«Ганьба. Знаць вас не хачу пасьля гэтага», — былы міліцыянт з Ганцавічаў абураны дзеяньнямі праваахоўнікаў
20 чэрвеня ў Ганцавічах у цэнтры гораду адбыліся жорсткія затрыманьні. Відэа, дзе міліцыянт прыціскае каленам галаву чалавека, выклікала розгалас у сацыяльных сетках. Радыё Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам Ганцавіцкага РАУС Сяргеем Сідарэвічам аб працы ў беларускай міліцыі.
Сяргей Сідарэвіч, фота з асабістага архіву героя
«Ганьба. Знаць вас больш не хачу», — пакінуў Сяргей такі камэнтар пад відэа з акцыі і затрыманьня ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».
Сяргей кажа, што пачынаў служыць у Баранавічах у трэцім асобным палку патрульна-паставой службы міліцыі. У 2011-м перавёўся ў родныя Ганцавічы і працаваў там да 5 сакавіка 2016 году.
«Няўжо мірныя людзі заслугоўваюць, каб зь імі абыходзіліся як са злачынцамі?»
Мне было максымальна складана глядзець гэтае відэа. Мяне добра ведаюць там, я каля трох гадоў адпрацаваў у аддзеле. Я гэтых людзей ведаю асабіста, працаваў зь імі. Вось гэты супрацоўнік, які ціснуў каленам на галаву, які стаў знакамітасьцю ўжо, — я быў у яго сьведкам на вясельлі.
Я ў шоку. Глядзеў відэа разам са сваёй сям’ёй, але пакінуў сям’ю, паехаў пакатацца па горадзе, каб проста супакоіцца.
Яны ня мелі аніякага права так рабіць. Ня мелі яны права чапаць людзей, круціць. Ніякага непадпарадкаваньня не было, што яны цяпер там складаюць пратаколы паводле 23.4 (Арт. 23.4 КаАП — «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы». — РС). У артыкуле дакладна напісана: «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням». А якія там былі законныя патрабаваньні? «Разысьціся»? Прабачце, людзі ня могуць стаяць на плошчы? Не было ж аніякага мітынгу, плякатаў, проста людзі стаялі. Няўжо мірныя людзі заслугоўваюць, каб зь імі абыходзіліся як са злачынцамі? Я ў шоку быў, калі пабачыў. Мне страшна ўсьведамляць. Я гэтых людзей проста выкрасьліў з свайго жыцьця.
Мне шчыра шкада іхных родных, жонак, сваякоў. Сапраўды шкада. Я ўжо паглядзеў у сваім ВК — іх жонкі павыдалялі свае старонкі, дык уявіце, што там адбываецца, гэта ж малы горад.
«Проста ліпавы адміністрацыйны матэрыял»
Я сыходзіў (зь міліцыі. — РС) так, што ўвесь горад пра гэта ведаў. Ізноў жа было незаконнае затрыманьне. Затрымалі дзяўчыну, нібыта на апытаньне, нібыта яна сьведка бойкі ў кавярні. Бойка была на вуліцы, яна была ў кавярні. Яе затрымліваюць, ужываюць да яе фізычную сілу. Я на той момант працаваў памочнікам дзяжурнага РАУС. У мяне былі ўсе журналы. Дык вось супрацоўнікі не запісалі ўжываньня фізычнай сілы.
Дзяўчыну пратрымалі ў аддзеле восем гадзін, хоць законна можна тры. На яе склалі два пратаколы — паводле арт. 17.3 «Зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане» і 17.1 «Нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы». Дзяўчына была цьвярозая і ніводнага мацернага слова не сказала. Яна тады вучылася на 4-м курсе нейкага пэдагагічнага каледжу, настаўніцай працуе.
Яна выйшла ўся ў сьлязах, праходзіла каля дзяжуркі, я яе спыніў, спытаў, што адбылося. Даў ёй нумар тэлефона свайго, мы сустрэліся і напісалі дзьве заявы ў суд, абскардзілі гэтыя пратаколы і заяву асобна напісалі ў пракуратуру, на ўсе парушэньні — і ўжываньне сілы, і што яе трымалі 8 гадзін.
Сяргей Сідарэвіч
Я адзіны ў форме прыходзіў да яе на суд з боку абароны, ішоў супраць кіраўніцтва аддзелу. У выніку мы яе адстаялі, хоць ніхто ў гэта ня верыў. Нават мяне апытваў памочнік пракурора і казаў «Сяргей, цябе ж зьядуць у гэтым аддзеле». Я сказаў: «Мне пляваць, я яе абараню і звальняюся».
Па 17.3 у нас было паседжаньне, я пытаюся: «А дзе ты алконт узяў»? Супрацоўнік склаў пратакол, дзе паказаў 2,2–2,4 праміле алькаголю, а самой працэдуры ніхто не праводзіў. Гэтая дзяўчына нікуды ня дыхала. Проста ліпавы адміністрацыйны матэрыял. Тое ж самае і па 17.1, яна ніводнага мацернага слова не сказала, а супрацоўнікі крычалі на яе матам, вушы ў трубачку згортваліся, а пратакол склалі на яе.
У судзе я спытаўся: чаму вы яе не адвезьлі на асьведчаньне ў прыёмны пакой? Судзьдзя задае такое ж пытаньне: «Вы бралі алконт у дзяжурнай частцы?» Кажуць: «Так». Я кажу: «Не, ня бралі, спытайце ў дзяўчыны: ці праходзіла яна асьведчаньне, ці давалі ёй расьпісвацца ў пратаколах?». Не, ніхто не даваў. Судзьдзя прыняў рашэньне скасаваць пастанову і дзяўчыну не караць.
На гэтым судзе паўаддзелу прысутнічала. А празь некалькі дзён было паседжаньне па артыкуле 17.1, дык мы ўжо прыйшлі ўдваіх, больш нікога не было. Я казаў на судзе: «Вазьміце камэры відэаназіраньня. Так, там гуку няма, але відаць жа, што дзяўчына сядзела і плакала, а на яе крычалі».
«Што, знайшоў плечы, шырэйшыя за мае?»
Пасьля гэтага эпізоду за два месяцы на мяне завялі 8 службовых праверак. Дастаткова тры пакараньні на працягу году, каб звольніць супрацоўніка за сыстэматычнае парушэньне дысцыплінарнага статуту. А на мяне іх завялі восем.
Я прыходжу на зьмену, а на мяне «служэбка» заведзеная намесьнікам начальніка РАУС, маўляў у мяне «брудны пісталет». У мяне ў дзяжурцы доступ да збройнага пакою, я адчыняю, мой пісталет стаіць чысты, а ягоны побач брудны. Я гэта ўсё фатаграфую, каб адбіцца ад той «служэбкі», каб мяне не пакаралі.
А калі я прыносіў заявы на звальненьне, іх проста разрывалі, хацелі мяне звольніць толькі па артыкуле.
Мне пашанцавала: я займаўся спортам, удзельнічаў у спаборніцтвах у вобласьці. І мне адзін зь берасьцейскіх начальнікаў дапамог звольніцца «са згоды бакоў».
Я прыйшоў да начальніка з рапартам, той сядзіць злосны-злосны і кажа фразу, якую я на ўсё жыцьцё запомніў: «Што, знайшоў плечы, шырэйшыя за мае?». Я кажу: «Давялося, знайшоў». Трэцяга сакавіка 2016 году я сышоў з органаў.
«Магчымасьць адмовіцца выконваць загад адназначна ёсьць»
Мне «ЎКантакце» шмат хто піша: што гэта за людзі (пра міліцыянтаў. — РС)? У мяне няма апраўданьняў і няма нават думак, каб хаця б неяк сфармуляваць, што ў іх галовах адбываецца. Людзі ж не злачынцы, не зрабілі нічога кепскага, нечыя бацькі. Ня ведаю, чым кіруецца той жа супрацоўнік ДПС, які душыў чалавека каленам. Увогуле не разумею.
Гэтыя людзі не маглі фізычную падрыхтоўку здаць: элемэнтарныя нарматывы для супрацоўніка, кшталту — падцягнуцца 10 разоў. Але зь якім агнём у вачах яны круцілі людзей! Ізноў самасьцьверджаньне, няма ў мяне іншага тлумачэньня. І ўпэўненасьць у беспакаранасьці. Бо людзі ня скардзяцца. Але я ж змог адстаяць гэтую дзяўчыну!
Сяргей Сідарэвіч
Магчымасьць адмовіцца выконваць загад адназначна ёсьць. І нічога крытычнага праз гэта ў супрацоўніка ня будзе. Завядуць службовую праверку, магчыма. Калі і завядуць, то будзе ўзятае тлумачэньне, у якім ён сьмела можа паказаць, што загад заведама незаконны, што я не абавязаны затрымліваць людзей, якія не парушылі закон. І нават ня маю права гэтага рабіць. Ёсьць некалькі артыкулаў Закону аб органах унутраных справаў — ад 26-га артыкула па 29-ы. Яны апісваюць, калі супрацоўнікі могуць ужываць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі, зброю.
Вазьміце тую ж сытуацыю ў Маладэчне, калі міліцыянт дастаў пісталет. Ён ня меў права. І вам кожны вайсковец, кожны супрацоўнік скажа, што з кабуры ніколі пісталет проста так ня выпадзе. Кабура сканструяваная такім чынам, што пісталет ня выпадзе, нават калі цябе павалілі на зямлю. Думаю, ён спужаўся, дастаў зброю, каб напалохаць людзей, і гэта найгрубейшае парушэньне зь ягонага боку.
«Мне страшна ўявіць, што цяпер там адбываецца за сьценамі гэтых аддзелаў»
Гэтая сыстэма згніла знутры. Зьмена ўлады, кіраўніцтва краіны — гэта самае асноўнае, што трэба зрабіць, каб яе зьмяніць. МУС скача пад дудку Лукашэнкі. Шуневіч (былы міністар унутраных справаў. — РС) быў проста левай рукой. Толькі зьмена ўлады і перагляд адміністрацыйнай практыкі.
Трэба прыбіраць палачную сыстэму. Супрацоўніку ДАІ адказны па УУС адкрыта кажа: «Табе трэба сёньня тры пратаколы за пераход у неналежным месцы, за рэмень бясьпекі — столькі і столькі, за перавышэньне — столькі і столькі». Таму і атрымліваецца, што ты трохі перавысіў, а ў цябе мёртвай хваткай учэпяцца, бо трэба аштрафаваць. Калі ён (міліцыянт. — РС) не аштрафуе, не набярэ гэтых пратаколаў, ён увечары прыедзе ў аддзел, а ў яго ня прымуць зброю і ён паедзе далей дапрацоўваць, шукаць ахвяраў. Трэба прыбіраць палачную сыстэму, каб асноўным было не пакараць грамадзян, а спрафіляктаваць, патлумачыць.
Вы ўявіце, як мяняецца псыхіка чалавека, наколькі ён робіцца беспрынцыповым, бесчалавечным, калі ён пачынае штодзённа пераступаць церазь сябе, заплюшчваць вочы на чалавечыя просьбы, словы і прадукаваць гэтыя пратаколы? Бо ён усяго толькі хоча дахаты прыехаць увечары, да сям’і. Не а другой-трэцяй гадзіне ночы, а хаця б а дзявятай. Год-два чалавек працуе ў такім рэжыме, і ён робіцца машынай, гатовай на загад ламаць людзей проста так.
І яшчэ — як «тонка» пабудаваная сыстэма. Калі хлопец вучыцца 5 гадоў у Акадэміі МУС, ён абавязаны пасьля 5 гадоў адпрацаваць. Калі раптам ён звольніцца раней, яму трэба выплаціць вялізную суму грошай — і за жытло, і за навучаньне, і за абмундзіраваньне. І людзі трапляюць у сытуацыю, калі яны вымушаныя працаваць і заплюшчваць вочы на ўсё — і на зьдзекі кіраўніцтва, і на ўсё іншае. Яны вымушаныя заставацца, бо разумеюць, што калі звольняцца ці іх звольняць, зьявіцца фінансавая бездань, якую трэба неяк закрываць.
Паглядзіце, хто ў АМАП. 20—22-гадовыя хлопцы, якім яшчэ трэба пабіцца, кагосьці пакруціць, паламаць, самасьцьвердзіцца. А калі ім даюць вось гэтую ўладу, калі іх прыкрываюць пагоны, іх «крышуе» сама сыстэма, калі большасьць зь іх пэўныя, што ўсё застанецца для іх беспакараным, — так і адбываецца.
Яны яшчэ не ўсьведамляюць таго, што робяць. Маладняк, які толькі адслужыў. Паўтара года іх дрэсуюць у войску выконваць любыя загады. І ў АМАП яны гэтаксама выконваюць тыя загады, нават не здаючы сабе справы, што загад незаконны. Яны, як верныя сабакі з палымянымі вачыма, чакаюць, калі кінуць костку. Кінулі — і яны пабеглі круціць, ламаць. Гэта людзі, псыхалягічна падрыхтаваныя выконваць такія загады, не задумваючыся, што мірныя людзі не ствараюць аніякай пагрозы.
Заробкі ў міліцыі блізкія да сярэдняга па Беларусі, які прынята называць. Думаю, цяпер сяржанцкі склад атрымлівае 800–1000 рублёў. Афіцэры, участковыя зь перапрацоўкамі 1300 могуць атрымаць.
Цалкам няма часу на асабістае жыцьцё, на сябе. Вось, напрыклад, мне трэба ў свой выходны ў Менск у справах. Але каб пакінуць свой гарнізон, гэта значыць проста выехаць за межы свайго раёну, трэба напярэдадні пісаць рапарт на выезд. І рапарт павінен падпісаць начальнік. А калі ты не даспадобы свайму кіраўніцтву і начальнік яго не падпіша, ты ня маеш права ў асабісты выходны проста выехаць за межы гораду.
Патрэбная глябальная рэформа. Я сыходзіў і думаў, што сыходжу зь пекла. Але тыя хлопцы, якія цяпер працуюць, кажуць: «Ты яшчэ сышоў у добрыя часы». Мне страшна ўявіць, што цяпер там адбываецца за сьценамі гэтых аддзелаў.
«Крыўдна і страшна глядзець на людзей, якія ня ведаюць закону»
Часта даводзілася назіраць, як людзей затрымліваюць незаконна, беспадстаўна, выпісваюць пастанову — і яны ідуць плаціць. Крыўдна і страшна глядзець на людзей, якія ня ведаюць закону і іх нізавошта караюць.
Чалавек можа быць адэкватны, але трохі выпіў. Яго прывязуць і складуць пратакол па 17.3 (арт КаАП «Знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. — РС). І ўсім пляваць, што ў артыкуле ўдакладняецца: ягоны вонкавы выгляд павінен «абражаць чалавечую годнасьць і мараль». То бок ён павінен як сьвіньня на каленках поўзаць, не разумець, што адбываецца, вось тады яго могуць па 17.3 прыцягнуць. Але цяпер грабуць усіх спрэс.
Цяпер усплылі падрабязнасьці, як людзей (затрыманых у Ганцавічах 20 чэрвеня. — РС) зьбівалі ў аддзеле. Я ўпэўнены, што так яно і было.
Я часта бачыў, як зьбіваюць затрыманых людзей у сьценах РАУС. Гэта было, ёсьць і без маштабнай рэформы так і будзе. І найбольш у гэтым удзельнічаюць людзі, якія мелі нейкія праблемы, з аднагодкамі, напрыклад. Яны, агулам кажучы, самасьцьвярджаюцца. Я ніводнага чалавека не крануў, хоць у мяне фізычная падрыхтоўка была найлепшая ў аддзеле. Але мне няма чаго самасьцьвярджацца, я і так упэўнены ў сваіх сілах.
Я ішоў у органы сьвядома. Тады ў мяне былі думкі, што можна зьмяніць стаўленьне людзей да формы, і мне хацелася людзям дапамагаць.
У мяне быў выпадак, калі затрымалі хлапцоў, якія сьвяткавалі дзень народзінаў. 20 гадоў хлопцу. Затрымалі ні за што ў пятніцу, пакінулі да панядзелка, да суду. Я разумею, што ў хлопца юбілей за кратамі, незаконна пасаджаны. Я купляю торт, садавіну, сок. Прасоўваю ў гэтую кармушку, каб ніхто не пабачыў. Яны зь сябрам сядзелі. Гэты 20-гадовы хлопец плакаў. Праз два тыдні я ішоў са сваёй дзяўчынай і ён са сваёй. Мы сустрэліся, і ягонай радасьці і ўдзячнасьці не было межаў. Я ўсё ж працаваў для людзей.
Былі моманты, калі і я жорстка затрымліваў, але гэта былі злачынцы. Людзі, якіх трэба пакараць, якіх прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за наркотыкі, крадзяжы, спробы згвалтаваньня, разбой. Там цырымоніцца сэнсу няма, супрацоўнік мусіць жорстка прыняць меры для затрыманьня. Але каб невінаватых людзей круціць — ніколі.
Скардзіцца трэба. Уявіце, супрацоўнік некага пабіў, а яму за гэта нічога, нават праверку ніхто не праводзіў. Як вы думаеце, ён на наступны дзень будзе кагосьці біць? Трэба скардзіцца! Імавернасьць, што адфутболяць, ёсьць, але трэба здымаць пабіцьцё, фатаграфаваць знакі ад біцьця, заяўляць, што я не аказваў супраціву, што мяне пабілі ні за што.
Я адкрыў ІП, працую на сябе. Ніводнага дня не пашкадаваў, што зьмяніў сваё жыцьцё. Хоць былі цяжкія часы, але нават тады я ня думаў, што лепш бы я ў міліцыі застаўся. Там вельмі шмат нэгатыву, шмат кепскага. Са звычайнымі чалавечымі якасьцямі чалавеку там цяжка. Змагацца штодня з самім сабой, прагінацца пад гэтыя загады, ламаць сябе — гэта складана.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное