Галіна Казіміроўская: «Я разумею, што калі я перастану быць музыкам – яны перамаглі, яны мяне зламалі!»

Budzma.org пагаварыла з Галінай пра падзеі жніўня 2020-га, вымушаны пераезд, цяжкасці адаптацыі, а таксама пра тое, чаму беларусы не ведаюць сваіх песень і ў чым яна зараз бачыць сваю місію.

Фота тут і далей з асабістага архіва Галіны Казіміроўскай

Па адукацыі Галіна Казіміроўская — харавы дырыжор і амаль 15 гадоў кіруе аматарскім харавым калектывам «Concordia», які спявае розную музыку: ад барока да сучасных твораў.

Калектыў шмат вандраваў, удзельнічаў у розных конкурсах і фестывалях, стараўся раскрыць багацце беларускай харавой музыкі.  Зараз Галіна і частка яе харыстаў вымушана з’ехалі ў Польшчу, дзе працягваюць працаваць над узбагачэннем беларускай культуры.

— Галіна, раскажыце, калі ласка, як праходзіла Ваша творчае жыццё ў Беларусі?

— «Concordia» — гэта была мая асноўная, любімая і галоўная праца жыцця. Гэта хор, які я ўзрасціла ад самага пачатку да добрага ўзроўню. Мы рабілі шмат канцэртаў, вандравалі па свеце, удзельнічалі ў розных фестывалях, харавых абменах, творчых праектах, канцэртных турах.

Акрамя гэтага, я выкладала вакал, у мяне была студыя, дзе я працавала. Таксама пісала музыку для хору і рабіла харавыя аранжыроўкі. Мне было цікава развіваць у Беларусі харавое мастацтва, таму ў 2010 годзе я адкрыла творчы цэнтр пры Саюзе музычных дзеячаў.

Там мы стварылі адзіны і на той момант першы фестываль-конкурс беларускай харавой музыкі «Рэха». Як заўсёды, у нас сваіх твораў людзі няшмат спяваюць, я ведала пра гэта даўно, таму імкнулася заняць гэтую нішу.

— То бок, Вы рабілі акцэнт менавіта на беларускую музыку?

— У маім калектыве больш за палову твораў — гэта творы беларускіх кампазітараў. Мне заўсёды было цікава спяваць тое, што ніхто не спяваў, знаходзіць сучасныя імёны. У нас вельмі моцная кампазітарская школа, але гэта часам нікому не патрэбнае мастацтва. Мне ад гэтага заўсёды было вельмі крыўдна. Шмат беларускіх кампазітараў гадамі пішуць «у стол».

Ніколі не разумела, чаму музыкі часцей выбіраюць ужо вядомую, папулярную музыку. Калі ты працуеш над творам, які гучаў ужо тысячу разоў, табе складана знайсці ў ім штосьці новае.

А калі ты працуеш над новым творам — гэта цуд, гэта як першыя крокі па снезе. Там яшчэ ніхто не хадзіў і ты сам шукаеш інтэрпрэтацыю, музыку, нейкія прыёмы, як раскрыць твор. Мяне гэта заўсёды цікавіла, і я працавала над гэтым са сваім калектывам.

— Раскажыце крыху пра адзін з апошніх праектаў хору – «Пагружэнне», пра што ён?

— Аднойчы, неяк зусім раптам у галаву прыйшла ідэя парушыць звыклыя рамкі, паглядзець на хор, на харавое гучанне з іншага боку. Праект «Пагружэнне», перш за ўсё, — гэта спроба сцерці межы паміж выканаўцам і слухачом.

Падчас канцэрта любы слухач можа перамяшчацца і выбіраць сабе месца, адкуль яму будзе зручней і лепш успрымаць музыку. Ён можа стаць у сярэдзіну хору або каля любога з харыстаў і такім чынам апынуцца ўнутры гучання.

Таксама і харысты могуць перамяшчацца і станавіцца побач са слухачамі або вакол канкрэтнага чалавека, ствараючы такім чынам гукавое кола. Гэты праект нарадзіўся прыкладна за год за рэвалюцыі, ён унікальны, такога няма ў свеце.

Гэта такі канцэрт-перформанс, канцэрт-фарба, канцэрт-настрой. «Пагружэнне» — гэта іншы спосаб спявання, сыход ад звычайных форм, яго мэтай было максімальна пагрузіць слухачоў у музыку. Мы выключалі святло і спявалі ў поўнай цемры, каб нічога не перашкаджала слухаць, далучалі да спеваў слухачоў, каб адчуць сябе адным цэлым, спявалі ў розных арт-прасторах, і кожны раз гэта гучала па-новаму.

Гэта быў такі цікавы праект, ён толькі пачаў развівацца, і мы паспелі зрабіць каля дзесяці такіх музычных «заплываў». Я вельмі шкадую, што зараз ён у замарожаным стане.

— Ці проста было развіваць харавое мастацтва ў Беларусі?

— Людзі культуры ў Беларусі звыкліся з тым, што не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы. Нам проста не перашкаджалі, і гэта ўжо было добра.

Мы такая аўтаномная нацыя, якая навучылася знаходзіць выйсце, шукаць падтрымкі з іншых бакоў, каб ладзіць праекты і ствараць творчыя сувязі.

Канешне, мы развіваліся, канцэртнае і фестывальнае жыццё было насычаным. Бывала такое, што няма куды ўціснуць нейкі новы праект ці канцэрт, бо ўсё ўжо было распісана. Зараз гэта ўспамінаеш, як нейкі цуд.

— Што змянілася ў Вашай дзейнасці летам 2020 года?

— Калі грымнула рэвалюцыя, я паставіла музычныя працэсы на паўзу і, шчыра кажучы, проста не магла займацца такой музыкай, якая для задавальнення і для душы.

Першы месяц, калі спрабавалі спяваць з хорам, стаяў проста нейкі ком у горле. Ты проста не можаш спяваць. Музыка — гэта стан душы, калі ты расслаблена можаш аддавацца ёй і можаш ствараць. А калі табе баліць, калі ты кожную хвіліну думаеш пра тое, каго і як зараз катуюць — гэта проста немагчыма. Бярэшся за інструмент, і твае рукі нібыта з дрэва, ты не можаш карыстацца сваімі навыкамі і проста ўпадаеш у нейкі ступар.

Але, канешне, я ні ў якім разе не збіраюся неяк асуджаць тых, у каго атрымоўваецца. Зразумела, што мы ў такім стане правядзем яшчэ невядома колькі месяцаў ці нават гадоў. Страшна пра гэта казаць.

Я разумею, што калі я перастану быць музыкам — яны перамаглі, яны мяне зламалі. Калі ты граеш на інструменце — гэта адна рэч, калі ты працуеш з голасам — іншая.

Ты не можаш неяк націснуць на голас, прымусіць яго працаваць. Гэта своеасаблівы інструмент, які нават з-за кепскага надвор’я можа не працаваць, а тут такі псіхалагічны ціск...

— Вы збіралі подпісы ў падтрымку Віктара Бабарыкі і ўключыліся ў палітычныя працэсы яшчэ да падзей жніўня. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбывалася і што было потым?

— Я ўключылася ў падзеі яшчэ ў траўні, калі вырашыла збіраць подпісы. Для мяне гэта быў першы крок як грамадзянкі, якая выказвае сваю пазіцыю. Гэта быў цікавы вопыт, калі ты побач з нейкім «Еўраоптам» раскладаеш стол і збіраеш подпісы.

Я проста як наіўнае дзіця кінулася ў гэта ўсім сэрцам верачы, што гэта шлях да перамогі. Магчыма, было памылкай думаць, што яна будзе хуткай. Я дарослы чалавек, шмат чаго бачыла за сваё жыццё, ведала, як гэта адбываецца кожныя пяць гадоў.

Але гэта было нават у паветры: «У гэтым годзе ўсё атрымаецца! Будзе цуд!». Я да апошняга чакала, што ў Віктара Бабарыкі ёсць нейкі спецыяльны план, што ён ведае штосьці, чаго не ведаю я, і я яму веру.

Канешне, калі 9 жніўня гэта ўсё грымнула і стукнула, я была на вуліцах нашага цудоўнага города. Я была каля стэлы, бачыла ўсё сваімі вачыма. Людзі так разгублена хадзілі ўначы па вуліцах, усе былі расчараваныя. Ну, як так можна!?

Я стаяла пад штабам Бабарыкі, дзе людзі проста збіраліся. Ніхто не разумеў, што будзе далей, усе чакалі нейкіх адказаў ці інструкцый: што рабіць далей? Тады было адчуванне, што калі мы ўсе разам выйдзем маршам на вуліцу, то будзе перамога.

Калі 16 жніўня адбыўся велізарны марш, людзі выйшлі і выказалі сваю пазіцыю, і нічога не змянілася — гэта быў такі ўсеабдымны боль. Я памятаю гэта вельмі добра. Гэта бясконцыя слёзы, бясконцыя навіны, якія ты ўжо не можаш, але і не перастаеш чытаць.

Гэта адчувалі ўсе беларусы. Ты проста не можаш больш успрымаць рэчаіснасць. Табе так баліць, што рвецца сэрца. І ты крычыш: так быць не павінна!!! І ты накопліваеш гэты негатыў і адчуваеш, што можаш узарвацца ў любую хвіліну.

— Што ратавала ў тыя часы?

— Мяне, канешне, выратавала мая прафесія. Калі была магчымасць выйсці на вуліцу з песняй — я спявала. Калі вы спяваеце разам з супольнасцю людзей песню, якая ўсім адгукаецца, вы фізічна нібыта звязаныя адно з адным.

Гэта дае такое неверагодная адчуванне яднання! Мы блізкія людзі, мы сям’я, мы разумеем адно аднаго. Гэта такая велізарная падтрымка!

Потым ты бачыш, што ёсць слухачы, які стаяць і плачуць, якія чуюць тое ж самае. Гэта быў голас кожнага чалавека, калі ўся нацыя злілася ў адзіны хор. Гэта было для мяне моцным пераломным момантам.

Тады я зразумела, што я не магу больш трымаць усё гэта ў сабе, я буду гэта несці. Не ведаю куды, не ведаю навошта, але буду рабіць. Гэта было так натуральна, што не рабіць гэтага было немагчыма.

Усё жыццё я патрыётка харавога мастацтва. Але хор — гэта нешта такое, што мала хто разумее, гэта для маленькага кола эстэцкіх людзей, мастацтва для вузкага кола. Гэта маё жыццё, мая любімая прафесія, якую я абрала яшчэ ў дзяцінстве.

Канешне, я заўсёды хацела заражаць людзей той любоўю да хору, якую сама маю. А тут так атрымалася, што яно само спрацавала. Мяне ўразіла, што выйшаў хор і людзей гэта «торкнула».

Гэта ўражанне, што хор патрэбны людзям, што нарэшце ўсе зразумелі, як гэта класна спяваць разам — гэта вялікага каштавала. Такога не было ніколі.

Людзям сталі патрэбныя харавыя песні. Яшчэ два гады назад тыя песні, якія зараз усе беларусы спяваюць, ніхто не ведаў. І такая папулярнасць зразумелая, калі мы кажам пра поп ці рок-культуру, але пра хор — такога ніколі не было. Хор становіцца папулярным, і яго чакаюць на дваравых канцэртах, на плошчах і вуліцах. Гэта быў такі культурны пад’ём!

— Я так разумею, што за гэты час вы пачалі выконваць шмат новых твораў і адкрываць беларусам новыя імёны?

— Я вучылася ў музычнай школе, у музычным каледжы, скончыла акадэмію музыкі як дырыжор. І я столькіх прозвішчаў, столькі твораў не ведала! Гэта быў і сорам і здзіўленне аданачасова. Як так атрымалася, што некаторыя імёны прайшлі міма, што цэлы пласт беларускай музыкі быў пахаваны?

Гэта музыка яшчэ з 1930-х гадоў праз тое, што рабіў Сталін, расстрэлы и выгнанні, была выкінута, забыта. Гэта асобны жанр: песні-гімны, харавыя песні, якія аб’ядноўваюць людзей. Нацыянальная патрыятычная музыка ёсць у кожнай краіне, усе народы складаюць песні, спяваюць іх з дзяцінства.

А ў нас гэты пласт проста выкраслены, быццам яго ніколі і не было. Калі я пачала збіраць і шукаць гэтыя творы, для мяне было самым страшным высветліць, што ў нас ёсць каму спяваць, але няма, чаго спяваць. А як так сталася, што мы не ведаем сваіх песень?

— Як Вы знаходзіце такія творы і што далей з імі робіце?

— Перш за ўсё я пачала звяртацца да музыказнаўцаў — павінны ж быць нейкія навуковыя працы, анталогіі, пошукі твораў, якія былы выдадзеныя за мяжой, таму што былі забароненыя. А яны выдаваліся ў замежных краінах у 1940-50-х гадах.

Для мяне было вялікім шокам і здзіўленнем даведацца, што ў 2020 годзе гэта яшчэ не зроблена. Можаце сабе ўявіць, што сто гадоў таму расстралялі Уладзіміра Тэраўскага, вымушалі з’ехаць Мікалая Шчаглова-Куліковіча, Міколу Равенскага, тыя людзі выдаваліся за мяжой, і мы ўсё яшчэ не маем гэтых твораў!

Прычым, гэта не заўсёды прафесійнае выданне, штосьці ад рукі напісана, штосьці набрана на машынцы. Яно не ўсё ў нармальным стане і яно там працягвае заставацца, не вярнулася ў Беларусь.

І гэта стала маёй місіяй — вяртаць гэтыя творы ў музычную прастору, шукаць іх, рабіць апрацоўкі разам з іншымі кампазітарамі, набіраць ноты сучаснымі спосабамі, каб выдаваць зборнікі.

Гэта тое, што я ўспрымаю як свой абавязак як музыка. Я разумею, што, можа, цяпер гэта немагчыма ў Беларусі, але гэта той багаж, з якім я вярнуся дадому. Не хачу марнаваць час, хачу вярнуцца ў Беларусь не з пустымі рукамі. Мы ўсё роўна будзем займацца развіццём сваёй культуры!

У нейкім сэнсе можна сказаць, што гэта працяг працы Кірыла Насаева, які быў дырыжорам мужчынскага хору «Унія». Гэты хор — амаль адзіны калектыў у Беларусі, які не даў гэтым гімнам забыцца. Канешне, гэта было даўно, хор змоўк на дзесяць гадоў, потым ізноў заспяваў, але страшэнная навіна, калі Кірыла не стала, была выбухам для ўсіх музыкаў.

За сваё жыццё Кірыл здолеў зрабіць вельмі шмат для Беларусі, ён адраджаў беларускую культуру, сярод іншага паспеў выдаць тры зборнікі твораў Міколы Равенскага. У нейкім сэнсе, я стараюся працягваць тое, што ён пачаў.

І спадзяюся, што з’явяцца новыя зборнікі твораў Міколы Шчаглова-Куліковіча, Уладзіміра Тэраўскага і іншых беларускіх кампазітараў, якіх мы вернем у музычную прастору. Ужо ёсць два зборнікі беларускіх песнь, якія выдадзены, і я зараз рыхтую трэці.

— Ці магчыма іх зараз неяк распаўсюдзіць?

— Першы мы змаглі выдаць яшчэ ў Беларусі, ён нават быў ва ўсіх крамах, бібліятэках, мы распаўсюджвалі яго, дзе маглі, ён быў вельмі патрэбны людзям.

Другі выдаваўся ў эміграцыі, і яго распаўсюд у Беларусі немагчымы, проста страшна праходзіць з ім мяжу. Першы твор, які адкрывае зборнік — гэта «Жыве Беларусь» на словы Уладзіміра Някляева і музыку Змітра Вайцюшкевіча.

Там, акрамя твораў забытых, мы спалучаем сучасныя творы, робім харавыя і аркестровыя апрацоўкі. Ён нібыта звязвае мінулае з сучасным.

Гэта своеасаблівы мост, таму што, усе тыя словы, песні, вершы, якія былі напісаны 100 гадоў назад, яны быццам сёння напісаны, яны зноў актуальныя. Нічога не змянілася, гэта тая ж самая барацьба за мову, за самасць, за тое, каб людзьмі звацца.

У такіх зборніках мы хочам таксама паказаць, наколькі мы захраслі ў часе. Я так не хачу думаць пра тое, што нашы дзеці будуць рабіць тое ж самае. Але калі я чытаю вершы, дзе 100 гадоў назад было напісана, што ўнукі нашы падымуць Беларусь, я разумею, што мы ўжо праўнукі, а неяк пакуль не атрымліваецца.

Таму праца будзе працягвацца, гэта шмат ад чаго залежыць, але мы будзем шукаць магчымасці і сродкі, каб працягваць і накопліваць такі матэрыял, які будзе патрэбны.

І гэта праца бясконцая, таму што ёсць дзіцячыя хары, жаночыя, мужчынскія, змешаныя, для якіх трэба рабіць матэрыял — ён павінен быць для ўсіх і паўсюль. Каб не было такога, што кажуць: няма чаго спяваць. Я буду рабіць так, каб было што!

— Зусім нядаўна Вы пераехалі ў Варшаву — гэта быў запланавы пераезд ці вы былі вымушаныя ўцякаць?

— Гэта зусім новы і вельмі-вельмі складаны этап у маім жыцці. Прыезд сюды быў выпадковы, я гэта не планавала. Гэта атрымалася раптам, я была ў адпачынку, калі мне стала вядома, што я не магу вярнуцца дадому, таму што ёсць пагроза, што на мяне завялі крымінальную справу па артыкуле: Акт тэрарызму.

Дома мяне чакала б ад 8 да 20 гадоў. Трэба разумець, што ў краіне яшчэ дзейнічае смяротнае пакаранне па гэтым артыкуле. Ад таго, што я буду сядзець за кратамі, ад мяне будзе мала толку. Таму было прыняла рашэнне паехаць у Варшаву. Са мной паехалі некаторыя людзі з хору, ужо да гэтага тут нехта быў, і так атрымалася, што Варшава стала месцам, дзе мы можам збірацца і працягваць працу.

— Як вы перажываеце эміграцыю?

— Калі я толькі прыехала ў Варшаву, я на месяц згубіла голас. Я не магла ні спяваць, ні размаўляць. У мяне нічога не балела і ніколі такога раней у жыцці не было. Голас проста знік. У мяне было такое адчуванне, што я толькі прыехала ў іншую краіну, я не магу вярнуцца дадому, і мой голас проста адмовіўся працаваць.

Цягам месяца стала адпускаць і ён вярнуўся. Гэта самы складаны перыяд у маім жыцці. Я з’ехала напрыканцы чэрвеня, і гэта неверагодна цяжка. Я лічыла сабе моцным чалавекам, а тут бясконцыя слёзы, істэрыкі, разгубленасць, стан, калі ты не можаш паехаць дадому, ты не можаш вярнуцца.

Калі ты плануеш вандроўку ці гастролі — гэта зусім па-іншаму. Ты сама вырашыла, і ты гэта робіш. А вось так, калі цябе пазбавілі магчымасці выбару...

Гэта мой дом, ну як жа ж так!? Мы жылі ў прыватным доме, дзеці ніколі не жылі ў кватэры, у нас свая зямля, свой сад, выгляд з акна, у мяне там ружы засталіся...Як гэта ўсё кінуць? Я не магу развітацца!

Было адчуванне бясконцай адзіноты. Мне падабаецца Варшава, я была тут сто разоў. Але зараз усё па-іншаму выглядае. Ты не хочаш нават валізы разбіраць.

Такога не можа быць. Гэта дрэнны жарт. Гэта памылка. Я вярнуся дадому. Вось гэтае адчуванне, што ты вось-вось вернешся дадому, і ты ў такім падвешаным стане — гэта так цяжка.

Я прыехала сюды без нічога. Дзе жыць невядома, як жыць — невядома. За маёй спіной яшчэ адказ за іншых людзей, якія сюды прыехалі, якія прыехалі працягваць.

Куды ісці? Дзе рэпетаваць? Дзе выступаць? Табе трэба зразумець, як тут усё працуе, наладжваць новыя сувязі. А ты хворая душой. Ты хочаш схавацца пад падушку, перачакаць, калі гэты кашмар скончыцца і паехаць дадому.

Дом заўсёды дае табе адчуванне бяспекі. Ты можаш недзе пахадзіць паваяваць, пакрычаць на маршах і вярнуцца дадому, дзе будзеш адчуваць сябе больш-менш бяспечна.

Гэта не пра Беларусь, канешне, 100% бяспекі там ніколі не было апошнім годам. Але ўсё роўна, тут чужыя людзі вакол, у цябе няма прытулку. Вельмі цяжка.

Мая сям’я спачатку засталася ў Беларусі, я тут жыла без іх, пакуль не зразумела, што трэба тут будаваць жыццё, шукаць кватэру, працу, праходзіць легалізацыю. Гэта такі момант, калі ты павінна быццам здацца яшчэ раз, змірыцца.

— Які сэнс у гэтым Вы для сабе знайшлі, за што Вы трымаліся?

— Для мяне сэнс быў у тым, што тут я магу рабіць нешта карыснае. Таму што вайна ў маім краі не скончылася.

Тое, з-за чаго я выйшла на вуліцы спяваць — працягваецца зараз. Мы не перамаглі. Таму я не магу спыніцца. Я самой сабе абяцала рабіць гэта да перамогі.

Таму я вырашыла, што ок, буду рабіць гэта ў Варшаве. Які ў гэтым сэнс? Кожны дзень задаю сабе гэтае пытанне. Наколькі гэта патрэбна беларусам, якія нас слухаюць адтуль? Не ведаю. Таму што разумею, што для кагосьці мы там здраднікі, знайші сабе лёгкі шлях, спужаліся і з’ехалі. А для кагосьці нашы песні далятаюць, і ім важна тое, што мы не змоўклі. Мы нейкая сувязь з надзеяй на перамогу.

Столькі беларусаў зараз у Польшчы! Варшава — гэта маленькая Беларусь. Людзі сюды таксама прыехалі не проста ў пошуках лепшага жыцця. Не, гэта людзі, якія былі вымушаны з’ехаць. Яны тут ходзяць і чапляюцца адзін да аднаго.

Раней людзі, якія прыязджалі з Беларусі раствараліся ў асяроддзі. Ідэальная нацыя для ассіміляцыі. Проста раз — і нябачна. Зараз яны як ртуць — ліпнуць адзін да аднаго, збіраюцца ў суполкі, змагаюцца разам, дапамагаюць адзін аднаму, усімі спосабамі стараюцца захаваць сваю беларускасць.

Мы прыехалі не для таго, каб інтэгравацца ў польскую культуру. Мы вельмі ўдзячныя Польшчы за прытулак, але задача захаваць сваё. Там, дзе нас знішчаюць, адбываецца генацыд беларускасці, то тут наша місія — захаваць сваё, застацца беларусамі, ствараць беларускую музыку, развіваць культуру.

Калі сюды прыязджаюць людзі культуры, ёсць вялікая праблема — ім трэба выжываць, трэба зарабляць грошы. І яны ідуць працаваць у будоўлю ці касірамі за прылаўкамі. І яны не могуць быць больш людзьмі культуры.

Гэта будзе самае страшнае, калі не прыдумаецца нейкі механізм, каб такім людзям, якіх тут зараз тысячы, даць магчымасць заставацца людзьмі культуры.

Калі ты паэт, каб ты мог сядзець і пісаць вершы па-беларуску, а не працаваць па 12 гадзін на будоўлі, каб пракарміць сваю сям’ю, і табе ўжо не да вершаў.

Калі гэта адзін, два, дзесяць чалавек — гэта нястрашна. Непрыемна, сумна, але нястрашна. А калі мы маем такі маштаб, як зараз, калі сюды прыязджаюць цэлымі калектывамі, трупамі, харамі, суполкамі...

Я адчуваю такі крызіс у сваім калектыве, я бачу іншых. Тут патрэбна падтрымка ўсіх еўрапейскіх краін, Польшча не можа вырашаць усе праблемы адна за ўсю Беларусь.

Калі мы згубім гэты пласт людзей культуры — потым будзе татальны культурны рэгрэс нацыянальнага ўзроўню. І наганяць тое, што мы згубілі нават за год, мы будзем дзесяцігоддзямі.

Для мяне гэта вельмі страшэнны момант, пра які я ўвесь час думаю і крычу, звяртаюся да розных арганізацый і ініцыятыў. Дзякуй Богу, я не адна такая, якая ўсхвалявана гэтым.

Ёсць людзі, якія займаюцца гэтым пытаннем, і толькі агульнымі намаганнямі можна нешта зрабіць. Я веру, што будзе магчымасць не толькі захаваць, але і даць магчымасць развівацца.

Каб музыкі вярталіся ў Беларусь з альбомамі, паэты і пісьменнікі — з кніжкамі, мастакі — з карцінамі. Каб знаходзячыся тут мы ўзбагацілі свой край і вярнуліся дадому не стомленымі і зламанамі, а моцнымі і поўнымі матэрыялаў, творчых ідэй і планаў беларусамі!

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:15)