Сузор’е беларускіх класікаў на невядомым дагэтуль здымку — Купала і Колас, Крапіва і Чорны…

Фота адшукаў у Грузінскім літаратурным музеі беларус Яўген Бандарчык.

Гэты здымак можа стаць пэўнай сенсацыяй, мяркуюць сябры музейнай суполкі Куфар старажытнасцяў. На адшуканым у Грузінскім літаратурным музеі беларускім даследчыкам Яўгенам Бандарчыкам фота можна пабачыць цэлае сузор’е беларускіх і грузінскіх літаратараў.

Якуб Колас і Янка Купала. Справа ад іх сядзяць Беніта Буачыдзэ, Іла Масашвілі і Аляксандр Кутатэлі. За сталом сядзіць старшыня ЦК КПБ Мікалай Гікала.

Пакуль не ўсе ўдзельнікі групавога фота ідэнтыфікаваныя. Уверсе (злева направа) сярод іншых можна пабачыць Міхася Зарэцкага, Петруся Броўку, Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву, Андрэя Александровіча, Ізі Харыка, Міхася Клімковіча, а таксама, нявыключана — Майсея Кульбака і Айзіка Кучара.

Мяркуецца, што фота магло быць зроблена ў кабінеце Гікалы ў 1935 годзе.

У чым сенсацыйнасць гэтага здымка? Найперш тое, што падобны кадр пакуль не ўдалося адшукаць у Беларусі — ні ў архівах, ні ў музеях. Ёсць тут і вялікі трагічны сімвалізм, бо многія з прысутных на тым фота не перажылі хвалю сталінскіх рэпрэсій. Імёны Міхася Зарэцкага, Ізі Харыка і Майсея Кульбака мы згадваем штогод напрыканцы кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца жалобная дата — «Ноч расстраляных паэтаў».

Праз пекла рэпрэсій 1930-х прайшлі Кузьма Чорны і Янка Купала, ахвярай тэрору мог стаць Якуб Колас.

3 кастрычніка 1937-га быў расстраляны грузінскі літаратуразнаўца і крытык Беніта Буачыдзэ.

Абавязкова трэба згадаць і пра лёс чалавека, які сядзіць за сталом. Ураджэнец Адэсы Мікалай Гікала кіраваў кампартыямі Узбекістана, Азербайджана і Беларусі. Лічыцца адным з арганізатараў бальшавіцкага тэрору на Каўказе і палітычных рэпрэсій у Беларусі, а таксама ў Харкаўскай вобласці Украіны. Зрэшты, як гэта было часта ў той змрочны час, Гікала і сам стаў ахвярай тэрору, яго расстралялі ў красавіку 1938-га.

Да слова, існуе фота Купалы ў кампаніі грузінскіх літаратаў, на якім можна пабачыць у тым ліку і Буачыдзэ, Масашвілі і Кутатэлі.

Сядзяць (злева направа) Беніта Буачыдзэ, Раждэн Гветадзэ, Янка купала, Канстанцін Лорткіпанідзэ, стаяць (злева напрва): Іло Масашвілі, Аляксандр Кутатэлі. Фота niamorebi.ge

І некалькі слоў пра Яўгена Бандарчыка.

Як паведамляе «Куфар старажытнасцяў», на рахунку даследчыка дзясяткі добрых спраў на карысць беларушчыны. Сярод іншага, ён адшукаў згублены у свой час з далягляду беларускіх літаратуразнаўцаў рукапіс Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы», выкупіў яго і аддаў на захаванне ў музей гісторыі беларускай літаратуры.

Яўген пераехаў у Грузію, зарабляе на жыццё працай цырульніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)