Общество

Ганна Севярынец: «Аляксандар Тарайкоўскі зрабіў і робіць наш шлях неадменным»

Пісьменніца у інтэрв’ю Радыё Свабода пра ўрокі, якія мы можам вынесьці з падзеяў у Беларусі-2020.

Беларусь 2020: наш час і наш шанец

Я гляджу на падзеі 2020/2021 году як на лягічны працяг натуральных гістарычных працэсаў па фармаваньні беларускай нацыі.

Калі моцна абагульняць, ажно да спрашчэньня, мне падаецца відавочным, што беларуская нацыя ва ўсе часы свайго разьвіцьця імкнулася сфармавацца не як «культурна-этнічная супольнасьць», што яднае людзей паводле паходжаньня і агульнай мовы і культуры, а як нацыя палітычная і мультыкультурная, што яднае людзей паводле месца нараджэньня, паводле геаграфіі і дзяржаўных межаў. І мне здаецца, што беларусы ўва ўсе часы імкнуліся ўвасобіцца менавіта ў палітычную нацыю, але рабілі гэта заўчасна.

Для ХХІ стагодзьдзя палітычная нацыя — вельмі натуральны працэс, для ХІХ — ня надта лягічны, зараньні. Менавіта таму мы так доўга да гэтага ішлі рознымі няпэўнымі сьцежкамі.

Ці вось такое яшчэ назіраньне. Мне падаецца, што калі ўгледзецца ў нашую гісторыю, асабліва ў гісторыю сямейную, не з падручнікаў, мы пабачым, што для беларуса ніколі не была прымальнай вэртыкальная сыстэма кіраваньня, кшталту самаўладзьдзя альбо бальшавізму.

Беларус увесь час жыў як бы па-за ўладай, паралельна ёй, унікаючы шчыльнай супрацы, фармальна скараўся, але ўвесь час трымаў дулю ў кішэні і абыходзіў уладу кантрабанднымі спосабамі.

Менавіта таму беларусы ва ўсе часы падаваліся палітычна абыякавымі, маўляў, кіруйце хто заўгодна, абы не было вайны. Але гэта не абыякавасьць, а татальны недавер да вэртыкалі, любой, старой ці новай.

Таму і мяняць уладу звычайны беларус ня любіць, бо гэта ж наноў пракладаць сакрэтныя шляхі абыходаў. Затое на гарызантальных сувязях — сваяцтва, сяброўства, аднавяскоўства — на гэтым заўсёды трымаўся і дабрабыт беларуса, і кар’ерны рост, і вырашэньне паўсядзённых пытаньняў.

Мадэрновыя працэсы перабудоваў вэртыкальных сувязяў у грамадзтве на гарызантальныя для нас — гэта ўсяго толькі, нарэшце, наш натуральны стан. Проста цяпер мы ў сваіх гарызантальных прыярытэтах супалі з сусьветнай тэндэнцыяй і нават узначалілі гэты трэнд.

З вэртыкалі на гарызанталь будзе перабудоўвацца хутка ўся Эўропа, іншым, канечне, небеларускім шляхам.

Да таго ж беларусы даволі спэцыфічна ставяцца да паняцьця лідэрства. Цяжка прыгадаць гістарычную асобу, якая стала б безумоўным духоўным ці палітычным лідэрам для беларускай большасьці.

Разуменьне кіраўніцтва як мэнэджарства, без ідэалягічнага складніку, для нашага грамадзтва натуральнае спрадвеку. Цяпер якраз той час, калі такое ўспрыманьне ўлады робіцца агульнапрынятым для славянскага сьвету.

Я думаю, проста нарэшце настае наш час, у якім мы можам пачувацца цалкам натуральна з пункту гледжаньня сваіх унутраных спрадвечных запатрабаваньняў.

Зваротнага кірунку гэтыя працэсы ня маюць, і ў гістарычнай пэрспэктыве яны разьвяжуцца перамогай новага мысьленьня вельмі хутка. Адно што: гістарычная пэрспэктыва для звычайнага чалавека выглядае надта ж даўгой. Цяжка датрываць.

Пры гэтым менавіта працэс канчатковага фармаваньня мультыкультурнай палітычнай нацыі суправаджаецца і нацыянальным адраджэньнем, што праўда, даволі спэцыфічным. Новая супольнасьць мае выразную і заўважную прагу да супольных ведаў пра сябе, сваю гісторыю, сваю культуру, і мы бачым вялікую колькасьць адукацыйных мерапрыемстваў і праектаў, няхай сабе і «партызанскіх» у цяперашніх варунках, і гэты працэс закранае ня толькі ўласна «беларушчыну», але і нашу беларускую «габрэйшчыну», беларускую «пальшчызну», беларускую «Ўкраіну», часьцяком такія праекты распачынаюцца і вядуцца па-расейску, адным словам, нацыянальнае нашае адраджэньне мае на ўвазе гістарычны досьвед ня толькі этнічна беларускі.

Добра (і лягічна), што пераплаўляецца гэта ўсё ў адно цэлае пераважна беларускамоўнай інтэлігенцыяй, то бок нарэшце беларуская мова кардынальна зьмяніла свой статус і з мовы «простага люду» стала выразнай мовай эліты.

Адпаведна, усё, што створана альбо ствараецца па-беларуску, цяпер мае асаблівае значэньне, роўнае ў масавай сьвядомасьці пратэсту і перамозе. Думаю, гэта ўнікальны шанец для нашай спакутаванай мовы. Перамога ж беларускага сьцяга — наогул відавочная і пераканаўчая, няма чаго і казаць.

Наогул усё тое, што адбываецца, — абсалютна беларуская гісторыя, і хоць адбываецца яна ў тым ліку і на расейскай мове, але не губляе пры гэтым сваіх выразных нацыянальных характарыстык. Параўноўваючы беларускія працэсы з украінскімі, польскімі, расейскімі, чэскімі, армянскімі, якімі заўгодна, мы непазьбежна сутыкаемся з выразнай самабытнасьцю і падзеяў, і духоўных запытаў, што ляжаць у іх падмурку.

Наш пратэст — выразна беларускі, цалкам адпаведны нашаму абагульненаму характару, і ня толькі ў сваіх прыгожых рысах, але і ў рысах пачварных. Нездарма самыя дакладныя паралелі, якія можна правесьці з нашым часам, — паралелі з нашай уласнай мінуўшчынай.

Гаворачы пра тое, якім чынам адрэагавала на падзеі 2020 году беларускае грамадзтва, я б не ўжывала слова «раскол». Наогул, як мне падаецца, «раскол» — небеларуская зьява. Ніколі такога не было, каб беларусы раскалоліся на дзьве часткі па будзь-якім пытаньні.

Наш натуральны стан — атамізацыя, адасобленасьць, наяўнасьць безьлічы пунктаў погляду і стратэгіяў існаваньня. Нездарма ж існуе такі выключна беларускі анэкдот: «Калі тры беларусы створаць палітычную партыю, у ёй будзе сем фракцыяў і ў кожнай шчэ падфракцыі».

Думаю, у нас адбылася часовая кансалідацыя вакол ідэі сумленных выбараў, гэткі варыянт нашай талакі, але як толькі да гэтых самых выбараў дойдзе — беларусы зноў пякельна атамізуюцца, і гэта добра, бо якраз беражэ ад расколу.

Наяўнасьць так званых «ябацек» — гэта не раскол, надта іх няшмат, тыя ж, каго мы можам сёньня залічыць да прыхільнікаў адыходзячага рэжыму — хутчэй закладнікі пэўных асабістых абставінаў, чым нейкая выразная частка, якая дазволіла б казаць пра «раскол».

Менавіта таму я ня бачу ніякіх падстаў для працэсаў, якія можна было б назваць «прымірэньнем», бо ніхто асабліва не сварыўся, тое, што цяпер адбываецца, гэта ня сварка. Гэта палітычнае супрацьстаяньне рэжыму і агулам народу.

Здаецца, у гісторыі не бывала такога, каб такія працэсы фіналіліся «прымірэньнем». Як яно павінна выглядаць? Любое прымірэньне — гэта перагорнутыя старонкі. Сумняюся, што нехта да такога гатовы.

Ці шкадую я, што з намі ўсё гэта адбылося?

Ну як можна шкадаваць аб тым, што гісторыя ідзе сваёй хадой. Думаю, у нас не было выбару, гэта як дзіця, калі яно ўжо зьбіраецца нарадзіцца, яно народзіцца, шкадуй не шкадуй.

Ці вартыя гэтыя працэсы пакутаў і сьмерцяў?

Мне б таксама не хацелася ставіць пытаньне такім чынам. Сэнс ня ў вартасьці або суаднесенасьці коштаў. Па-іншаму такія зьмены не адбываюцца, плянуеш ты за іх плаціць ці не. Асабіста я хацела б, каб ніхто ня гінуў і нічые лёсы не ламаліся. Але, напэўна, так не бывае.

Я кожны раз думаю, што чалавечы лёс заўсёды даўжэйшы за фізычнае жыцьцё, асабліва лёс пакутнікаў, і думаю, што Аляксандар Тарайкоўскі зрабіў і робіць наш шлях неадменным, Раман Бандарэнка дае нам упартасьці, іншы раз — праз наш агульны сорам перад ім, чалавекам, які выйшаў.

Вітольд Ашурак і па сёньня закрывае сабой ад гвалтоўнай сьмерці ўсіх нашых палітвязьняў, да якіх пасьля ягонай гібелі выразна зьмянілася стаўленьне ўнутры вязьніцаў.

Якія ўрокі можам мы вынесьці з падзеяў у Беларусі-2020?

Думаю, галоўныя зь іх — самыя простыя. Першы — агульны. Нельга забывацца на сваю гісторыю. Варта яе ведаць і своечасова адказваць на яе выклікі.

Неадрэфлексаваныя памылкі мінуўшчыны абавязкова вернуцца наступнаму пакаленьню, і пакуль грамадзтва іх не адрэфлексуе, адны і тыя ж гістарычныя сытуацыі будуць перасьледаваць усю супольнасьць.

Другі — асабісты. Чалавек — адначасова анёл і зьвер. Кожны з нас здатны і на подзьвіг, і на здраду, і на салідарнасьць, і на злачынства. Пільнаваць у сабе зьвера, гадаваць у сабе чалавека — паўсядзённая наша праца, неадменнае практыкаваньне, выконваць якое трэба кожны дзень.

Аляксандар Пашкевіч: «Асноўная пагроза для дыктатарскіх рэжымаў — гэта іх адрыў ад жыцьця»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(36)