Политика
Любоў Лунёва, «Радыё Свабода»

Франку Вячорку забараняюць сьпяваць па-беларуску

Салдаты-апазыцыянэры нясуць службу ў нарадах. Каго пакаралі, каго накіравалі ў звычайным рэжыме. Франка Вячорку абвінавацілі ў хлусьні і за гэта пакаралі пяцьцю пазачарговымі нарадамі. Апроч таго, Франку забаранілі сьпяваць па-беларуску.

Франак Вячорка адбывае пяць пазачарговых нарадаў. Зноў усплыла гісторыя з мабільным тэлефонам, але ў іншым ракурсе.

Нагадаем: падчас ператрусу ў рэчах Франка знайшлі мабільны тэлефон. Франак адсутнічаў падчас ператрусу і, калі ў яго спыталі чый тэлефон у ягоных рэчах, ён спаслаўшыся на заканадаўства паведаміў, што не абавязаны сьведчыць супраць сябе, тым больш, калі сам не прысутнічаў на месцы.

Тады яго пакаралі пазачарговымі нарадамі за знойдзены мабільны тэлефон. Калі Франкаў бацька наведваў сына амаль два тыдні таму, псыхоляг часткі аддаў яму тры мабільныя тэлефоны, якія раней знайшлі і забралі ў рэчах Франка. Вінцук Вячорка расьпісаўся, што атрымаў іх.

Цяпер жа псыхоляг сп.Казак абвясьціў, што тая акалічнасьць, што Франкаў бацька атрымаў трэці тэлефон нібыта дае падставы меркаваць, што тэлефон і сапраўды належыць яго сыну, значыць Франак хлусіў, калі не пагаджаўся прызнаць тэлефон, знойдзены падчас ператрусу, сваім.

— Фактычна супраць мяне была зьдзейсьнена правакацыя, — гаворыць Вінцук Вячорка. – Мяне падставілі. На падставе маіх дзеяньняў, я ж не вайсковец, пакаралі майго сына, вайскоўца.

За ўвесь час службы ў Франка Вячоркі не было праблемаў з-за карыстаньня беларускай мовай. Але днямі прапаршчык Піскун, які дзяжурыў у частцы, прапанаваў Франку пець у шыхту рускамоўную песьню. Франак папрасіў дазволіць яму вывучыць песьню на беларускай мове. На што атрымаў адмоўны адказ:

“Прапаршчык Піскун сказаў, што беларуская мова не падабаецца яму і іншым салдатам. Відаць, прапаршчык Піскун гэта добра ведае... Прыйшла пара Франка перавыхоўваць. Тут я буду узвышаць голас, зьвяртацца да міністра абароны Мальцава. Мне казалі, што чаго –чаго, а праблемаў з карыстаньнем беларускай мовай у войску ня будзе. Чаго тады вартыя іхныя абяцаньні”.

Іван Шыла, які служыць пад Лепелем, таксама ўвесь час знаходзіцца ў нарадах. Яму давялося быць у нарадах перад тым, як яго пасадзілі адбываць 7 сутак арышту на гаўптвахце. Цяпер ён зноў трапіў у нарады, бо амаль палова салдат знаходзіцца на вучэньнях.

“У нарадах. З тых, хто застаўся ў частцы, не выходзяць з нарадаў. Час яшчэ ёсьць да 5. Пакуль тэлефон працуе, хачу датэлефанавацца на “гарачую лінію” і распавесьці пра гэта” — гаворыць бацька Івана Ўладзімер Шыла:

Іван толькі цяпер даведаўся пра распарадак падчас адбыцьця арышту на гаўптвахце. Высьветлілася, што ён меў права чытаць 8 газэтаў, а не раздрукоўку з вайсковага статуту.

Бацька Івана Ўладзімер Шыла лічыць, што трэба намагацца, каб вайскоўцы выконвалі заканадаўчыя нормы і прытрымліваліся здаровага сэнсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)