яшчэ я падумала, што дабро ніколі не даецца проста. Гэта заўсёды вельмі цяжкая работа, самая цяжкая з усіх. Але з гэтай маёй работы ніхто з іх не выдаіць сабе нічога, ніхто нічога не возьме, бо яны не сілкуюцца дабром. Гэта адзінае, што іх не корміць.

І неяк жа так выйшла, што гісторыя абрала менавіта нас дзеля гэтай невыносна цяжкой работы. Колькі іх палегла за гэтай справай, колькі іх не дачакалася. Пакаленні, народжаныя ў 1900х, у 1920х, у 1940х — яны ж таксама хацелі, але не дацягнулі, не даціснулі. Мы цяпер ужо зрабілі значна болей, і падышлі да той мяжы, калі назад гэтую пачвару ўжо не ўвапхнеш. Нейкі апошні ўжо рубеж, да якога шчэ ніхто не даходзіў на гэтай зямлі.

Ну то значыць трэба сціснуць зубы — і рабіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(96)