Общество

Палітвязьні царскіх турмаў жахнуліся б, пабачыўшы турму на Акрэсьціна

Калі чытаеш ці слухаеш споведзі вязьняў Акрэсьціна, не пакідае ўстойлівае ўражаньне, што гэта ці то паўтарэньне, ці то працяг пранізьлівых турэмных і лягерных успамінаў Францішка Аляхновіча, Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава, піша Валянцін Жданко на Радыё Свабода.

Фота з акрэсьцінскай камэры

Калі ў канцы 80-х і на пачатку 90-х іхныя кнігі ўпершыню сталі даступнымі масаваму савецкаму чытачу, тагачаснае грамадзтва, здавалася, зайшлося ад жаху і болю. Тады думалася: вось яно, ачышчэньне і пакаяньне. Пасьля такога — ніколі больш. Людзі, якія ўведалі пра гэта, ні за што не дазволяць, каб зь імі зноў учынілі падобнае.

І вось мінула трыццаць гадоў. Куды мы вярнуліся?

Калісьці ў гады перабудовы на мяне вялікае ўражаньне пакінула выдадзеная ў Лёндане ў 1982 годзе кніга аднаго зь вязьняў ГУЛАГу Мацьвея Максімовіча «Міжвольныя параўнаньні». Аўтар двойчы прайшоў праз савецкія турмы і лягеры — 1926-м і ў 1947-1956 гадах. Пасьля вайны, якую правёў на фронце, быў асуджаны Асаблівай нарадай МГБ СССР на 10 гадоў лягераў строгага рэжыму (знаёмы данёс, што Максімовіч марыў выехаць у Палестыну).

Адседзеў амаль цалкам — пераважна ў віленскай турме Лукішках і на Калыме. І пакінуў вельмі падрабязнае апісаньне побыту і нораваў, якія панавалі ў сталінскіх засьценках.

Лукішкі-1947 і Акрэсьціна-2021

Перачытваю і параўноўваю. Вось Мацьвей Максімовіч апісвае віленскія Лукішкі 1947 году:

«У камэры на 25 чалавек упіхвалі па 100 і болей вязьняў. У «адзіночках» зьмяшчалася да 20 чалавек. Усюды былі ўсталяваныя двух- і трохпавярховыя нары, ні матрацаў, ні падушак, вядома, не было — гэта вам не Аляксееўскі равелін!.. Былі і такія, што вымушаныя былі запаўзаць пад нары... Там, на голай падлозе, было хоць крыху прасторней.

Лукіская турма

Вячэрні адбой даваўся а 9-й вечара. Але ня думайце, што вязень нарэшце атрымліваў хоць бы адносны спакой. У тым і была гнюсная хітрасьць чэкістаў — не даваць ні хвіліны спакою і адпачынку. Раптоўна адчынялася кармушка і «вертухай» называў якую-небудзь літару алфавіту. Усе, чые прозьвішчы пачыналіся на гэту літару, павінны былі ўстаць і назваць сваё імя. Працэдура цягнецца доўга. Потым выклікаюць каго-небудзь аднаго і ён адсутнічае гадзіны 3-4. Яго дапытваюць, дакладней, зьдзекуюцца. На досьвітку вяртаецца ў камэру — спакутаваны, нярэдка пабіты. І ўся камэра змучаная — двойчы будзілі ўсіх. А 6-й пад’ём, а ўдзень — зноў пакуты: спаць нельга. І так дзень за днём, ноч за ноччу...

За месяц чалавек дарэшты выдыхаўся, выбіваўся зь сіл, пазбаўляўся волі, розум яго мутнеў, сіла супраціву слабела — ён гатоў быў прызнацца ў чым заўгодна і паставіць свой подпіс пад любым прызнаньнем. А да гэтага дадайце карцар, пабоі, бесьперапынны голад, смурод, зьдзекі — увесь набор „выхаваўчых мэтадаў“ савецкіх карных органаў.

У якіх турмах я ні сядзеў, паўсюль атрымліваў раніцай 200 г сухога хлеба, у абед баланду зь неачышчанага аўсу і мерзлай бульбы, а то зь мяса акулы з гнілой капустай, а на «другую страву» — тры лыжкі кашы: проса ці «кітайская мука», якая ўвогуле не разварвалася».

Турма Лукішкі, архіўнае фота

А вось для параўнаньня — журналістка «Нашай нівы» Кацярына Карпіцкая, якая правяла месяц у зьняволеньні на Акрэсьціна, на сваёй старонцы ў фэйсбуку апісвае рэаліі ў беларускай турме 2021 году:

«Сядзяць месяцамі без шпацыраў (паветра ў камэру № 15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спэцыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў цьвілы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкль фізычных практыкаваньняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць).

Сядзяць бяз сну (у два і чатыры ночы нас падымалі на пераклічкі; пра тое, што там дзень і ноч гарыць яркае штучнае сьвятло, і нагадваць ня трэба).

Сядзяць напалову галодныя (за месяц харчаваньня я мусіла заплаціць больш 400 рублёў (каля 150 эўра), і за гэтыя грошы на абед атрымлівала пусты суп — вадкасьць з парай бульбін і лупінамі ад яе, цьвілы хлеб і два кубкі гарбаты ці кісель, якія запаўнялі толькі палову кубка».

Адбой у камэры ЦІП на заулку Акрэсьціна ў Менску

Паралелі і аналёгіі ня тое што крычаць — яны енчаць у кожнай дэталі. Яшчэ нядаўна здавалася, што за ўзор гэты рэжым бярэ савецкую рэчаіснасьць 60-70-х, блізкую і зразумелую тым, хто трымае сёньня ў руках уладу. Але кожны дзень прыносіць усё болей сьведчаньняў таго, што Беларусь рухаецца значна далей і глыбей у савецкую мінуўшчыну.

Мэню для палітвязьняў царызму: «А на абед каб быў суп зь ялавічынай і каша з маслам»

Савецкая турэмная сыстэма пасьля зьверстваў сталінізму ўсё ж была значна гуманізаваная, ачалавечаная. Фільмамі Данэлія і Разанава, ідэалізаванымі вобразамі Аніскіна і дзядзькі Сьцёпы савецкім грамадзянам спрабавалі паказаць іншае аблічча сьледчага і міліцыянта — справядлівага, дабрадушнага і чалавечнага. Цяжка сьцьвярджаць, што «сілавікі» ў позьнім СССР цалкам адпавядалі гэтым ідэалам, але ўсё ж пры Хрушчову і Брэжневу яны сталі значна больш мяккімі, як і сама рэпрэсіўная сыстэма.

Як антаганізм ёй савецкім грамадзянам у тыя гады спрабавалі падаць жорсткасьць і бесчалавечнасьць царскага рэжыму, праз засьценкі якога ў свой час прайшло ўсё першае пакаленьне рэвалюцыянэраў, якія ў 1917 захапілі ўладу. Турэмныя старонкі былі ў біяграфіях амаль усіх першых бальшавіцкіх правадыроў і наркомаў — Леніна, Сталіна, Калініна, Дзяржынскага, Варашылава...

Жывучы ў тыя гады і ведаючы гэтую адметнасьць савецкай прапаганды, Мацьвей Максімовіч у сваёй кнізе паспрабаваў параўнаць тыя рэаліі, у якіх апыналіся палітвязьні ў царскіх турмах і ссылках, і ўмовы, у якіх «перавыхоўваліся» «ворагі народу» ў сталінскім СССР. Параўнаньні сапраўды ўражваюць. Мацьвей Максімовіч прыводзіць, напрыклад, такія дэталі.

У вопісе маёмасьці славутай турмы Петрапаўлаўскай крэпасьці ХІХ стагодзьдзя, дзе ў камэрах-адзіночках утрымліваліся найбольш небясьпечныя палітычныя злачынцы, значыліся, напрыклад: 21 штука сталовых срэбных лыжак, 21 умывальнік, 21 матрац з аленевай воўны, паўпуховыя падушкі, пасьцельнай бялізны: навалачак — 120, прасьцінаў — 63, сталовай бялізны — 60 абрусаў і 60 сурвэтак.

Зазначу, што турма Петрапаўлаўскай крэпасьці ўваходзіла ў абавязковую праграму экскурсій савецкіх грамадзянаў у Ленінград: сам пераканаўся ў гэтым у 1978 годзе, калі нас, школьнікаў — пераможцаў геаграфічнай алімпіяды, узнагародзілі такой экскурсіяй. Экскурсавод з трагічным выразам твару расказвала, у якіх нечалавечых умовах трымаў царызм палымяных рэвалюцыянэраў. А нам дазвалялася зайсьці ў камэры. Абрусаў і сурвэтак на сталах там, праўда, на той час ужо не было, а вось матрацы і падушкі на арыштанцкіх ложках памятаю...

Мацьвей Максімовіч таксама цытуе вытрымку з цыркуляра аб забесьпячэньні «ворагаў царскага рэжыму» харчаваньнем. Вязьням належала «падаваць хлеба — у будні чорнага, а іншы раз белага і пытляванага — уволю, а на абед каб быў суп зь ялавічынай і каша з маслам».

У сувязі з харчаваньнем палітвязьняў — успамін дзяцінства. Савецкім школьнікам, як вядома, падрабязна выкладалі біяграфію Леніна. Адзін з эпізодаў — як малады Ільліч зь нявестай Надзеяй быў сасланы царом у Сібір, у Шушанскае. З агульнай карціны пакутаў гераічнага рэвалюцыянэра рэзка кантраставалі некаторыя дэталі. Напрыклад, тое, што Ільліч часта хадзіў на паляваньне, а на абед кухарка нярэдка гатавала маладой сям’і ссыльных дзічыну, рыбу альбо пельмені. (Параўнайце з рэаліямі цяперашняй беларускай ссылкі — «хіміі»).

Каюта Леніна, у якой ён ехаў у ссылку ў сяло Шушанскае

З дапамогай інтэрнэту спраўдзіў цяпер тыя свае дзіцячыя падозраньні і неўразуменьні. І сапраўды, трапіўшы ў Краснаярск на прыватную кватэру з поўным пансіёнам, г. зн. з разнастайным харчаваньнем па 4-5 разоў на дзень і сапраўдным сібірскім мэню (капуста з грыбамі, цяляціна, рыба адварная, пірагі, пельмені, шанежкі, бараніна з кашай) Ленін з захапленьнем пісаў сваякам: «Жыву добра, сталом цалкам задаволены. Пра мінэральную страўнікавую ваду забыў і думаць і, спадзяюся, хутка забуду і яе назву».

Мацьвей Максімовіч на падставе параўнаньня зрабіў такую выснову: «Савецкая пэнітэнцыярная сыстэма, як і сыстэма ГУЛАГу, па сваёй несправядлівасьці, бесчалавечнасьці і вычварэнскай жорсткасьці ў шмат разоў пераўзыходзіць усё тое, што рабілі ў свой час царскія карнікі дзеля абароны самадзяржаўя».

Стваральнікі ГУЛАГу і досьвед царскіх турмаў

Камуністычныя правадыры ведалі толк у царскіх турмах, да драбніц былі знаёмыя з усімі бакамі турэмнага жыцьця і побыту. І калі яны, былыя сядзельцы-рэвалюцыянэры, захапілі ўладу і самі сталі стваральнікамі турмаў і лягераў, то зрабілі своеасаблівыя высновы з уласнага турэмнага досьведу.

Самі яны, калі выходзілі альбо ўцякалі з царскіх засьценкаў, найчасьцей вярталіся да актыўнай палітычнай дзейнасьці. Тыя ж, хто трапляў у створаны гэтымі былымі рэвалюцыянэрамі і палітвязьнямі сталінскі ГУЛАГ, шанцаў на вяртаньне альбо ўвогуле ня мелі, альбо калі і вярталіся, то безнадзейнымі калекамі, спустошанымі і зьнішчанымі маральна.

Лёгіка такая: царызм быў недастаткова жорсткім са сваімі ворагамі — таму і не ўтрымаў уладу. Мы ж учынім такі тэрор, навядзём такога жаху, каб вораг і думаць забыў пра які-небудзь супраціў.

Тыя старыя мэтадычкі зноў запатрабаваныя ў сёньняшняй Беларусі. Іх дасталі са старых сакрэтных архіваў і згодна зь імі на нашых вачах катуюць людзей. Што адметна: выканаўцы знайшліся імгненна.

Ці магло быць іначай? Напэўна. І найперш справа ў тым, што практычна ніхто з тых, хто тады катаваў і аддаваў загады катаваць, хто распрацоўваў інструкцыі і мэтодыкі катаваньняў, не панёс адказнасьці, Ды што адказнасьці — нават ня быў названы па імёнах. Сёньня беларускае грамадзтва разьлічваецца за незасвоены ўрок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)