Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Стаўленне Лукашэнкі да тых, каго ён лічыць здраднікамі, мала чым адрозніваецца ад пуцінскага

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину тлумачыць, чаму апанентам рэжыму за мяжой трэба дбаць пра сваю бяспеку.

Аляксандр Фрыдман

— У Літве быў здзейснены напад на блізкага паплечніка Навальнага Леаніда Волкава. Пра што гаворыць гэтая гісторыя? І ці варта вядомым беларусам, да якіх улады Беларусі маюць вялікія прэтэнзіі, падумаць пра сваю бяспеку?

— Канечне, варта. Трэба разумець, што нейкіх чырвовых рысаў у гэтым пытанні даўно няма. Ёсць такая рэч — рацыянальныя паводзіны.

Сапраўды, нейкай небяспекі з боку Волкава для расійскіх уладаў няма. Але яны на яго вельмі нервова рэагуюць, на ягоныя радыкальныя выступы. І калі ён дае свае каментары прэсе, то што тут можна сказаць? Гэта досыць маргінальная палітычная фігура, якая асаблівай папулярнасцю нават у Расіі не карыстаецца.

Але расійскія дыпламаты з нагоды ягоных выступаў выказваюць пратэст. Ужо быў шэраг такіх выпадкаў, калі рабіліся пратэсты з-за нейкіх інтэрв’ю з Волкавым. Відавочна, што да гэтага чалавека ў расійскіх уладаў асабістае стаўленне. Не толькі з палітычнага пункту гледжання, але і асабістая гісторыя.

А што тычыцца Лукашэнкі, то ў ягоным выпадку таксама шмат асабістага. Калі ўзяць такіх людзей, як Цапкала або Латушка, то гэта вельмі асабістая гісторыя дачыненняў.

У сістэме ягоных каардынат гэтыя людзі лічацца здраднікамі. А да тых, каго ён лічыць здраднікамі, ягонае стаўленне ад пуцінскага мала чым адрозніваецца.

І выключаць тут абсалютна нічога нельга. Тут могуць быць самыя розныя варыянты. Гэта і напады, і нават забойствы. Я б тут нічога не выключаў. Гэта тыя рэчы, пра якія не хочацца думаць, гэта зразумела. І тым не менш, гэта ўсё трэба ўспрымаць сур’ёзна.

Расія, а разам з ёй і рэжым Лукашэнкі, вядуць гібрыдную вайну. Лукашэнкаўская Беларусь — гэта частка гібрыднай вайны супраць Захаду. І гэтая вайна толькі абвастраецца, таму нічога выключаць не трэба.

Што мы ўвогуле можам выключаць пасля таго, што адбылося з Пратасевічам? Яны даслалі вельмі выразны сігнал яшчэ ў 2021-м, калі яны захацелі яго захапіць, і ў іх гэта атрымалася.

Сітуацыя з Волкавым нагадвае нядаўнюю гісторыю з грамадзянамі Малдовы, якія ў Парыжы малявалі зоркі Давіда. Расія часам выкарыстоўвае ў сваіх мэтах яўных непрафесіяналаў. Але так, каб усім было зразумела, што за гэтым стаіць яна. І ў Францыі яна вельмі хацела, каб там зразумелі, чыіх рук гэта справа.

Так і тут, магчыма, задзейнічалі нейкіх актывістаў, але пры гэтым Расія дэманструе: мы дзейнічаем на вашай тэрыторыі, мы напалі на зусім нешараговага чалавека, які ў вас жыве. Захацелі і напалі.

Што датычыць рэакцыі літоўскага боку, тых жа міністра замежных спраў Ландсбергіса і прэзідэнта Науседы, то яны былі надзвычай эмацыйныя. Але адна справа — словы, і зусім іншае — дзеянні.

Канечне, Літве такім чынам прадэманстравалі яе слабасць і яе абмежаваныя магчымасці, а таксама факт дзейнасці розных расійскіх сілаў на яе тэрыторыі. А калі ёсць такія ўколы, то варта чакаць і адказаў на іх.

А адказ тут можа быць такі, што антырасійская, а таксама і антыбеларуская рыторыка стане мацней. Тых людзей, якія прыехалі з Беларусі і Расіі, частка літоўскага грамадства ўжо ўважае патэнцыйнымі ворагамі. І гэтая тэндэнцыя ў святле апошніх падзей можа толькі ўзмацніцца. 

— У беларускім СІЗА памёр грамадзянін Літвы. Як вядома, многія літоўцы працягваюць карыстацца магчымасцю бязвізавага ўезду ў Беларусь, чым ганарацца ўлады. Ці можа гэта гісторыя неяк паўплываць на дадзеную сферу дачыненняў паміж краінамі?

— Я думаю, што людзі, якія такім чынам едуць у Беларусь, мала цікавяцца палітыкай. Нехта з іх, магчыма, нават спачувае Лукашэнку. А нехта едзе выключна дзеля эканамічнай выгады. Тыя, хто ўспрымае лукашэнкаўскі рэжыі нават у якасці патэнцыйнай небяспекі, яны туды проста не паедуць. Бо ведаюць, што кожная такая спроба можа скончыцца вельмі дрэнна.

Тут ёсць яшчэ адзін важны момант. Раней да замежнікаў ставіліся больш асцярожна. Бо ведалі, калі раптам што здарыцца з замежным грамадзянінам у Беларусі, адразу пачнецца шум, крытыка.

То бок, яшчэ нядаўна, стаўленне да замежнікаў было савецкім. У СССР была пільная ўвага да замежнікаў або вядомых за межамі дысідэнтаў, якія знаходзіліся за кратамі. Бо ведалі, які скандал будзе ў выпадку чаго.

Гэты выпадак паказвае, што лукашэнкаўцы больш не пераймаюцца з гэтай нагоды. Памёр грамадзянін Літвы і памёр сабе, а нам што з гэтага? Пратэстуе літоўскі бок з гэтай прычыны? Ну і што? Беларускі бок прадэманстраваў Літве сваю поўную абыякавасць.

Гэта паказвае, у якім стане знаходзіцца гэты рэжым. Відавочна, Лукашэнка сыходзіць з таго, што адносіны з Захадам ужо не палепшацца. Не будзе ў яго нейкага паляпшэння стасункаў. Таму і няма больш ранейшага стаўлення да замежнікаў.

А што тычыць тых, хто прыязджае ў Беларусь, у тым ліку заходнікаў, яны павінны разумець, што могуць стаць патэнцыйнымі закладнікамі.

Сёння ў Германіі шмат пішуць пра нямецкага грамадзяніна, які ўжо некалькі тыдняў знаходзіцца за кратамі ў Расіі за некалькі грамаў марыхуаны. У Маскве цудоўна ведаюць, што Германія будзе шукаць спосабы вызваліць, абмяняць яго. То чаму не скарыстацца такой магчымасцю?

— А ці не пачынае Беларусь у вачах Захада, заходняй прэсы выглядаць еўрапейскай КНДР, куды можна прыехаць па справах і ў выніку памерці за кратамі?

— Пакуль да гэтага не дайшло, калі казаць пра заходнюю прэсу. Пра гэтую літоўскую гісторыю шмат пішуць у Літве, быў шэраг перадруковак у заходніх выданнях. Але гэта літоўскі грамадзянін, гэта ў пэўным сэнсе лакальная гісторыя.

Калі б нешта падобнае здарылася з грамадзянінам ЗША, Германіі, Францыі ці Вялікабрытаніі, то такі імідж, безумоўна, з’явіўся б. Зрэшты, гэты вобраз еўрапейскай КНДР не такі і далёкі ад рэчаіснасці ва ўспрыняцці.

Публікацыі пра беларускую рэчаіснасць, якія з’яўляюцца ў заходняй прэсе, яны ідуць у гэтым кірунку. Паўночная Карэя, зразумела, гэта ўжо зусім экстрэмальны варыянт. Але вектар менавіта такі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(65)