Общество
Сяргей Балай

Фолк-фэст «Камяніца» чакае канадскіх беларусаў і дзіцячы садок

Арганізатары фестывалю «Камяніца» раскрылі некалькі цікавостак чацвёртага фолк-фэсту, але пакінулі інтрыгу.

Як і тры папярэднія гады, фэст адбудзецца ў музеі народнай архітэктуры і быту ў пасёлку Азярцо. Сёлетняя “Камяніца” абяцае стаць самай працяглай і вялікай ад пачатку існавання фэсту — мерапрыемства разлічана на дзевяць гадзін.

Як і год таму, для тых наведвальнікаў, якія будуць апрануты ў традыцыйную беларускую вопратку, уваход будзе бясплатным.

— Так робяць ва ўсім свеце і важна, калі ствараецца і захоўваецца культурна-этнічны асяродак, — кажа лідар гурту “Палац” Алег Хаменка і ўсміхаецца: – Тым, хто шануе культуру і размаўляе па-беларуску, будзе з кім пагаварыць.

Па словах арганізатараў, на чацвёртым фэсце яны чакаюць любой крытыкі, бо, на іх думку, любыя заўвагі зробяць мерапрыемства толькі лепей.

Новаўвядзеннем сёлетняга фэсту стане аматарская сцэна, да адбору выступоўцаў на якой арганізатары падышлі больш чым сур’ёзна.

— Па-першае, гэта будзе прафесійна зробленая сцэна са сваім святлом і гукам, таму і адбор да ўдзелу вельмі грунтоўны, — адзначыла член журы спявачка Руся. — Мне цікава браць удзел у адборы аматарскіх удзельнікаў фэсту таксама таму, што я сама паглыблена занялася традыцыйным фальклорам. Мы чакаем традыцыйныя абрадавыя і фолкавыя гурты, і гэта будзе не “цячэ вада ў ярок”. Напрыклад, да нас едзе калектыў дзіцячага садка з гомельскай вобласці і для гэтых дзетак удзел у “Камяніцы” – галоўная падзея года. Прыедзе гурт з канадскіх беларусаў “Яваровы людзі”.

Па словах арганізатараў, сёлетні фэст яшчэ больш паглыбіцца ў этнічным кантэксце.

— Мы імкнёмся паглыбіць этнічны змест фестывалю, таму запрошаны ў якасці госця гурт “Іван Купала” найлепей ўпісваецца ў фолкавую канцэпцыю фэсту, — адзначыў Сяргей Чагрынец. – Таксама будзе працаваць фотавыстава двух фатографаў, рыцарскі клуб, які будзе ствараць сярэднявечны асяродак, традыцыйная кухня і спецыяльная зона гандлю, дзе ўсе будуць апранутыя адпаведна канцэпцыі фэсту.

Арганізатары плануюць прэзентаваць пастаноўку з выкарыстаннем рэканструяванай нацыянальнай вопраткі.

— Усе карты раскрываць я не буду, каб маленькая інтрыга заставалася, але цікавостак хопіць, — адзначыў прадстаўнік “Новага альянсу” і “Камяніцы” Сяргей Чагрынец.

— Мы ставім задачу прасоўвання музея і фэсту як турыстычнага аб’екту, — падкрэсліла дырэктар музея Святлана Лакатко. — Таксама мы бачым што галоўны наведвальнік “Камяніцы” – гэта сем’і. Добра, што ім сталі цікавіцца і турыстычныя фірмы.

Па словах арганізатараў, продаж піва будзе ажыццяўляцца не бліжэй за 500 метраў ад месца правядзення фестывалю, а вось пакаштаваць традыцыйныя беларускія прысмакі можна будзе шмат дзе.

Што датычыць музычнай часткі, то аматары фолку пачуюць гурты “Ліцвіны”, “Крамбамбуля”, “Folk Roll і Насту Някрасаву”, “Pawa”, “Relikt”, “Irdorath” i “Silver Sky”. Адмысловым госцем стане рускі фолк-гурт “Іван Купала”.

— Мы не хацелі б паўтарацца, таму адбіралі ўдзельнікаў асноўнай сцэны зыходзячы з пэўнага крытэру, – адзначыў Алег Хаменка. – На папярэдніх фестывалях быў “Палац”, а сёлета вы нас не пабачыце. Выканаўцы, якія сёлета і год таму – гэта тыя, што звярнуліся да нацыянальных традыцый, пераасэнсавалі іх і жадаюць прэзентаваць гледачам свой новы погляд. На жаль, каманд, што граюць фолк у тым ці іншым выглядзе ў нас не так шмат. На чацвёртым фестывалі мы падышлі да моманту, калі будуць паўторы, якіх мы імкнёмся пазбегнуць. Але есць каманды, якія год ці два таму фальклорнымі нават ніхто і не ўяўляў. Спадзяюся што гэта тэндэнцыя будзе і надалей.

Амаль дзевяць гадзін фолку – самы вялікі фэст у гісторыі. “Вольнае паветра” – эксперыментальны фестываль новага этна і частка твораў будзе перагукацца з нашым фестывалям. Галоўнае наша памкненне, каб вы прышлі на фэст і атрымалі ад яго яшчэ больш, чым чакалі.

Дата правядзення : 15 верасня

Пачатак: а 12-й

Месца правядзення: Музей народнай архітэктуры і быту ў пасёлку Азярцо. Дабрацца можна будзе як на бясплатным аўтобусе, так і маршрутным транспартам.

Кошт квіткоў: 25 тысяч беларускіх рублёў для дарослых, 12,5 тысяч для дзяцей. Для тых наведвальнікаў, якія будуць апрануты ў традыцыйную беларускую вопратку, уваход будзе бясплатным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)