Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Пентагон асабіста Лукашэнку даў зразумець: мы разумеем, што ты не хочаш вайны»

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман расказаў Філіну, ці пойдзе НАТА на адмысловы манеўр, каб даць шанец кіраўніку беларускага рэжыму.

Аляксандр Фрыдман

— Эксперты кажуць пра верагоднасць шырокамаштабнага наступу ў лютым-сакавіку. Пры гэтым фактычна любы каментар на гэтую тэму не абыходзіцца без згадкі пра Беларусь. Сярод іншага ёсць і меркаванне пра тое, што краіны НАТА могуць зладзіць адмысловыя вучэнні непадалёк ад беларускай мяжы, каб у Лукашэнкі з’явілася прычына паспрабаваць ухіліцца ад прамога ўдзелу ў вайне.

Наколькі гэта папулярная думка на Захадзе? І ці бачаць там Лукашэнку настолькі самастойным, каб задзейнічаць такі складаны варыянт?

— Гэта выглядае лагічна, але ўсё ж гаворка пра тэарэтычную магчымасць. На практыцы яна не абмяркоўваецца, паколькі Лукашэнка не разглядаецца ў якасці самастойнай фігуры, якая вырашае ваенныя пытанні.

Так, на Захадзе гэта разумеюць, і ўчора Пентагон гэта дадаткова падкрэсліў: Лукашэнка не жадае актыўна ўдзельнічаць у вайне, не хоча задзейнічаць свае войскі. І Пентагон асабіста яму даў зразумець: мы разумеем, што ты гэтага не хочаш.

Але я не думаю, што яны сапраўды сыходзяць з таго, што апошняе слова тут застаецца за Лукашэнкам. Калі б так лічылі, то, магчыма, гэтая ініцыятыва і разглядалася ўсур’ёз, каб урэшце правесці падобныя вучэнні.

Але мне падаецца, што падобны крок усё ж быў зроблены. Не адмыслова для Лукашэнкі, але так, якім ён можа скарыстацца. Гаворка пра нядаўнюю заяву міністра абароны Польшчы пра планы ўзмацніць свае войскі на Падляшшы.

І паколькі беларуская дзяржпрапаганда ўжо да гэтай тэмы звярнулася, то і Лукашэнка таксама будзе казаць: «Ну вось, глядзіце, палякі падбіраюцца да нашых межаў. Нам трэба іх ахоўваць, куды мы можам пайсці? Наш абавязак у рамках гэтай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» — ахоўваць нашыя супольныя межы». Я думаю, што ён абавязкова выкарыстае гэтую нагоду.

Тут трэба дадаць, што гаворка ідзе пра тое, што адбываецца публічна, што мы бачым. Зразумела, што людзі ў Крамлі насамрэч не бачаць ніякай пагрозы для Беларусі з боку палякаў. На экспертным узроўні гэта выглядае зусім невідавочным. Але на папулісцкім узроўні гэта можна выкарыстаць, у тым ліку, каб патлумачыць расійскай грамадскасці, што Беларусь не ідзе на вайну, бо ахоўвае агульныя межы. 

— Справа перадачы бронетэхнікі Украіне нібыта скранулася з мёртвай кропкі пасля ініцыятывы Францыі, якая анансавала пастаўку лёгкіх танкаў. І ўсё адно канцлер ФРГ Олаф Шольц заявіў, што пакуль не бачыць магчымасці перадачы «Леапардаў» Кіеву. У чым прычыны гэтай нерашучасці і як гэта можа адбіцца на настроях іншых партнёраў украінцаў?

— Гэта досыць складанае пытанне. Гэта не толькі пытанне тэхнікі для Украіны, гэта і пытанне адносінаў паміж краінамі Еўразвязу, а таксама паміж еўрапейскімі краінамі і ЗША. Шольц да апошняга прытрымліваецца пазіцыі, што еўрапейскія краіны павінны дзейнічаць разам. Што не павінна быць так, калі адна краіна прымае такое рашэнне і самастойна перадае тэхніку.

На яго думку, такія рашэнні абмяркоўваюцца і прымаюцца супольна, адзіным фронтам. І вось з гэтым адзіным фронтам узніклі праблемы. Яны ўзніклі ў адносінах паміж Берлінам і Парыжам, якія і без гэтага цяпер перажываюць няпростыя часы. Гэта не крызіс, натуральна, але да нядаўняга часу яны былі куды лепшымі.

У выніку Макрон, не ўзгадніўшы з астатнімі заходнімі партнёрамі, прыняў рашэнне стаць першым у гэтым пытанні, і заявіў пра перадачу Кіеву лёгкіх танкаў. Пасля таго, як французы пайшлі на гэты крок, астатнія мусілі дзейнічаць таксама, каб не выглядаць горшымі.

Таму адразу пасля гэтага прынялі адпаведныя рашэнні ЗША і Германія. Але ў выпадку з Берлінам усё складана, бо гэтае пытанне, відавочна, непадрыхтаванае. Германія трапіла ў няпростую сітуацыю: яна паабяцала спачатку сорак бронетранспарцёраў, а цяпер вымушаная шукаць, дзе ўзяць такую колькасць гатовай да прымянення тэхнікі.

Ідуць перамовы з Грэцыяй, бо ёй таксама мусілі перадаць заходнюю тэхніку ўзамен за старую савецкую, якую яна паставіла Украіне. Грэцыя пагадзілася, каб ёй перадалі пазней, бо для яе цяпер гэта не самае прынцыповае пытанне.

На нерашучасць Шольца ўплывае і нямецкая гісторыя: будзе не вельмі добра выглядаць, калі менавіта Германія першай перадасць танкі, якія будуць задзейнічаныя супраць Расіі. Гэта такое спецыфічнае стаўленне Германіі да ўласнай гісторыі.

Яшчэ адзін момант — уласна ваенныя магчымасці Берліна. Тэхніка, якую немцы могуць перадаць, знаходзіцца не ў самым лепшым стане, яе яшчэ неабходна падрыхтаваць. І гэта ўвогуле пытанне агульнага стану Бундэсвера, далёкага ад аптымальнага.

Шольц нездарма заклікае дзейнічаць адным фронтам, бо ў Германіі слабейшая пазіцыя, паколькі ў ваенным плане Вялікабрытанія, Францыя і ЗША — гэта зусім іншы ўзровень. Яны ў стане адказаць, калі з боку Расіі будуць атамныя пагрозы, бо яны маюць ядзерную зброю.

Германія не зможа адказаць, яна ў такой сітуацыі будзе залежыць ад гэтых краінаў. І таму яна вымушаная дзейнічаць больш асцярожна.

Але сёння мы бачым гэтыя ініцыятывы па перадачы тэхнікі, відавочна, што танкі — гэта пытанне часу. І калі, напрыклад, брытанцы зробяць гэта першымі, пачнецца ланцуговая рэакцыя. Пакуль жа выглядае нават так, што перадача танкаў Leopard 2 можа стаць у пэўным сэнсе еўрапейскім праектам. Яны вырабляюцца ў Германіі, але стаяць на ўзбраенні армій іншых краін. І калі гэтае рашэнне будзе прынятае, гэта стане тым самым еўрапейскім праектам, пра які ўвесь час гаворыць нямецкі канцлер.

Калі, напрыклад, немцы перададуць дваццаць танкаў, іспанцы — пяць, грэкі — пяць. Калі гэта насамрэч будзе выглядаць супольнай ініцыятывай, а не самадзейнасцю нейкай адной краіны.

І яшчэ адзін момант. Па ўсіх апытаннях каля паловы немцаў выступаюць супраць перадачы Украіне цяжкага ўзбраення, бо баяцца яшчэ глыбей уцягвацца ў гэты канфлікт. Такія настроі прысутнічаюць, але не маюць вызначальнай ролі.

— Зразумела, што на фоне трагедыі Украіны праблема беларускіх палітвязняў выглядае не такой драматычнай. І ўсё ж, ці маюць сёння на Захадзе водгук гісторыі Марыі Калеснікавай, суд над нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім?

— Сапраўды, галоўнае міжнароднае, еўрапейскае пытанне — гэта вайна ва Украіне. І гэта зразумела. Калі ж мы паглядзім на сітуацыю з правамі чалавека, з пераследам і палітычнымі вязнямі, то, канечне, беларуская тэма прысутнічае.

Але на дадзены момант куды больш увагі медыя звернута на Іран, паколькі там цяпер выносяцца смяротныя прысуды. Там людзей не толькі кідаюць за краты, там іх яшчэ і забіваюць. Таму, калі людзі і чытаюць штосьці сёння на гэтую тэму, то пераважна ў фокусе знаходзіцца Іран. 

Тэма Беларусі доўгі час адсутнічала альбо была ў фрагментарным выглядзе. Цяпер яна прыйшла, гэта здарылася напрыканцы мінулага года, калі пачаліся гучныя справы. Спачатку была гісторыя Марыі Калеснікавай. Пра яе пісалі ў Еўропе, у ЗША, але асабліва шмат публікацый было ў Германіі, бо тут яна вядомы чалавек.  

Узгадваліся і «рэйкавыя партызаны», узгадвалася Аляксандра Герасіменя — яе таксама ведаюць. І, вядома, пра справу нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага заходняя прэса пісала вельмі падрабязна. Узгадалі і пра справу T*T.BY, бо гэта важнае для Беларусі медыя.

Тэма беларускіх палітвязняў прысутнічае, яна не ў цэнтры ўвагі. Хутчэй, яна згадваецца ў кантэксце. Галоўнымі навінамі з Беларусі ўсё ж з’яўляюцца публікацыі пра магчымы ўдзел беларускага войска ў вайне. Такія паведамленні разлятаюцца куды хутчэй і ўвага да іх куды большая.

Такім чынам, па-ранейшаму ці не адзіным галоўным беларускім пытаннем, якое ўздымаецца на Захадзе, з’яўляецца пытанне ўдзелу Беларусі ў вайне.   

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(59)