Коктейль
Анастасія Зелянкова, фота Юліі Аляксандравай

Гадавіну кампаніі «Будзьма!» адзначылі «Крамбамбуляй» з квасам

Кампанія “Будзьма!” адсвяткавала гадавіну існавання святочным канцэртам. Як Лявон Вольскі перайшоў дарогу Зміцеру Вайцюшкевічу, чаго спужаўся Алесь Камоцкі і якое дачыненне песня “Воўк” мае да лібералізацыі — у рэпартажы “Салідарнасці”.

Яшчэ задоўга да пачатку канцэрта ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пачалі сцякацца пісьменнікі, музыканты, мастакі, палітыкі, замежныя дыпламаты і грамадскія дзеячы — ад колькасці вядомых асоб стракацела ў вачах. Гледачы з нецярплівасцю чакалі пачатку канцэрта.

— Хоць бы якой “Крамбамбулі” налілі, каб не так сумна сядзець было, — выказаў прапанову нехта з залі.

Яму шчыра паабяцалі, што “Крамбамбуля” будзе. Але на пасашок.

Аднак і без напояў сумаваць не прыйшлося. На разагрэў публікі выйшаў гурт “Унія”. І хоць строі іх былі даволі адкрытыя, а з-пад палы выглядалі голыя каленкі, у залі адразу стала горача.

Вядучы, цемнасцкуры хлопец Андрусік, прапанаваў прысутным на нейкі час стаць дзецьмі, як маленькі хлопчык Будзьма, гадавіну якога тут адзначаюць. Аднак хутка стала зразумела, што святкаваць наважыліся зусім не па-дзіцячы.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Першай паспытаць ласку арганізатараў выпала літаратарцы Анке Упале. Толькі яна паднялася на сцэну, як ёй вынеслі вялізны куфель нейкага цёмнага напою.

— Ты за рулём? — на ўсялякі выпадак перапыталі вядучыя.

— Хіба што трамвая, — смела адказала дзяўчына і, не марудзячы часу, сербанула напой.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Чарговага выканаўцу Алеся Камоцкага таксама сустрэлі гучнымі апладысментамі і вялізным кубкам.

— А яму нельга, — папярэдзіў нехта клапатлівы.

— Дык гэта ж квас! — вымушаныя былі раскрыць таямніцу вядучыя.

Камоцкі асцярожна пакаштаваў напой.

— Ну нічога. Свежы, — вынес ён свой вердыкт, але раптам схамянуўся: — А ўсе п’юць з адной?

— Ну што ты! — супакоілі яго. — Літаратары з адной, музыкі – з другой.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

А вось паэт Рыгор Барадулін прадбачліва піць не стаў, затое сам пачаставаў публіку вершам, напісаным спецыяльна для свята, ды заклікаў разам сустрэць 100-гадовы юбілей.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Вестку пра тое, што зараз на сцэну падымецца Лявон Вольскі, публіка ўспрыняла ўзрушана. Аднак нават пасля працяглых апладысментаў музыкант так і не з’явіўся. Стала зразумела: Лявон дзесьці затрымліваецца.

— Можа, тады проста паклічам яго? — цягнуў час вядучы.

— Воль-скі! Воль-скі! — грымнула зала.

Але безвынікова.

— Можа, неяк па-іншаму? — не здаваліся вядучыя.

— Сне-гу-ро-чка! — крыкнуў нехта з залі і ўсе падхапілі ініцыятыву.

Тым не менш і пасля гэтага Вольскага на сцэне не бачылася.

— Тады давайце зробім невялікую перастаноўку ў нашым канцэрце і паклічам Вайцюшкевіча, — прапанавала вядучая.

— Вай-цю-шке-віч! — з радасцю згадзілася публіка.

У гэты момант на сцэне з’явіўся Вольскі.

Спазненне яму, зразумела, прабачылі.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Не менш рады былі бачыць і Зміцера Вайцюшкевіча. Абвешаны торбамі з лагатыпам “Будзьма!”, Зміцер патлумачыў, што нядаўна прыехаў з Амерыкі і прывёз беларускім пісьменнікам падарункі.

— У мяне ў Амерыцы ўвесь час пыталіся, што беларусы кажуць, калі падымаюць кубак? — падзяліўся ўспамінамі Вайцюшкевіч і, узняўшы куфель, заклікаў: — Будзьма!

Зарослы выгляд музыканта казаў пра плённую працу па беларусізацыі амерыканцаў.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Пакуль Вайцюшкевіч бегаў па залі і раздаваў падарункі, на сцэне замест яго “аддуваўся” фальклорны калектыў “Церніца”.

Пад іх жа спевы госці частаваліся ў антракце піражкамі і творчым прадуктам беларускіх мастакоў, выстаўленым у фае.

Сытая млявасць хутка развеялася, як толькі на сцэне з’явіўся гурт «IQ 48». Нават дзяўчаты ў старажытных строях не змаглі застацца раўнадушнымі і, як сапраўдныя панкі, трэслі ў такт галовамі.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Крыху супакоіў публіку Вайцюшкевіч. На гэты раз ён усё ж такі не абмежаваўся адной толькі прысутнасцю і выканаў нарэшце некалькі песень. Хаця назваць гэта песнямі можна было з вялікай нацяжкай, бо музыкант ператварыў іх у цэлыя апавяданні з тлумачэннем. Нават песня “Воўк” на словы Дранько-Майсюка неяк нечакана перакінулася на беларускую рэчаіснасць, дзе, паводле трактоўкі Вайцюшкевіча, “воўк” вымушаны быў набраць крэдытаў, каб не памерці з голаду.

— Ён не шкодны во-оўк, ён галодны во-оўк... — цягнуў музыкант, нават неяк уплёўшы ў тэкст слова “лібералізацыя”.

— У-у-у-у-у! — падвывала заля, але чамусьці без асаблівага шкадавання ў голасе.

Як і абяцалі, на пасашок гледачоў чакала “Крамбамбуля”. Яе, праўда, не налівалі, а толькі слухалі. Аднак эфект быў нават мацнейшы.

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

Гадавіна кампаніі «Будзьма!»

На развітанне сябры кампаніі “Будзьма” паабяцалі ў хуткім часе сустрэцца зноў.

Яшчэ фота са свята тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)